Трывожнае шчасце, частка 5
— Што там у нас яшчэ?— Яшчэ? Яшчэ я скажу ім прыемнае. Не думайце, што толькі патрабуюць ад вас. Даюць і вам. Савецкая ўлада — яна добрая! — Рабіновіч дастаў еа сваёй сумкі новыя паперкі.— Вось. Райвыканком выдзеліў вам дзве тоны — дзве тоны! — ячменю для насельніцтва...Пятра шчыра ўзрадавала гэтае паведамленне, ён адразу прыкінуў, колькі сямей можна падтрымаць у гэтыя цяжкія вясновыя дні. А калі ячмень добры, то людзі могуць пасеяць на гародах. У Панаса таксама пасвятлеў яго чорны ад прыроды і ад трактарнай ды танкавай копаці твар.— I яшчэ. Па лініі ЮНРА прыйшла нейкая адзежына. Багатыя амерыканцы ахвяруюць няшчаснай Еўропе свае неданоскі.— Абрам Навумавіч грэбліва паморшчыўся: відаць, бачыў ужо гэтыя неданоскі.— Вам таксама перапала сёе-тое. Вось. Абутку — семдзесят пар...Рабіновіч пачаў чытаць спіс. I ўсе зацікаўлена наблізіліся да стала, каб самім заглянуць у гэты спіс. Што ж, не грэх прыняць і такую дапамогу. Пакуль яны там багацелі на вайне, мы ваявалі: гінулі, хавалі блізкіх, галадалі, даношвалі тое, што набірала наша не вельмі багатая яшчэ лёгкая прамысловасць за кароткі мірны час, выйшлі з вайны разутыя і раздзетыя.I раптам, калі ўсе былі заняты пералікам кофтачак і штаноў, ужо зусім нечаканае:— Грамыка! Здайце пісталет!Панас адскочыў ад стала, і твар яго адразу збялеў. Булатаў, здавалася, глядзеў у акно, быццам і не ён гэта сказаў, а нейкі нябачны прывід.— Які пісталет?— Які вы прывезлі з арміі. Нямецкі.— Няма ў мяне ніякага пісталета.— А мы маем даныя, што пісталет у вас ёсць.— На чорта ён мне! З жонкай ваяваць, ці што? Ці дзяцей забаўляць?Булатаў крута павярнуўся:— Няма?— Таварыш Булатаў, я ж не дзіцёнак. Я дарослы чалавек!— Добра. Паверым, што няма ў вас пісталета.— I зноў адвярнуўся да акна.З сельсавета Пятро і Панас выйшлі разам і, не змаўляючыся, пайшлі да рэчкі. Мабыць, абодвум хацелася пагаварыць. Паабапал — як вокам кінуць — прасторы залітых вадой лугоў. Спыніліся на грэблі каля моста. Дзень быў халодны, ветраны. Пясчаны насып сярдзіта лізалі хвалі.— А пісталет у мяне ёсць,— з не меншай нечаканасцю, чым былі словы капітана, прызнаўся Панас.— Толькі не нямецкі — амерыканскі. А запытай — на якое ён ліха мне? Усе мы, як дзеці, любім цацкі. Вось і я прывёз цацку — на памяць. А каму яна патрэбна, такая памяць? Хочу забыць хутчэй пра яе, вайну, будзь яна проклята, а пісталет хаваю. Хіба не дурань?— Чаму ж ты не прызнаўся?— Гэтаму! Ты бачыў яго метад? Каб ён па-чалавечы — чаму не прызнацца? А так — падумаў: прымусіць пісаць тлумачэнне — дзе ўзяў, чаму адразу не здаў? А што я напішу? Што пасля добрай выпіўкі мне падарыў яго амерыканскі лейтэнант! I я, дурань, вырашыў захаваць на памяць? Такі, брат, вартавы дзяржбяспекі прышые табе дзела, ды і не адно: за сувязь з амерыканцамі... Даказвай пасля, што сустракаліся мы цэлай танкавай брыгадай з іх танкавай дывізіяй... За незаконнае трыманне зброі... за што хочаш...Памаўчалі.— Прыйдзецца ўтапіць у віры гэтую «памяць». I зноў пасля паўзы:— Але хацеў бы я ведаць, якая падла данесла? Акрамя жонкі, ніводзін чалавек не ведаў. Грышка, парасё, відаць, падгледзеў і некаму пахваліўся.Пятро стаяў, глядзеў на свінцовую ваду і думаў: чаму чалавек гэты так шчыра прызнаецца? Навошта яму, сакратару, ведаць пра яго пісталет? Не хапала яшчэ клопату: хаваць чужую тайну. I ад каго? Ад савецкіх органаў. А калі — крыи божа! — той, хто напісаў першы данос, напіша другі? Што тады можа падумаць Панас пра яго, каму ён даверыў сваю тайну? А можа, знарок правярае? Фу, чорт, мімаволі зробішся падазроным! Нельга ж жыць, калі не верыш у чалавечую шчырасць!