Глыбокая плынь, частка 1
— Хлеба вазьміце, тата.Калі бацька пайшоў, Тацяна не магла адна сядзець у хаце і зноў выйшла на вуліцу, накіравалася да школы. Але там ужо было пуста: партызаны паехалі, народ разышоўся. Цётка Сцепаніда ўбачыла яе і паклікала да сябе ў хату. Там, на вялікае здзіўленне, Тацяна ўбачыла Любу. Дзяўчына сядзела на ложку з заплаканымі вачыма.— Ты не паехала? — узрадавалася Тацяна.А Любе здалося, што сястра насміхаецца з яе няўдачы, і яна злосна накінулася на яе:— Паехала, паехала! Думаеш, я пабаялася? Думает, што я такая трусіха, як ты? Не ўзялі мяне... Малая, кажуць... I Жэні Лубяна ў нас, кажуць, ніякага няма. А я па вачах бачыла, што маняць. Вось прыйдзе толькі Жэнька, і я пайду. Не возьме — услед за ім пайду. Тады не прагоняць, як пабачу іх лагер. А то — малая. Якая ж я малая? А гора мае самае вялікае. Мамачка мая родная! — і Люба горка заплакала.IX Ягаднае — асушанае калгаснікамі балота —вузкай і доўгай паласой уразалася ў лес. Бліжэйшая да вёскі частка яго засявалася і давала багацейшыя ўраджаі. Дальні канец балота, які называўся Рогам, быў асушаны не поўнасцю і скарыстоўваўся пад сенажаці. Балота з двух бакоў сціскалі высокія сцены лесу, пераважна альховага. Высокія, роўныя вольхі раслі сем"ямі, узвышаліся на высокіх купінах, агаляючы вымытыя вадой карэнні.Вясной і ўвосень тут нельга было прайсці ні балотам, ні лесам. Але ў самым канцы Рога месца было высокае, сухое. I раслі тут не вольхі, а магутныя стогадовыя дубы. Пад дубамі густа пераплятаўся арэшнік. Улетку праз гэты гушчар цяжка было прабрацца, ды і рэдка сюды хто заглядаў, хоць куток гэты і вабіў вока прыгажосцю і Маніў мноствам арэхаў і грыбоў. Магчыма, прычынаю было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Вось у гэтае месца незаўважна прабраўся Карп Маеўскі, узрушаны нечаканым і таямвічым запрашэннем партызанскага камандзіра.Ён выйшаў з лесу на край сенажаці, пад дубы, асцярожна агледзеўся. Навокал было пуста і ціха. Толькі дзесьці ў арэшніку жалобна цвіркала маленькая адзінокая птушка. Голы лес застыў у нерухомасці. Вецер сагнаў апаўшае лісце з паляны ў лес, і пад дубамі зямлю густа ўсцілалі жоўта-зялёныя жалуды. Жалудоў было так многа, што іх можна было браць проста прыгаршчамі. «Ніхто не збірае, — падумаў Карп. — А дарэмна... Трэба будзе прыйсці калі-небудзь. Да вайны свіней кармілі, а цяпер самі з"ядзім», — ён цяжка ўздыхнуў і, нагнуўшыся, пачау саграбаць жалуды ў кучкі. Але праз хвіліну схамянуўся і зноў аглянуўся навокал, паглядзеў чамусьці на неба. Па ім павольна плылі кашлатыя аўчыны хмар. Вечарэла, Карпу зрабілася неяк няўтульна на адкрытым месцы, і ён схаваўся ў гушчары арэхавых кустоў.Чакаць яму давялося доўга. У старога пачалі ўжо з"яўляцца сумненні ў сапраўднасці запрашэння. Расла трывога за Тацяну і Любу.«Наляціць карны атрад на чале з гэтым ірадам, — падумаў ён пра Візэнера, — адразу ж за іх возьмецца. Трэба ісці».Але пайсці, нікога не дачакаўшыся, ён не мог. Бо ці будзе другі такі выпадак? Ад гэтай сустрэчы залежала яго жыццё, яго ўдзел у барацьбе — ён разумеў гэта.Толькі ўжо на змярканні ён заўважыў, як з лесу выйшлі два чалавекі і спыніліся над дубамі.— Няма, — сказаў адзін.— Не можа быць, — адказаў другі.У гэтым голасе Карп пазнаў Лясніцкага і смела выйшаў з арэхавых кустоў.— Вось і ён, — сказаў Лясніцкі і пайшоў насустрач.— Вечар добры, Карп Пракопавіч. Мядком не пачастуеш? — жартліва спытаў другі, і Маеўскі, на вялікае здзіўленне, пазнаў у ім старшыню райвыканкома Прыборнага.