Глыбокая плынь, частка 1
Быў тут і стараста Ларывон Бугай. Моўчкі стаяў ззаду, слухаў і нічога не сказаў, нічога не зрабіў, каб затрымаць партызана.Жэня, скончыўшы адказваць на пытанні, выцягнуў з кішэні гранату, агледзеў яе, потым дастаў і праверыў нямецкі пісталет.— Не сумнявайцеся, землякі... I не палохайцеся. Я буду наведваць вас часта, ды і яшчэ хто-ніхто са знаёмых можа заглянуць... Нас многа тут, — ён кіўнуў галавой у бок лесу.А выходзячы з натоўпу і напаткаўшы старасту, ён здзіўлена спыніўся перад ім.— А-а, Бугай! I ты тут, бычыны род? Ну, цябе мы павесім — так і ведай!Гэтае наведванне падбадзёрыла Тацяну. Больш упэўнена пачала глядзець яна ў будучае, думала аб перамозе, аб сваім месцы ў гэтай вялікаЙ барацьбе. I ўсё часцей усё лепшае ў сваей будучыні звязвала з імем Жэнькі.Калісьці (ёй здавалася, што гэта было вельмі даўно) яны разам вучыліся ў сямігодцы, разам удзельнічалі ў драматычным гуртку, і ва ўсіх п"есах, якія яны ставілі, ім даводзілася іграць жаніха і нявесту. Але яна, «инвеста», мела не вельмі шчырыя пачуцці да «жаніха». Жэня быў вялікі свавольнік і часта лаяўся з дзяўчатамі. Тацяна не любіла яго тады за яго «дурны характер», але цяпер усё гэта ўспамінала з прыязнасцю, саграваючыся цеплынёй успамінаў.Цяпер яна зайздросціла яму. Яна ўяўляла другое, сапраўднае жыццё ў лесе, і ёй вельмі хацелася быць разам з гэтымі людзьмі.Першы раз яна пашкадавала аб тым, што ў яе дзіця. ¦ Не было б яго, даўно б я была там з імі», — думала яна.Але глянуўшы на маленькага Віцю, які ляжаў у калысцы і ручкамі намагаўся злавіць падвешаны на нітцы чырвоны шарык, яна пяшчотна ўсміхалася і адганяла гэтую думку. «Не, я ніколі не кіну яго... Ніколі...»Аднойчы ў такі вось дажджлівы дзень Таня, як звычайна, сядзела каля акна, шыла сарочку і думала. У хаце нікога болып не было. Толькі Віця забаўляўся ў калысцы, і яна часта апускала шытво на калені і з пяшчотнай усмешкай глядзела на яго.Бацька сталярнічаў пад павеццю. Адтуль далятаў рытмічны, знаёмы з дзяцінства свіст фуганка і пісклівы плач нажоўкі.Тацяна думала аб сабе і аб тых людзях, што ў лесе. «Давядзецца пабачыцца і пагутарыць з Жэнькам — раскажу яму ўсю праўду. Няхай навучыць мяне жыць. У адной п"есе... Як гэта яна называлася? — Яна на хвіліну заплюшчыла вочы, зморшчыла лоб. — Не памятаю зараз... Ён вучыў мяне, сваю «нявесту», жыць...»Яна пачырванела ад гэтых успамінаў і зноў паглядзела на Віктара.У хату зайшоў бацька. Напіўся вады, рукавом выцер пот і, падышоўшы да акна, пачаў закурваць.— Раздажджылася як! А дождж цёплы, як вясной... Тацяна ў адказ кіўнула галавой, зноў пачала шыць.Бацька скруціў цыгарку, не запальваючы яе, падышоў да калыскі і пачаў пільна разглядаць дзіця.Таня заўважыла гэта і насцярожылася, употайкі пачала назіраць за адценнямі бацькавага твару. Не паварочваючыся, ён нечакана ціха спытаў:— Ён яўрэй, Таня? Таня ўстрапянулася.— Хто — ён?— Ну... Бацька Віктара...«Як яму цяжка сказаць «твой муж», — падумала яна і абыякава адказала:— Яўрэй... А што?— Ды нічога, нічога, гэта я так, — бацька павярнуўся, падышоў да яе і хвіліну глядзеў у акно, а потым шэптам сказаў: — Але аб гэтым не трэба нікому гаварыць... I Палагеі і Ганне... (Ганна была старэйшая замужняя сястра Тацяны.)— Чаму, тата? Ці не ўсё адно чалавек? — запытала проста так, бо і сама ведала, чаму нельга гаварыць.Ён паклаў ёй руку на плячо:— Бачыш, дачушка... Такі час цяпер... Ты ж ведаеш...