Глыбокая плынь, частка 1
— Дык што ж ён, па-вашаму, з неба зваліўся, ці што? — раззлавалася Таня на ўпартую старую.— Не з неба... Пры чым тут неба? Тады то ён быў, як ляжаў з табой, а потым, а потым свіснуў і — памінай чым звалі...Тацяна аслупянела на месцы, ураз пабялела, не могучы вымавіць слова. Гэта была страшная абраза, аб якой яна раней і не падумала. Цяпер толькі, пасля слоў цёткі, яна ўцяміла, што так, магчыма, думаюць многія, у тым ліку і бацька, і ёй зрабілася сорамна і крыўдна. Захацелася расказаць усім праўду, пераканаць гэтых недаверлівых людзей, давесці, што яна чыстая, як дзіця. Але як сказаць пра гэта? Яна доўга шырока расплюшчанымі вачыма глядзела на цётку. Хрысціна нават спалохалася яе позірку і паспрабавала апраўдацца:— Ды я пажартавала... Чаго ты анямела?!.— Як вы маглі падумаць такое? — прашаптала, задыхаючыся, Тацяна, а потым крыкнула: — Як не сорамна вам! Ды, нарэшце, якая справа вам да мяне! Пайшлі вы ўсе...Яна не скончыла і, злосна стукнуўшы дзвярамі, выскачыла з хаты, з Віцем на руках, пайшла ў сад, а праз сад — у поле.Абраза балюча пякла сэрца. Дзяўчына задыхалася ад гневу і сораму. Не хапала сіл супакоіць сябе. Яна доўга ішла так па зжатаму полю, забыўшыся на ўсё і нічога не заўважаючы навокал сябе. Толькі плач дзіцяці вярнуў яе да рэчаіснасці. Яна паглядзела на хлопчыка і заплакала разам з ім, і ад гэтага ёй стала лягчэй.«Няхай думаюць што хочуць!.. Чаго я, дурная, расплакалася? Усё гэта глупства. Няхай гавораць што хочуць! А мы не будзем звяртаць увагі. Так, сынок?»I пасля гэтага яна пачала часцей сустракацца з жанчынамі і пачула ад іх шмат жудасных навін.У адным месцы немцы расстралялі на шашы калону нашых ваеннапалонных, у другім — стварылі нейкі страшэнны лагер, за Рэчыцай — спалілі вёску і расстралялі ўсіх жыхароў, а ў Гомелі — звезлі ўсіх яўрэяў у адно месца і мораць іх голадам, бесчалавечна здзекваюцца.— I кажуць, бабанькі, што гэтыя няшчасныя ад голаду кідаюцца на калючы дрот, лезуць на штыкі вартавых, — расказвала адна жанчына.— Што гэта творыцца на белым свеце? — перабівала першую жанчыну другая і цяжка ўздыхала. — Не людзі, а звяры нейкія. А яшчэ крычаць, што яны культурный. Дзе ж іх культура?У размову ўмешвалася цётка Хрысціна.— Дзе культура іх? Ты не бачыш яе, ці што? Ды гэта ж і ёсць культура іхняя. Воўчая„. Воўчая ў іх культура._— Хутчэй бы вярталіся нашы. Адступілі, і хопіць. Колькі ж можна адступаць? Пара б канчаць ужо гэтага ірада, — гаварыла старая Сцепаніда, маці трох сыноў — камандзіраў Чырвонай Арміі.— Вельмі рана ты, Сцепаніда, пачала чакаць сваіх сыноў, — усміхнулася Палагея. — Кажуць, немцы Маскву забралі.— Ціпун табе на язык, балбатуха ты гэтакая! Не бачыць ім Масквы, як уласнай патыліцы, — абуралася Сцепаніда і з пашанай звярталася да Тацяны: — Праўда, хрэсніца?— Праўда, — адказвала Таня.Бесклапотнасць, з якой яна пражыла некалькі дзён, згінула над уплывам гэтых апавяданняў. Зноў успомніўся пакутны шлях, расстрэл людзей, жудаснае здарэнне ў лесе. Яна ўбачыла і адчула, якая страшэнная небяспека штодзённа, штохвілінна вісіць над людзьмі і кожную хвіліну можа абваліцца на галовы жанчын, дзяцей, старых так, як абвальвалася яна цяжкімі бомбамі там, на дарогах адступлення. Яна стала баяцца за жыццё гэтага маленькага, чорнагаловага чалавечка, які хапаў ручкамі яе за косы, за вушы, за нос і радасна смяяўся, зморшчыўшы свой пухнаты тварык.