Глыбокая плынь, частка 1
Палагея неяк адвярнулася ад яе ў гэтыя цяжкія дні і была больш заклапочана разбуранай гаспадаркай, чым хворым унукам, да якога яна была такая ласкавая раней. Мачыха была руплівай, але прагнай гаспадыняй, увесь час ёй хацелася, каб у яе ўсяго было больш, чым у людзей.— Добрыя людзі гаспадаркай заводзяцца, а ў нас апошняе гіне, — штодня пасля наведвання гітлераўцаў уткала яна Карпа. — Хутка жабракамі станем. Кайстру вешаць давядзецца.Карп маўчаў. Але аднойчы не вытрымаў і ён. Увесь вечар Палагея «піліла» яго за тое, што ён не ідзе да старасты і не папросіць, каб і да іх прымацавалі каня.— Мы ж таксама гаспадарка, і нам жа трэба сеяць, трэба дровы вазіць. А на чым? Мяне запражэш, ці што?! — крычала яна. — Няхай сем двароў на каня, і то раз у сем дзён можна ўзяць. Усе бяруць, адны мы... Быццам камуністы мы, ці што?Пры апошніх словах яе Карп уздрыгнуў, хутка адвярнуўся ад акна і праз хату пайшоў да жонкі. Яна спалохана змоўкла.— Так, камуністы... Я — камуніст, — цвёрда сказаў ён, спыніўшыся каля яе. — А ты не ведала? I не пайду... Кроў людзей нашых ільецца, а ты — багацець. — Ён памаўчаў, цяжка дыхаючы, а потым злосна дадаў: — Эх, ДУра!Спалоханая Палагея не вымавіла ніводнага слова і некалькі хвілін стаяла з адкрытым ад здзіўлення ротам. Словы мужа аглушылі яе. Яна не ведала, як разумець іх.«А можа, сапраўды ён камуніст? Тайны... Чаму ён не спіць цалюткімі начамі?» — падумала яна і з таго дня начала менш гаварыць, а больш употайкі сачыць за мужам і падчаркай.Тацяну гэты выпадак канчаткова пераканаў, што бацьку можна даверыць усё.Стары сапраўды не спаў усе ночы, пакуль быў хворы Віктар. Ён нават не распранаўся і не лажыўся, а ўсю ноч сядзеў каля стала і, паклаўшы галаву на рукі, драмаў ці выходзіў на двор і выкурваў адну цыгарку за другой.Часам ён падыходзіў да дачкі і ціха гаварыў:— Ты адпачні, дачушка. Я пасяджу, — і садзіўся каля калыскі. Таня лажылася на канапу, засынала, але праз гадзіну-дзве прасыналася.— Спі, спі, Танюша, — шаптаў бацька. заўсёды ён быў вельмі скупы на словы, асабліва на словы ласкавыя, і на першы погляд здаваўся суровым. Але Таня добра ведала свайго бацьку, яго шчырае сэрца. Яна бачыла, што ён пакутуе ад таго, што не можа выказаць свае пяшчотныя думкі. Яна пачала шукаць выпадку, каб усё шчыра расказаць яму. Нарэшце аднойчы, калі ён падышоў пасярод ночы і прапанаваў ёй легчы, яна не вытрымала і са слязамі кінулася да бацькі.— Тата, татачка... Даруйце мне... Мне сорамна... Я зманіла вам. Гэта не мае дзіця...Але ў гэтую хвіліну заварочалася на ложку мачыха.— Цішэй, — зашаптаў Карп. — Не трэба... Я ведаю. Ён і не верыў, што гэта яе дзіця, і ўвесь час быўупэўнены, што рана ці позна дачка прызнаецца яму. Цяпер яму стала радасна, што не памыліўся. Адразу стала лягчэй на душы і ў Тацяны. Палагея падняла галаву і сонным голасам прахрыпела:— Клаўся б ты, стары, спаць. Начнікі вы! Самі не спіце і другім перашкаджаеце.Ей ніхто не адказаў.Карп Маеўскі выйшаў на двор і прасядзеў там да світання, думаючы аб жыцці. Думкі былі розныя. Пры ўспамінах твар яго часта асвятляла радасная усмешка: у недалёкім мінулым многа было шчаслівага. Вырасталі дзеці. Адзін з іх стаў геолагам і перад вайной працаваў дзесьці на Урале. Старэйшая дачка шчасліва жыла ў суседнім калгасе. А вось гэтая, малодшая, якая цяпер начамі сядзіць над чужым дзіцем, вывучылася на настаўніцу. Сам ён быў усімі паважаны калгасны пчалавод і сталяр. Амаль увесь раён ведаў яго. А мінулай вясной нават запрасілі выкладаць на раённых курсах маладых пчалаводаў. Праўда, толькі вось ажаніўся ён другі раз неяк нечакана і няўдала і праз гэта палаяўся з дзецьмі.