Глыбокая плынь, частка 1
Праз колькі хвілін яна вярталася дамоў з вялікай пачкай кніг, загорнутых у настольнік.XI 3 гэтага дня яна больш не пакутавала ад бяздзейнасці, ад няздольнасці чым-небудзь больш значным дапамагчы Лясніцкаму, Лубяну і іх сябрам. Яна так захапілася сваей працай, што забылася на ўсё. У яе было два класы і ў кожным класе па аднаму вучню: у другім — Ленка Лубян, у чацвёртым — яе брат Сярожа. Але гэта не бянтэжыла яе. Яна займалася з імі гэтак жа, як і калісьці з двума такімі ж класамі, у якіх было па пятнаццаць чалавек. Займалася па той жа праграме. Розніца была толькі ў тым, што заняткі цягнуліся часам больш чатырох гадзін, а часам паўгадзіны. I толькі адна акалічнасць спачатку бянтэжыла яе. Дзеці не былі падобны на тых, якіх яна вучыла да вайны. Тыя бегалі на перапынках, смяяліся, жартавалі, часам і на уроках стараліся выкінуць які-небудзь фокус — рабілі ўсё, што ўласціва ўсім дзецям. Сярожка і Ленка ўвесь час сядзелі моўчкі, у вачах іх не іскрылася весялосць і дзіцячая жартаўлівасць, слухалі яны вельмі сур"ёзна і засвойвалі ўсё не па-дзіцячаму хутка, грунтоўна. А часам задавалі такія пытанні, на якія і ёй было цяжка адказаць. Паступова яна звыклася з гэтым, зразумела, што дзецям трэба даваць больш, чым гэта прадугледжана даваеннай праграмай. Вайна састарыла і дзяцей.Звычайна, калі ў хату заходзіў хто-небудзь чужы, заняткі спыняліся і дзеці рабілі выгляд, што прыйшлі проста пагуляць.Аднойчы ў час заняткаў прыйшла Сцепаніда. Пры ёй Тацяна не спыніла заняткаў. Яна расказвала сваім вучням пра Маскву. Будучы студэнткай, яна ездзіла туды на экскурсію і таму шчыра перадавала свае ўражанні аб сталіцы.Дзеці і дарослыя слухалі яе, стаіўшы дыханне. | — Цяпер, дзеці, немцы падышлі блізка да гэтага цудоўнага горада. Яны хочуць захапіць Маскву і знішчыць усё, створанае нашым народам. Бачыце, ужо колькі часу крычаць яны аб захопе Масквы. Але Масква стаіць. Маскву ім ніколі не ўзяць. Бо Маскву абараняе ўся наша Радзіма, — скончыла яна дрыжачым голасам.Светлыя вочкі Ленкі напоўніліся слязьмі. Сярожка паглядзеў на яе і штурхануў пад бок, саромеючыся за сестрыну слабасць. Але слёзы былі не толькі ў маленькай Ленкі: старая Сцепаніда непрыкметна змахвала іх рогам хусткі.А на другі дзень яна прывяла да Тацяны двух сваіх унукаў і папрасіла:— Вучы, хрэсніца, і іх заадно. Навошта яны будуць прагульваць? Няхай розуму набіраюцца і ведаюць, за што ваююць іх бацькі. Адзін павінен у другі клас хадзіць, а другі — у трэці...— Калі ласка, — з радасцю згадзілася Тацяна. Але ў размову ўмяшалася Палагея.— Ды што тут, школа, ці што? — злосна сказала яна і бразнула вёдрамі. — Ліха ведае, што такое! Ні цішыні табе, ні супакою! Ідзіце вунь у школу ды і вучыцеся там!— У школу нам нельга ісці, — разважліва адказала Тацяна. — Школу ператварылі ў свінушнік. А вы не бойцеся, Палагея Свірыдаўна. — Тацяна зрабіла націск на апошнім слове, і імя мачыхі прагучала іранічна. — Вас яны не зачэпяць.Палагея ажио вёдры ўпусціла і, крута павярнуўшыся, Узялася рукамі за бакі.— Можа, ты і мяне хочаш вучыць? — крыкнула яна. — Разумная вельмі стала! Глядзі, каб табе за такое навучанне скуру не спусцілі.Тацяна балюча закусіла губу, каб стрымацца, не лаяцца пры дзецях. Але не стрымалася Люба. Яна адарвалася ад кнігі і паднялася. Палагея адразу змоўкла.— Вось што, цётачка, — ціха, амаль шэптам, але цвёрда і рашуча сказала дзяўчына, — калі вам не падабаецца тут, то збірайце свае манаткі і прэч з маёй хаткі, Пакуль што гаспадыня тут я. Вось як...