Глыбокая плынь, частка 1
Ён гаварыў яшчэ некалькі хвілін коратка, проста, сурова. Людзі слухалі, стаіўшы дыханне. Вочы жанчын напаўняліся радаснымі слязьмі. Неўзаметку змахваў слязу хто-ніхто і са старых.Тацяна не зводзіла вачэй з Лясніцкага. Вялікае захапленне гэтым мужным чалавекам расло ў ёй. «Вось яны якія! Вось што робяць яны, сапраўдныя людзі!.. А я? Што я зрабіла? — думала яна, і ёй рабілася сорамна за апошнія чатыры месяцы жыцця. — А мяне спытаюць, што я, савецкая настаўніца, зрабіла для перамогі...»Яна аглянулася. Бацькі не было побач — ён праціснуўся наперад. Яна пачала таксама ціха праціскацца паміж жанчынамі бліжэй да партызан. Падняўшыся на насочкі, яна ўбачыла на адным возе Любу. Тая сядзела каля кулямёта і аб нечым паціху гаварыла з маладым партызанам.«Любка ўжо з імі, — надумала яна, і ёй зрабілася яшчэ больш крыўдна. — Як я звязала сабе рукі!»Але ў гэты момант Віця заплакаў, нібы пачуў яе думку і пакрыўдзіўся, і Тацяне стала сорамна.— Цішэй, мой хлопчык, — пяшчотна зашаптала яна. — Цішэй, мой галчонак.Скончыўшы гаварыць, Лясніцкі саскочыў з воза і пайшоў у натоўп, вітаючыся са знаёмымі калгаснікамі. Абдымаў жанчын за плечы, суцяшаў:— Нічога... нічога, не гаруйце. Не плачце. Слязамі ворага не пераможаш. Яго трэба біць! Біць бязлітасна, няспынна.— Цяпер ён спаліць нас, — уздыхнуўшы, сказаў нехта ў натоўпе.Лясніцкі хутка павярнуўся ў той бок.— Спаляць? Што ж... ваўка баяцца — у лес не хадзіць. Спаляць — ад буду ем, калі апошні фашыст ляжа касцьмі на новых папялішчах. Ён хацеў бы не толькі спаліць, а народ наш зніштожыць. Ды не ўдасца яму гэта, — і, убачыўшы Карпа Маеўскага, звярнуўся да яго: — Як думает, Карп Пракопавіч? Цябе ён спаліў ужо...— Спаліў, — усміхнуўся Карп. — А я жыву і... жыць буду... Сына дачакаюся.Маеўскаму хацелася вельмі многа сказаць сакратару, пагутарыць з ім, параіцца, расказачь аб сваіх душэўных пакутах, запрасіць яго да сябе ў хату. Але Лясніцкі адвярнуўся і пайшоў далей. Гэтая няўважлівасць партызанскага камандзіра пакрыўдзіла старога. «Кожны раз заязджаў на пасеку. Мёдам частаваў яго, як друга... А цяпер пагутарыць не хоча... Не верыць ён мне, ці што? Каму ж тады верыць?» — з крыўдаю думаў ён і, павярнуўшыся, выйшаў з натоўпу, пачаў шукаць вачыма Тацяну.У гэты момант міма яго хутка прайшоў малады партызан і непрыкметна сунуў яму ў руку скамечаную паперку.Карп уздрыгнуў ад нечаканасці, моцна заціснуў у кулаку паперку і заспяшаўся дамоў. У двары пад павеццю прачытаў запіску. Пасля хутка зайшоў у хату, апрануў кажух, падперазаўся вяроўкай, заткнуў за пояс сякеру. Сабраўся было ўжо выходзіць, як зайшла Тацяна. Яна здзіўлена аглядзела бацьку і спытала:— Вы куды, тата?Ён паглядзеў на дачку і зразумеў, што зманіць ёй нельга, ды і не хапіла б у яго сіл маніць у такі момант. Працягнуў ёй пакамечаную паперку.«Карп Пракопавіч! Мне трэба з Вамі пагаварыць. Чакаю сёння пад вечар на Ягадным, у Рагу пад дубамі. Л.», — прачытала Тацяна.Маеўскі моўчкі глядзеў на дачку.А яна прачытала запіску яшчэ раз і ціха сказала:— Як бы я хацела быць з вамі там, — І, не чакаючы адказу бацькі, пайшла да печкі, пачала раздзьмухваць вугалі. — Запіску трэба спаліць... Люба, відаць, з імі паехала, — сказала яна і цяжка ўздыхнула.— А ты ідзі да каго-небудзь... Да Сцепаніды, напрыклад, і там пачакай... У выпадку чаго — у лес, туды лес... — Ён хвіліну памаўчаў, прабуючы пальцам лязо сякеры. — Я пайду...