Глыбокая плынь, частка 1
III Ішоў другі месяц, як началося жыццё ў няволі.Было яно трывожнае, напоўненае чаканнем чагосьці жудаснага. Людзі былі аглушаны гэтым раптоўным няшчасцем і хадзілі, як прыгавораныя да смерці, — маўклівыя, панурыя. Праўда, страшных падзей у вёсцы не здарылася. Фронт аддаліўся, не крануўшы сваім агнявым подыхам вёску. Немцы наведаліся два-тры разы, паставілі старасту, забралі многа качак, курэй, некалькі кароў і загадалі сабраць з калгаснага поля ўраджай і ссыпаць у калгасны свіран. Але большасць сабранага хлеба калгаснікі ціха падзялілі паміж сабой на працадні і закапалі. Стараста не супярэчыў гэтаму. Старастам быў пастаўлен упарты аднаасобнік Ларывон Бугай, вельмі маўклівы і непрыкметны чалавек. Аб ім, адзіным аднаасобніку ў сельсавеце, нават забывалі. А калі ўспаміналі, гаварылі: «Дзіўны чалавек», — і пачыналі ўспамінаць, калі, хто і якое слова чуў ад яго.З"явіўся ў вёсцы і першы паліцэйскі. Гэта быў таксама аднавясковец, Міцька Заяц, які да вайны паспрабаваў не адну спецыяльнасць, і адусюль яго выганялі за п"янкі і хуліганства. У вёсцы яго не любілі і баяліся. Ён быў вялізнага росту, меў пудовыя кулакі і, расказвалі, калісь адным ударам кулака забіў каня.Заяц паспрабаваў навесці «новы парадак», але яго спаілі, і ён два тыдні піў не прасыпаючыся. А за гэтыя два тыдні, ажыўшы пасля раптоўнага ўдару, народ пачаў дзейнічаць. Нават трактар і камбайн, якія засталіся стаяць на калгасным полі, у адну ноч раптам кудысьці зніклі. Куды — ніхто не ведаў. Веска пачала жыць падвойным жыццём: дзённым і начным...Але нічога гэтага не зауважала Тацяна ў першыя дні свайго жыцця дома. Было не да гэтага.Хварэла дзіця, і яна ўвесь час, дзень і ноч, аддавала яму, жыла клопатамі аб ім і ўсё болып дзівілася, як гэта раней яна магла жыць без яго, без гэтага маленькага, смешнага, крыклівага стварэння. Праз які тыдзень яна так увайшла ў ролю маці, што ўжо ні ў кога болып не выклікала ніякіх сумненняў.Але часам яе апаноўваў страх, такі ж, які перажывалі ў тыя суровыя дні ўсе маці за сваіх дзяцей. Гэта звычайна здаралася ўначы, калі маленькі Віктар спаў, а ёй не спалася. Але ўсё гэта знікала, калі Віктар абуджаўся. Яна пачынала калыхаць яго, спяваць яму пяшчотныя наіўныя песні-калыханкі без сэнсу, нават без слоў. Удзень яна купала яго, мыла пялёнкі, сарочачкі, выходзіла з ім гуляць у сад, на рэчку. Нават хадзіла ў лес, не думаючы ні аб якой небяспецы. Толькі з аднавяскоўцамі пазбягала сустракацца. Яны надакучалі роспытамі і вымушалі хлусіць, а ад гэтага адразу рабілася балюча, рассыпаліся ілюзіі і ўспаміналася ўсё: і шлях, і разарваныя бомбамі людзі, і гэтае лясное паляванне на жанчыну. Праўда, усе гэтыя цёткі, хросныя мамкі часта наведвалі знарок, каб паглядзець толькі на яе сына, распытаць аб мужу. А гэта было самым цяжкім для яе: уявіць бацьку хлопчыка і расказачь аб ім другім. Яна не любіла гэтых роспытаў і, каб спыніць іх, пачынала кпіць са старых і нават крыху грубіла ім. Асабліва не злюбіла яна старэйшую сястру нябожчыцы маці, надакучлівую і вельмі цікаўную цётку Хрысціну. Яна не адставала ад Тацяны з роспытамі, а потым аднойчы сказала:— Ты, дзеўка, нос не вельмі задзірай. Ведаеш, што я скажу табе?Таня насмешліва прыжмурылася.— А што, цётка Хрысця?— Нікога ў цябе няма. У сё ты хлусіш, ды і сама загаварваешся ўжо. Ніякага бацькі ў яго няма...— Як гэта няма?— Ды так, няма — і ўсё.