Трывожнае шчасце, частка 5
ж ведаеш, жанчына веруючая, дык ёй шкада стала яго. Адзін ляжаў, і ніхто да яго не прыходзіў. Адна яна часам сядзела. «Няхай, кажа, ён паліцай, але ж праваслаўны чалавек, крыжык на шыі насіў... » Дык вось, слухай... Кал і немцы вытурылі ўсіх з бальніцы, прыйшла яна на другі дзень дапамагчы парадак навесці... «Пытаюся, кажа, дзе Фядос — паліцай гэты».— «У маёй хаце,— доктарка адказала.— Так немцы загадалі». Пайшла Куліна туды... «Ляжыць, кажа, у пакойчыку, дзе сын доктаркін жыў... забінтаваны гэтак жа, крыжык на шыі... А глянула я, кажа, і ледзь не самлела: не той чалавек ляжыць... Другі, маладзейшы, ростам ніжэй... Павярнулася, кажа, я, а на парозе Марыя Сяргееўна стаіць і так глядзіць, кажа, на мяне, так глядзіць, што страшна зрабілася... Я слова, кажа, не сказала, і яна таксама... »Саша адчула, як моцна загрукала сэрца, як гэты грукат запаўняў грудзі, сціскаў дыханне.— Больш Куліна не пайшла туды. А да мяне прыбегла, каб параіцца, ці трэба ёй хадзіць у бальніцу... Я параіла: хадзі, але пра гэта — нікому ні слова. «Ды што я, кажа, маленькая, дзякуй Богу, пяцьдзесят шосты гадок на свеце жыву». Я табе, Шурачка, нічога гэтага не расказвала б, цяпер пра такое лепш маўчаць... каб, ведаеш, чаго яна мне не сказала? «Ты знаеш, кажа, Ганна, што вельмі ж ён мне здаўся падобны на чалавека Шурынага, доктаркі той, што ў цябе кватаравала. Вочы,Саша ўскрыкнула...У той жа дзень адбыліся іншыя падзеі.У акупацыі людзі навучыліся маўчаць, і маўчанне вельмі высока цанілася, асабліва тое, якое асцерагала, ратавала наших людзей. Між іншым, чым больш было маўчання, тым даражэй рабіліся словы, тым большай была іх сіла — слоў праўды.Але заўсёды знаходзяцца людзі, якім лягчэй, здаецца, памерці, чым стрымаць язык за зубамі.Адна старая суседка, якая любіла, пакуль нявестка спіць, зазірнуць у кублы (нейкія тры курачкі трымалі на вышках, хавалі ад немцаў, ласых да кураціны), праз шчыліну ў дзіравай страсе бачыла, як нейкі незнаёмы прабіраўся да двара Траянавых. Вельмі хутка ён выскачыў адтуль назад і, нахіліўшыся, пабег да лесу, а неўзабаве на гарод выбегла Саша і закрычала: «Пеця!» Але яе дагнаў муж (бязногі, а бег, як на чатырох), паваліў у бульбе і пачаў душыць... А пасля да іх падбег Данік. Яны мірна параіліся, і брат з сястрой пайшлі ў лес.Старую вельмі заінтрыгавала ўсё гэта. Яна не расказала нічоганявестцы, жанчыне разумнай і асцярожнай, якую не любіла. Але пад «вялікім сакрэтам» перадала другой старой. А тая — сваёй дачцэ, а дачка — сяброўцы, той самай даваеннай удаве — палюбоўніцы Гусева, з дапамогай якой ён трохі не схапіў Пятра.Гусеў ажно скалануўся ўвесь, калі пачуў пра гэта. Пра ганебнае раззбраенне, пра страх, які перажыў, калі партызан палажыў яго ў разору, ніхто не ведаў. Лізавеце ён сказау:«Гаўкнеш каму — галаву скручу». Але ўсё адно здавалася, што ведаюць усе — паліцэйскія, сяло. Смяюцца за яго стной. Ён хадзіў больш звычайнага падазроны, асцярожны і злосны, як сабака. Нікому не верыў, нават ёй, сваёй палюбоўніцы. Нічога нікому не кажучы, рашаў задачу з многімі невядомымі: выпадкова партызан трапіў у сяло ці не? З якой мэтай прыходзіў? Да каго?I раптам — такое паведамленне... Можна было не сумнявацца, што той, што заходзіў на світанні да Траянавых, і той, што нечакана апынуўся ў Лізавецінай хаце,— адзін чалавек. Але што яму трэба было ў Траянавых? Чаму за ім бегла жонка кульгавага? Зрабіць які-небудзь лагічны вывад Гусеў сваім прапітым розумам не здолеў. Але яшчэ больш насцярожыўся, калі даведаўся, што Шапятовіч «пайшоў у Буду рамантаваць царкву». Загадаў сваім падначаленым не спускаць з хаты Траянавых вачэй. «Добранькія яны, працавітыя, ціхія, але ў ціхім балоце чэрці водзяцца».