Глыбокая плынь, частка 1
XIV Тацяна прачнулася ад нейкага жудаснага сну (пасля яна не памятала, што іменна ёй снілася) і, як заўсёды, кінулася да калыскі. Хлопчык спаў спакойна. Яна пачула гэта па яго знаёмаму роўнаму дыханию. Супакоіўшыся, яна села на ложак і задумалася. Рытмічна цікаў будзільнік: храпела на печы Палагея. Мурлыкаў кот:— Мур-р-р... мур-р-р...Было цёпла і ўтульна ў хаце. I страшна было падумаць, што ў гэтую марозную студзеньскую ноч людзі ляжаць у полі, у лесе, зарыўшыся ў калючы снег. Яна падумала аб байцах на фронце, аб партызанах. «Дзе цяпер Жэнька? Дзе яны начуюць?»У апошні час, пасля сустрэчы, яна вельмі часта думала аб ім і ўсё больш турбавалася.Раптам яе думкі перабіў скрып снегу пад нагамі на вуліцы. Яна падышла да акна, прахукала ў замёрзшай шыбе шчыліну, прыклалася да яе адным вокам і ўбачыла: да хаты Лубяніхі падыходзяць людзі.«Партизаны, — падумала яна. — I Жэнька, пэўна, там», — і ёй зрабілася радасна ад таго, што ён так блізка. Але ў гэты момант да яе слыху даляцела злосная нямецкая гаворка, і яна пазнала голас Візэнера — на ўсё жыццё яна запамятала яго. Радасць змянілася спалохам, прадчуваннем нечага жудаснага.Гітлераўцы зайшлі ў хату Лубяніхі.Тацяна ўздрыгнула, адчула, як халодныя мурашкі пабеглі па нагах, па спіне.«Навошта яны пайшлі туды ў такі час? Што ім трэба?»Яна хутка прайшла па хаце, спынілася каля ложка бацькі.Карп не спаў, моўчкі назіраў за дачкой, а таму першы спытаў:— Што там, Танюша?— Немцы, тата... I ён, камендант. Да Лубянавых пайшлі... Што ім трэба?Бацька падняўся, пачаў апранацца. Тацяна зноў падышла да акна. У хаце Лубяніхі свяціўся аганёк.Бацька выйшаў у сенцы. Яна ведала: пайшоў браць схаваны там рэвальвер. Праз хвіліну ён вярнуўся і стаў побач з ёй.— Што яны робяць там, тата?— Вобыск, вядома. Налёт. — I, памаўчаўшы, дадаў: — Хоць бы Яўгена не было.— Чаго ён будзе ў такі час! — адказала яна, аднак адчула, як трывожна ёкнула сэрца. — А раптам да нас прыйдуць?— Не прыйдуць. Што ім рабіць у нас? I нам баяцца няма чаго.Карп намагаўся супакоіць дачку, але сам не верыў сваім словам.«Д"ябал іх ведае, чаго яны цягаюцца ў такую пару. Што ім трэба? Хлопцам бы цяпер паведаміць. Яны адвучылі б іх бадзяцца», — падумаў ён аб партызанах, праціраючы цёплай далоняй шыбу.Немцы выЙшлі з хаты Лубяніхі вельмі хутка і шпарка пайшлі па вуліцы ў край сяла.У Тацяны яшчэ больш трывожна закалацілася сэрца.— Яны нешта зрабілі нядобрае, тата. Схадзіць бы туды...— Ну, што ты! Нічога яны не зрабілі. Хацелі Яўгена захапіць, ды, бачыш, пайшлі несалона хлябаўшы. Данесла якая-небудзь сволач, што дома бывае...— А я чагось баюся, тата! Схадзіць бы туды.— Яны маглі засаду там пакінуць. Гэта манеўр мог быць...Яны адышлі ад акна і пакрыху супакоіліся. Але Тацяна не магла заснуць і ўсё думала аб гэтым начным наведванні немцаў, аб Жэньку, аб партызанах. Работа ў школе больш не задавальняла яе. Зноў цягнула ў лес, да партызан. Яна не раз ужо спрабавала гутарыць аб гэтым з бацькам. Апошні раз ён раззлаваўся на яе.— Не плявузгай глупства, — адказаў ён. — У іх баявы атрад, а не цыганскі табар, каб яны жанчын і дзяцей цягалі за сабой. Думаеш, легка там?Яна ведала, што нялёгка. Каб не Віктар, яна даўно была б там. Але як пойдзеш у лес, дзе, магчыма, давядзецца начаваць на снягу?«Хутчэй бы вясна, тады лягчэй было бы... Тады і ў лес можна пайсці», — думала яна.Так яна больш і не заснула ў тую ноч. Паднялася раней за ўсіх, начысціла бульбы, запаліла ў печы і потым усё ранне памагала Палагеі. На світанні, не чакаючы, пакуль гэта зробіць бацька, хутка сабралася і пайшла ў пуню па сена. Пуня знаходзілася за садам, амаль пад самым лесам. Гэта была маленькая пахіленая будыніна з гнілымі сценам! і дзіравай страхой.