Глыбокая плынь, частка 1
— Вы крыўдзіце мяне, Павел Сцяпанавіч. Ды я хоць зараз гатоў да вас ісці. Дачку толькі дазвольце ўзяць з сабой і пляменніцу. Чаго мне баяцца? Ведаю, за што пайду...— Пакуль што ісці нікуды не трэба. Застанешся дома. Карп ўздыхнуў.— Нам трэба надзейны чалавек у вёсцы, да якога мы маглі б звярнуцца ў любы момант і атрымаць патрэбную дапамогу. Разумеет? Мы давяраем табе амаль што сваё жыццё. Спадзяемся — не падвядзеш...— Павел Сцяпанавіч, ды я...— Добра... Слухай далей... Гераізму ніякага не трэба. Рэвальвер у кішэні не насі...Токам ударылі старога гэтыя словы. Ён хутка нахіліўся да Лясніцкага і, заікаючыся ад хвалявання, зашаптаў:— Ды вы... вы... адкуль ведаеце?I рука яго неяк механічна выцягнула з кішэні кажуха рэвальвер.Прыборны засмяяўся, узяў з яго рук наган, пачаў уважліва аглядаць.— Схавай у надзейным месцы, — прадаўжаў Лясніцкі. — Вядома, у такім, каб у любы патрэбны момант быў пад рукою. Бачыш, мы даведаліся. Могуць даведацца і гітлераўцы. Не думай, што яны дурні. Шпіянаж у іх першакласны. Яны набралі сабе розную сволач прыслугоўваць ім адкрыта. Але больш хітрэйшых з ліку здраднікаў яны робяць сваімі тайнымі агентамі. Таму трэба трымаць вуха востра.Лясніцкі аглянуўся і панізіў голас:— Значыцца, твая задача — «падружыць» з новай уладай і потым назіраць, сачыць. Асабліва за вашым старастам, за Бугаём... Справа ў тым, што ён звязаўся з намі і запэўніў нас у сваей нянавісці да немцаў. Напрыклад, ён кляўся, што пажар двара і свірна — справа яго рук. Што ты скажаш на гэта?Маеўскі паціснуў плячамі.— Хто яго ведае... Я так думаў, ды і ўсе ў вёсцы, што гэта ваша работа. А цяпер — не ведаю.— Ну дык вось. Трэба распазнаваць нашых актыўных памочнікаў і нашых тайных ворагаў. Вось так... Падбірай надзейных людзей. Трэба паднімаць народ... Дачку, пляменніцу ўцягні. Няхай вядуць агітацыю. Усе навіны мы будзем перадаваць. Але рабіць усё гэта трэба вельмі асцярожна. Аб сувязі з намі нікому ні слова. Вось, здаецца, і ўсё... У цябе нічога няма, Сяргей?— У мяне? Пакуль што нічога... Калі што якое — да нас... А мёд пільнуй для ўрачыстага выпадку. Перамогу будзем святкаваць з тваім мёдам.Прыборны першы падняўся з зямлі, нрытуліўся да дуба. За ім падняліся Лясніцкі і Карп. Стары вельмі быў узрушаны сустрэчай.— Я і не ведаю, як вам дзякаваць, Павел Сцяпанавіч... Сяргей Фядотавіч... Ураз усё праяснілася. А то жыў нібы ў яме якой.— Ну, добра, — перабіў яго Лясніцкі. — Яшчэ адна просьба. Сувязным да цябе часцей за ўсё будзе хадзіць Лубян... Дык ты назірай за ім... А то ў хлопца вельмі гарачая галава. Паслізнецца — умомант будзе на шыбеніцы... А ён у нас — незаменны чалавек. У нашых хлопцаў будзе пароль «Чыта». Калі ж табе трэба будзе перадаць што-колечы тэрмінова, ідзі сюды і вось па гэтай прасецы — да Сухога балота... Ну, бывай.Яны моцна паціснулі яму руку і хутка расталі ў цемры, паміж дрэвамі. А Маеўскі доўга яшчэ стаяў і глядзеў у той бок, куды яны пайшлі, слухаў, як трашчыць галлё пад іх нагамі.Лясніцкі і Прыборны прабіраліся па вузкай сцежцы ў глыбіню лесу. У лесе ўжо зусім сцямнела. Ісці было цяжка. Прыборны спатыкнуўся, зачапіўшыся за корань, і ўпаў.— Не раз нос саб"еш, пакуль да лагера дабярэшся, — забурчаў ён.— Але затое якую мы справу зрабілі, Сяргей! — азваўся Лясніцкі, ідучы наперадзе.— Але... Сёння мы паработалі.— Сённяшнімі налётамі на вёскі, мітынгамі і сустрэчамі з Маеўскім, Раманавым і Васіленкам, я думаю, мы скончылі першы этап сваей работы — падрыхтавалі ўмовы для разгортвання сапраўднай вайны. Трэба, каб галоўнае папаўненне атрадаў складалі не абкружэнцы, не адны тыя, хто мае асабістую крыўду на немцаў, а своечасова падрыхтаваная, арганізаваная маса калгаснікаў і рабочых.