Глыбокая плынь, частка 1
— Мама! Мамачка!.. Што ж гэта яны зрабілі з табой? Родная мая... У-у, каты! — ён цяжка застагнаў, а потым падняў галаву, запалёнымі вачыма паглядзеў на прысутных.— Дзядзька Карп! Дзед Навум, Таня! Што яны зрабілі, а? Завошта? Мама, бабуля...Ён раптам падхапіўся, азірнуўся навокал.— А Сярожа? А Ленка дзе? Дзе яны! — I шпарка пайшоў у пярэдні пакой. I адразу ж адтуль пачуўся яго стогн, цяжкі, абпякаючы сэрца.У пярэднім пакоі на ложку ляжаў Сярожа, адкінуўшы галоўку і звесіўшы руку.Жэня нахіліўся і моўчкі пацалаваў брата, а потым доўга-доўга глядзеў у яго бледны тварык з расплюшчанымі вачыма, у якіх застылі здзіўленне і жах.У хату заходзілі суседзі. Плакалі жанчыны, дзеці. Сурова маўчалі мужчыны.Тацяна стаяла, прытуліўшыся да сцяны, і доўга нічога не чула, не бачыла.Карп Маеўскі і барадаты партызан перанеслі труп Ганны і бабулі ў пярэдні пакой, паклалі на ўслоны.Жэня ўбачыў маці і зноў устрапянуўся, выйшаў з стану цяжкога здранцвення, што апанавала яго на некалькі хвілін.— А Ленка дзе? Лена!..Барадаты партызан раптам заўважыў кроў на падлозе: частыя кроплі крыві ад ложка да дзвярэй. Ён кінуўся ў кухню і заглянуў пад печ. Ленка ляжала там непрытомная, але жывая. Відаць, забойцы вельмі спяшаліся: куля легка раніла яе ў левае плячо. Дзяўчынка страціла прытомнасць ад страты крыві і холаду.Жэня схапіў яе на рукі, пачаў цалаваць.— Яна жывая, жывая... Перавяжыце яе!..Люба скінула кажух, узяла дзяўчынку, загарнула яе і панесла ў сваю хату.Жэня застаўся стаяць пасярод хаты ў расшпіленым кажуху, без шапкі. Вочы яго гарэлі, зубы былі сціснуты і ўвесь твар перакошаны ад вялікага душэўнага болю. Рука нервова сціскала ручку гранаты, што была ў яго за поясам.Тацяна раптам заўважыла, што ў яго белыя скроні. «Пасівеў», — уздрыгнула яна і хутка падышла да яго, дакранулася да пляча.— Жэня.Ён зняў руку з гранаты, пільна паглядзеў на дзяўчыну.— Я вінаваты... я. Разумееш? Колькі разоў мне казаў Павел Сцяпанавіч, каб я не хадзіў у сваю вёску. А я... я думаў і не паслухаў яго. Што я нарабіў? Мама! Браток мой! Сярожа!.. Дарагія мае, — ён закрыў твар абедзвюма рукамі і, хістаючыся, пайшоў у пярэдні пакой.У гэты момант нехта прынёс у хату жудасную навіну: у вёсцы яшчэ знішчаны тры сям"і — Івана Маеўскага, старасты Ларывона Бугая і забіта старая Зайчук.Жэня пачуў гэта і выпраміўся, паглядзеў на людзей, якіх набралася поўная хата. Ён убачыў, як плача старая жанчына, а поплеч яе — дзяўчынка год дзесяці, і падняў руку, сціснуў кулак.— Не плачце! Чуеце! Не плачце! Не трэба плакаць. Біць іх трэба! Біць гэтых праклятых звяроў. Жылы рваць!.. Агнём паліць, каб і духу іх не было на нашай зямлі. За кожнага нашага чалавека — сотню фашыстаў, — ён павярнуўся да забітых, панізіў голас: — Клянуся табе, мама, клянуся табе, брат, і табе, бабуля... Княнуся вам...Больш ён не мог гаварыць — прарваліся цяжкія рыданні, і ён зноў закрыў твар рукамі.Да яго падышоў барадаты партызан....Гітлераўцы разлічвалі, што начное забойства страшэнна ўразіць людзей, аглушыць іх: людзі зразумеюць, што такі лёс чакае кожнага, хто звяжацца з партызанамі, хто паспрабуе замахнуцца на «новы парадак», і зробяцца пакорлівымі авечкамі.Сапраўды, усе — і дзіця і старэнькая бабуля — зразумелі, якая страшэнная небяспека штодня і штоночы вісіць над кожным чалавекам. Бо ў каго сын не ў Чырвонай Арміі? У каго зяць, як у Івана Маеўскага, не быў настаўнікам, раённым работнікам, брыгадзірам, актывістам? У каго дачка, як у старой Зайчук, не фельчар ці не ўрач? Хто не хварэў душою за сваю родную савецкую ўладу? Няма такіх людзей! Няма, калі не лічыць гэтага п"яніцу і злодзея Міцьку Зайца. Раней, да гэтага забойства, людзі маглі б яшчэ назваць старасту Ларывона Бугая. Але, відаць, усе памыляліся ў ім. Мабыць, не такім чалавекам ён быў, калі фашысты параўналі яго з Лубянам.