Трывожнае шчасце, частка 5

Падышлі два салдаты. Сталі за тры крокі і пачалі пільна назіраць, як яна мые. Саша адчула, як халадзее яе спіна. Чаму яны глядзяць так доўга і пільна? Што іх зацікавіла? Нарэшце адзін наблізіўся, памачыў руку ў мыльнай бруднай пене, правёў ёю Сашы па твары. I абодва весела зарагаталі.Саша ўся задрыжала. О, як хацелася ўзяць намыленую прасціну і пляснуць у адказ яму па твары! Як яна ненавідзела іх! Але Саша перамагла сваю нянавісць, падняла галаву, выцерла твар рагом хусткі і... прыветліва ўсміхнулася.— О , гут, гут,— ухваліў другі, старэйшы.Калі яны адышлі, буйныя слёзы крыўды і абразы закапалі ў карыта, у мыльную пену. Абраза, здзек не скончыліся на гэтым. Хутка салдаты прынеслі ёй кучу брудных анучак, споднікаў і паказалі жэстамі, каб яна памыла. Яна мыла і праз слёзы не бачыла свету.Але ўсё адразу забылася, як толькі Марыя Сяргееўна выйшла з амбулаторыі, несучы ў ручніку гарачы стэрылізатар, і паклікала яе. Што ўсе гэтыя крыўды, калі яна зноў убачыць Пецю, дапаможа яму! Каб ратаваць яго, яна вытрывае ўсё! Аднак у яе доўга дрыжалі рукі, і Марыі Сяргееўне прыйшлося чакаць, пакуль яна супакоіцца.— Набярыся сілы. У нашых умовах гэта нялёгка, але ў цябе ўмелыя рукі, я помню. Я веру тваім рукам. Пачнём з малой дозы.Марыя Сяргееўна скінула правы рукаў сукенкі і лягла на ложак побач з раненым, рука ў руку. Саша моцна пераціснула яе руку. Урач пачала варушыць пальцамі, напаўняючы вену, і адначасова кіравала аперацыяй:— Знайдзі яго вену. Вось так. Бачыш? Супакоілася? Пачалі. Адпускай жгут.Сапраўды, Саша зрабіла ўсё спрытна і ўмела. Кроў урача ўлілася ў жылы раненага, каб напоўніць страчаную ім кроў і прынесці новыя сілы для змагання са смерцю.Збялелая Марыя Сяргееўна выцерла рукавом халата халодны пот з ілба і пахваліла «асістэнтку»:— Малайчына!Увечары зрабілі другое пераліванне.I да Пятра вярнулася прытомнасць. Ён свядома глянуў на навакольны свет. Убачыў Сашу, здзівіўся:— Саша? — і пакутліва, з болем, успамінаючы нешта, спытаў: — Дзе я?Сашыны слёзы закапалі яму на твар.— Пеця! Дурненькі мой. Я табе ўсё растлумачу. Ачуньвай хутчэй. I нічога дрэннага не думай...Марыя Сяргееўна адхіліла яе, каб, выкарыстаўшы хвіліну прытомнасці, сказаць самае галоўнае:— Ты ў бальніцы, мой друг. Але ты — не ты. Разумеет? Ты — паліцэйскі Букаты. Фядос Букаты. Зразумеў? Так трэба. Побач немцы.Ледзь чутным шэптам ён спытаў:— Вы — маці Сені?Марыя Сяргееўна нахілілася над ім ніжэй.— Дзе Сеня?— Там,— паказаў ён вачамі ў прастор, і павекі яго апусціліся. Сашы хацелася, каб ён зноў звярнуўся да яе і каб у вачах ягоадбілася не толькі здзіўленне, але і радасць. Але ён нібы забыўся на яе. I ёй зрабілася балюча. Абедзве жанчыны напружана чакалі, што ён скажа яшчэ. Але ён маўчаў і не расплюшчваў вачэй. Здавалася, заснуў. Марыя Сяргееўна кіўнула Сашы, і яны на пальчыках выйшлі з пакоя. У калідоры Саша ўсхліпнула. Марыя Сяргееўна моўчкі выцерла ёй вочы марлевай касынкай.— За працу, мой друг.На другі дзень Саша зноў мыла, дэзінфіцыравала ложкі, тумбачкі, посуд. На кульгавым кані завозіла бальнічныя рэчы ў барак МТС, дзе наводзілі парадак іншыя жанчыны.У яе ледзь не выскачыла сэрца, калі яна ўбачыла, што обер-лейтэнант і Марыя Сяргееўна пайшлі ў хату, дзе ляжаў Пеця. Пасля ўрач расказала. Афіцэр сустрэў яе і нечакана праявіў клопат:— О, вы хворая, фрау Марыя! У вас вельмі бледны твар.Каб не пераконваць яго, што адчувае сябе добра, яна