Глыбокая плынь, частка 1
Візэнер любіў падумаць і ўсё дасканала ўзважыць. Ён быў тонкі псіхолаг. Ен быў рамантык. Усё трэба зрабіць таямніча, па-новаму, так, каб падзейнічала на псіхіку гэтых жывёл, каб у іх адпала жаданне ўцякаць у лясы.План дзеяння ўзнік нечакана.— Цудоўна! — обер-лейтэнант адкінуў каўнер кажуха, аглянуўся.— Цудоўна! У іх згіне ахвота ўхадзіць у лясы.Калі даўно пераваліла на другую палову зімовай ночы, чацвёра санак, запрэжаных парамі коней, спынілася на краі вёскі. 3 саней саскочылі нямецкія салдаты. Іх было каля дваццаці. На санках стаялі кулямёты.Пяцёра гітлераўцаў аддзяліліся ад іншых і пайшлі ў вёску. Яны спыніліся каля хаты старасты, пастукалі ў шыбу. Ларывон Бугай даўно ўжо бестурботна спаў на цёплай печы разам са сваім малодшым сынам. Хлапчук першы пачуў стук у шыбу і разбудзіў бацьку. Стараста спакойна сунуў ногі ў валёнкі, якія стаялі на ляжанцы, накінуў на плечы кажух і, не глянуўшы ў акно, хто там, пайшоў да дзвярэй. Пачуў нямецкую гаворку — адразу адчыніў.Гэта спадабалася Візэнеру, і ён смела пераступіўпарог.За ім зайшлі салдаты. У хаце Візэнер паморшчыўся ад цёплага кіславатага начнога паху і падумаў: «Свінні. Не маюць спальні».Стараста засвяціў лямпу. У хаце было чыста, прыбрана, усё стаяла на сваім месцы. Ложак быў занавешан ружовай фіранкай. Гэта таксама спадабалася Візэнеру. Ён сеў каля стала, пазяхнуў і пальцам паклікаў старасту да сябе. Дастаў аркуш паперы, тыцнуў у яго пальцам.— Трэба паказаць, дзе жывуць вось гэтыя людзі. На паперы было нешта напісана па-нямецку.— Пойдзеш вось з ім, — паказаў Візэнер на салдата. — Яфрэйтар Курцар!Яфрэйтар выцягнуўся.Праз хвіліну яны выйшлі. А яшчэ праз хвіліну обер-лейтэнант паказаў другому салдату кіўком галавы на дзверы. Той выйшаў і, хаваючыся, пачаў назіраць за старастам і яфрэйтарам.Яфрэйтар спыніўся, дастаў паперу, асвяціў яе кішанёвым ліхтарыкам і выразна прачытаў:— Кандыба Васіль. Стараста ўздрыгнуў.«Настаўнік. Камуніст. Навошта ён ім? Яго ж няма, ён з першых дзён на фронце. Хочуць арыштаваць? Каго? Хворага Івана Маеўскага ці яго дачку, жонку Кандыбы, якая тыдзень назад нарадзіла?.. Не паказваць? Але як Растлумачыць ёлупу? Ды што яны зробяць ім? Покажу...» Ён падвёў да дома Івана Маеўскага і паказаў пальцам. Яфрэйтар кавалкам крэйды напісаў на сцяне, паміж вокнамі, крыж. Потым зноў дастаў паперу. — Лубян Яўген.У старасты моцна закалацілася сэрца.«Хаты партызан», — зразумеў ён і аглянуўся навокал. Бліснула думка: накінуцца, задушыць і самому — у лес. Але ён успомніў аб тых, што засталіся ў яго хаце, аб Генриху Візэнеру.«Знішчыць сям"ю... спаліць усю вёску. Звер, а не чалавек... Што рабіць? А можа, яны проста хочуць праверыць хаты — ці няма дома партызан? Але чаму ж яны не пайшлі ўсе, а паслалі аднаго, і ён намячае хаты?»Якія толькі думкі не ўзнікалі.Стараста апусціў галаву, згорбіўся і панура пасунуў далей. За ім, асцярожна аглядаючыся, крочыў нямецкі яфрэйтар. «Ну, вось быў ты дурнем і загінеш ім, як сабака, — думаў стараста. — Здраднік! Не быў ты здраднікам, а цяпер стаў ім. Прадаеш сваіх людзей... Эх, дурань, дурань! I ўсё жыццё так...»Усё жыццё быў ён чалавекам ціхім, нелюдзімым, багамольным і, апрача працы, нічым не цікавіўся. Да рэвалюцыі бацька яго і ён былі беднякамі, пасля рэвалюцыі, атрымаўшы зямлю, ён стаў серадняком і нават пачаў багацець: добра адбудаваўся, тройку добрых коней набыў, тры каровы меў. У час калектывізацыі пад уплывай папа рашуча адмовіўся ўступіць у калгас. Яго двойчы абклалі «па-цвёрдаму» — ён сам аддаў усё, а ў калгас усё-такі не пайшоў. А пасля, калі ва ўсім сельсавеце ён застаўся адзіным аднаасобнікам, яму было прыкра і крыўдна, ён глядзеў на працу калгаснікаў, на іх жыццё і зайздросціў ім. Але тады ўжо ніхто не агітаваў яго ўступіць у калгас, на яго забыліся і не звярталі ўвагі, а сам ён не мог пайсці і папрасіцца — саромеўся, не меў рашучасці, адвагі. Старэйшы сын, пайшоўшы ў армію, застаўся там на звыштэрміновую службу. У сваіх лістах ён пісаў, што яму, камсамольцу, сорамна ехаць да бацькі-аднаасобніка, і прасіў бацьку ўступіць у калгас. Пасля ён зрабіўся камандзірам, ажаніўся і ўжо абяцаў прыехаць у адпачынак. Бацька нецярпліва чакаў яго, спадзеючыся, што ён дапаможа яму ўступіць у калгас. Але тут пачалася вайна. Прыйшлі немцы, разбурылі калгасы і прапанавалі яму стаць старастам. Ён згадзіўся. Яму здалося спачатку, што ён перамог усіх, што перамагло тое жыццё, якім жыў ён адзін, а не тое, якім жылі ўсе і ў якое яго не пускалі.