Глыбокая плынь, частка 1
— Я нікога не баюся, тата!— Можна не баяцца людзей, дачка. А звяроў трэба баяцца. Нельга рызыкаваць жыццём... сваім і яго, — ён кіўнуў на калыску.— Вы думаеце, яны зачэпяць яго?— Я нічога не думаю, Танюша... Я ведаю толькі адно: уварваліся звяры... Як бацька, я прашу цябе, каб ты была асцярожнай, каб ніхто... Разумеет?— Добра, тата, добра, — адказала Таня, каб хутчэй закончыць гэтую балючую размову. А балюча было ад таго, што яна ўсё яшчэ маніць бацьку, ад гэтага ў роднай хаце часам адчувае сябе чужой. Яна ведала: каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома... Перашкаджала мачыха. Але і бацька не верыць ёй. Зараз ён сказаў...«Дык, можа, зараз сказаць яму?» — падумала яна. Але бацька выйшаў з хаты.У Обер-лейтэнанта з Гомеля, з нарады камендантаў раёнаў, у добрым настроі. Яго пахвалілі: у яго раёне ціха, у той час як у іншых раёнах дзесяткі дыверсійных актаў супроць нямецкай арміі. Візэнер меў крытычны розум, заўсёды разважаў рэальна і, безумоўна, разумеў, што партызаны могуць з"явіцца і ў яго, калі яны ёсць у суседніх раёнах. Але ён цвёрда быў упэўнены, што здолее вельмі хутка знішчыць гэты так званы народны рух.Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег, якія сцвярджалі, што даводзіцца мець справу не толькі з асобнымі групамі, але з цэлымі вёскамі на першы погляд зусім мірных жыхароў. Не верыў ён гэтаму, бо меў значны вопыт каменданцкай работы ў Францыі і ў Полыпчы. «Няма такога чалавека, які не адступіў бы перад тварам смерці, — разважаў ён. — Сіла вырашае ўсё... Патрэбна толькі разумная аператыўнасць... I ўсё даводзіць да канца...»У камендатуры ён выслухаў даклад дзяжурнага афіцэра і адразу ж накіраваўся на кватэру паабедаць і адпачыць.Ён з прыемнасцю памыўся ў халоднай ванне, пераапрануўся і сеў за стол, застаўлены бутэлькамі і закускамі. Гэта была адзіная слабасць обер-лейтэнанта: добра выпіць і смачна закусіць. Іншых спакус для яго не існавала.Ён наліў ужо віна ў высокі крыштальны кубак, смачна цмокнуў губамі, весела падміргнуў ардынарцу і раптам нахмурыўся. Ардынарац застыў, спалохана выцягнуўся. Але Візэнер глядзеў праз акно на вуліцу. Там ён убачыў дзяжурнага афіцэра лейтэнанта Рэдара, які амаль бег ад камендатуры да кватэры каменданта.Візэнер адсунуў бакал і хутка падняўся, злосна кусаючы ніжнюю губу. Ён не любіў гэтага малакасоса, які выхваляўся сваім баронскім паходжаннем. Пры яго дзяжурстве заўсёды здараліся якія-небудзь непрыемнасці. Цяпер зноў непрыемнасць і, відаць, значная, інакш маглі б далажыць па телефоне. Візэнер накіраваўся ў кабінет, дзе яго ўжо чакаў Рэдар. Па твары афіцэра было відаць, што ён хвалюецца.— Пан обер-лейтэнант! Тэлеграма са станцыі: сёння а чатырнаццатай гадзіне на тысяча сто шэсцьдзесят другім кіламетры ўзарваны мост. Мост узарваны ў той час, калі па ім праходзіў эшалон з гаручым. Згарэла васемнаццаць цыстэрнаў...Візэнер нахіліўся над картай раёна. У яго нервова заторгалася левае брыво.Падобнага дыверсійнага акта не было яшчэ і ў яго калег. Ён падняў галаву і налітымі крывёю вачыма паглядзеў на Рэдара. Захацелася ўдарыць па спалоханаму чыстаму твару дзяжурнага афіцэра.«Нягоднік», — падумаў камендант і нечакана злосна і гучна загадаў:— Падрыхтаваць ваш узвод. Узвод кулямётчыкаў... Пяць хвілін...Хвілін праз сем тры грузавікі з салдатамі і асабісты лімузін Генрыха Візэнера на шалёнай хуткасці выкацілі з горада.