Глыбокая плынь, частка 1
Твар старога спахмурнеў, калі ён успомніў гэта. Але ён махнуў рукой: не аб тым цяпер думаць трэба. Вось ужо тры месяцы, як нечакана абарвалася ранейшае жыццё, і ён усё яшчэ не можа зразумець, разабрацца ў імклівым водавароце нечаканых, страшэнных падзей. Кожны дзень думаў ён усё аб адным і тым жа: чаму адступіла наша армія? Няўжо мы пры такім жыцці былі слабейшымі за гэтых зялёных прыблуд? Ці, можа, забыліся ў шчасці пра небяспеку?Не, здаецца не забылі. Колькі гаварылі, песні спявалі... Але чаму не падрыхтавалі яго, простага калгасніка. Не мае права ён сядзець склаўшы рукі.«А што рабіць? — пакутліва думаў стары. — Як уключыцца ў барацьбу?»Там, дзесьці далека на ўсходзе, застаўся яго сын. Дзе б ён ні быў, ён змагаецца супроць фашыстаў, — стары быў упэўнены ў гэтым цвёрда. Мікола не кіне ў бядзе свой край, свайго бацьку. Але ж трэба нечым тут дапамагаць яму. А чым?..Праўда, кажуць — у лесе ёсць партызаны. Але дзе яны, хто яны такія, — ніхто не ведае. У іх вёсцы ведаюць толькі аднаго партызана — Жэньку Лубяна. Усе пераканаліся, што гэта вельмі смелы і спрытны хлопец. Ужо двойчы ён прыходзіў у вёску, абвешаны гранатамі, расказваў навіны і пагражаў павесіць старасту і паліцэйскага. Бясспрэчна, ён робіць вялікую справу — Карп разумеў гэта. Але калі там усе такія юнакі, дык як пойдзе да іх ён, пяцідзесяцісямігадовы стары. Ды і ці прымуць яшчэ яны яго? А як пойдзеш ад сваіх, на каго кінеш іх? 3 суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць старэйшая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, то хлеб абмалаціць, то хлеў накрыць, то нарыхтаваць дроў. У яе двое дзяцей і хутка будзе трэцяе, а муж — камандзір, у першы дзень вайны пайшоў у армію. А як пакінеш Таню? Адзін дзень яго не было дома, і здарыўся гэты абразлівы выпадак. «Дзе яна ўзяла гэтага хлапчука?» — падумаў Маеўскі і выйшаў з-пад павеці, дзе сядзеў на сталярным варштаце.Світала. Згасалі ў небе зоркі. Але бліжэйшыя з іх яшчэ развітальна мільгалі зямлі, пасоленай першымі замаразкамі.Карп доўга глядзеў на неба, нібы варажыў па зорках. Схамянуў яго певень, што голасна заспяваў дзесьці ў канцы вёскі. Праз хвіліну з усіх бакоў паляцела знаёмае «ку-ка-рэ-ку».«Многа яшчэ іх засталося», — усміхнуўся Карп і рушыў у хату. Але на парозе сянец яго спаткала Таня.— Замёрзлі, тату? — спытала яна.— На дварэ яшчэ цёпла.— Давайце пасядзім тут, на прызбе. Віктар заснуў. Здаецца, яму палягчэла...Яны селі і некалькі хвілін маўчалі. Тацяна не ведала, з чаго пачаць. Тады бацька сказаў ёй ласкава:— Ну, расказвай, маці...Яна каротка расказала аб здарэнні ў лесе, каля Дняпра.— Вось так я стала маці, — усміхнулася яна, скончыўшы расказваць.— Ну, а далей што? — спытаў бацька. Таня не зразумела.— Далей? Далей, у мяне — сын. Я павінна расціць яго, тата, замяніць яму і маці і бацьку.— Так... Ты павінна расціць яго, — задуменна паўтарыў яе словы Карп і хвіліну памаўчаў, углядаючыся ў цёмную сцяну суседняга дома, а потым павярнуўся да яе і нейкім дзіўным шэптам спытаў:— А жыць... жыць як, Таня?— Як жыць? — зноў не зразумела дзяўчына.— Эх ты! — з дакорам махнуў рукой стары. — Жыцця-то няма. Жыццё ад нас аднялі яны, вунь тыя, — ён паказаў рукой на захад. — Памятаеш, ты вучаніцай чытала мне пра нявольнікаў. Вось і мы — такія нявольнікі. Горш нават... Як жа ты, нявольніца, будзеш гадаваць яго, сына свайго?Таня зразумела і жахнулася. Яна ніколі не ўпадала ў роспач і ўвесь час цвёрда верыла, што ўсё гэта — часовая з"ява. Асабліва ўпэўнілася яна ў гэтым, калі пабачыла Жэньку Лубяна і пачула яго гарачую прамову. Бацькаў роспач спалохаў і здзівіў яе. Вельмі стала шкада яго, захацелася суцешыць, абнадзеіць. I яна сказала: