Глыбокая плынь, частка 1
— Дзядзька Карп, не шукаю я «надзейных», ды і не пайшла б да такіх. Да сваіх людзей я прыйшла. Няхай не бачаць мае вочы смерці маіх дзяцей — голас яе загучаў па-новаму — цвёрда, упэўнена.У размову ўмяшалася Люба.— Дарэмна вы, цётка Мар"я палохаеце дзяцей. Але калі ўжо такое, хай застаецца... Месца хопіць. Ідзі сюды, Ігар. Ды нос вытры і не плач! — сурова загадала яна хлапчуку. Той паслухмяна выцер рукавом нос, потым вочы і, адарваўшыся ад матчынага кажуха, за які ўвесь час трымаўся, падышоў да Любы.Мар"я закрыла рукой вочы і некалькі хвілін стаяла нерухома, стрымліваючы плач. Ёй раптам стала жудасна ад таго, што яна адна павінна пайсці ў апусцелую хату і там чакаць... Чаго? Магчыма, смерці. Думка аб тым, што, можа, апошні раз бачыць яна свае дзіця, так напалохала яе, што яна ледзь не кінулася да хлапчука, каб забраць яго з сабой назад, каб з ім перачакаць гэтую доўгую зімовую ноч. Старэйшых дзяцей ёй не так было шкада, у яе было лягчэй на сэрцы, калі яна выходзіла з хат, дзе заставаліся яны. Але як выйсці з гэтай хаты, дзе застаецца яе маленькі Ігар?— Ну вось і добра. Вячэраць будзем, Ігар, — пачула яна голас Любы і збялела, адняла руку ад вачэй.— Супакойся, Мар"я, — ціха і ласкава сказаў Карп, злазячы з печы. — Нічога не здарыцца.Мар"я схапіла яго руку, сціснула яе абедзвюма сваімі.— Дзякую вам, дзядзечка, за ласку, за добрав слова. Даруйце мне... Дабраначы вам, — і хутка выйшла.Карп цяжка апусціўся на зэдлік каля стала, сціснуў рукамі галаву.— Да чаго дажылі, дзеці, а-а, — здалося, не сказаў, а прастагнаў ён. — Маці баіцца дзяцей пакінуць у іх роднай хаце... Да чаго дажылі...Хвіліну ён памаўчаў, а потым падняўся і падышоў да ложка, на якім сядзеў і забаўляўся лялькамі маленькі Віктар, паглядзеў на яго і ўжо другім голасам сказаў:— Ну, нічога, унучак... Мы перажывем гэта. Перажывем......Тацяна і не падумала, каб працягваць заняткі ў школе. Ды ніхто і не пусціў бы свайго дзіцяці цяпер, каб яна і захацела займацца.Веска прытаілася, заціхла, як і ў першыя дні акупацыі.Невядома, хто гэта надумаў, падказаў, але на другую ноч у канцы вуліц, з якіх выходзілі дарогі з вёскі, заселі вартавыя, па два-тры чалавекі. А яшчэ праз дзень па вёсцы папаўзла патаемная чутка: кожную ноч на краі лесу стаяць партызаны і сцерагуць вёску: няхай цяпер толькі пасунуцца фашысты ноччу ў вёску, як адразу тут жа будуць і нашы.Вядома, не ўсе паверылі гэтым чуткам. Напрыклад, у доме Маеўскіх махнулі рукой.— Глупства. Многа такіх вёсак.Але людзі ўздыхнулі лягчэй. I нават Мар"я Зайчук больш не рассылала на ноч сваіх дзяцей у чужыя хаты.А вартаваць хадзілі ўсе па чарзе. Тацяна з Любай таксама вартавалі ўсю ноч, зусім не ўяўляючы сабе, што б яны рабілі, каб гітлераўцы сапраўды з"явіліся.XVI Падаў густы вільготны снег, які часта падае ў сакавіку — апошні снег зімы. У гэтай снежнай імгле раней звычайнага наступіла ноч і ахутала ўсё навокал густой цемрай. 3 сярэдзіны вуліцы не было відаць хат, толькі мільгалі цьмяныя агеньчыкі акон, нібы адкульсьці вельмі здалёку.Чалавек ішоў пасярод вуліцы, ішоў шпарка, палахліва аглядваючыся, схаваўшы твар у каўнер паліто. У канцы вёскі ён павярнуў да хат і спыніўся перад адной з іх, маленькай, пахіленай, вокны якой былі завешаны саламянымі матамі.Чалавек аглянуўся яшчэ раз і хутка праскочыў у двор праз шчыліну ў варотах. Акно з двара не было завешана, і ён асцярожна падкраўся да яго, зазірнуў у хату.