Глыбокая плынь, частка 1
— Куды ты пойдзеш, Поля? — ласкава пачаў ён прасіць жонку. — Магчыма, яна і вернецца яшчэ... Ды што яна? Яна — сабе гаспадар. У яе маці забілі...Палагея і слухаць не захацела яго.— Застанься. Разам будзем чакаць. Ад смерці не схаваешся.Палагея павярнулася і падпёрла рукамі бакі.— Ідзі пашукай дурняў такіх, як сам. Чакаць... Я паміраць не хачу з-за такой шалёнай пляменніцы.Тацяне стала крыўдна за бацьку, за тое, што ён уніжаецца перад гэтай неразумнай бабай. Доўга яна трывала яе лаянкі, прыдзіркі, але тут вытрымаць не магла:— Што вы просіце, тата, яе? Што ў яе агульнага з намі? Ёй даўно не месца ў гэтым доме. — I павярнулася да Палагеі: — Прэч! Каб і нагі тваёй не было больш!Палагея, прывыкшая да маўклівасці, ветлівасці і пакорлівасці падчаркі, была ашаломлена і, пабялеўшы, некалькі хвілін глядзела на яе.— Прэч!— Не трэба, Таня, — папрасіў бацька. — Чаго гэта вы счапіліся?— Не перашкаджайце, тата. Хопіць трываць...— Ах, так! — нарэшце вымавіла пабялеўшая ад злосці Палагея і больш не сказала ні слова: моўчкі доўга збірала свае рэчы.Бацька таксама маўчаў, стаяў каля акна і нервова камячыў пальцамі край фіранкі.Толькі выходзячы, Палагея злосна кінула:— Ты ўспомніш яшчэ мяне, саплівая настаўніца! Карп памкнуўся ўслед за ёй, але Тацяна рашучаспыніла яго:— Сорамна, тата.Бацька паслухмяна сеў, паківаў галавой.— Ах, Таня, Таня! Навошта ўсё гэта? Гарачая ты! Палагея можа ад злосці чаго хочаш нагаварыць. Не падумала ты пра гэта. А цяпер давядзецца ісці мірыцца.Таня адчула горкую праўду ў яго словах, але змоўчала. А адвячоркам вярнулася Люба. Яна з"явілася, як нічога не было, і сказала, што са сваімі школьнымі сяброўкамі хадзіла ў Залессе. Але па яе бадзёраму выгляду, па яе вачах, у якіх свяціліся нейкія асаблівыя незнаёмыя агеньчыкі, Тацяна бачыла, што яна маніць, што ў яе жыцці здарылася нешта такое, аб чым яна бадай што не прызнаецца і ёй. А таму Тацяна і не стала распытваць: прыйдзе час — раскажа сама. Толькі сказала:— А Палагея спал охал ася: думала — ты да партызан пайшла, і ўцякла.— Куды ўцякла?— Да сястры пайшла.Яна прачытала на Любіным твары такое вясёлае задавальненне, што тут жа хуценька знакамі папрасіла яе маўчаць, не выказваць усяго гэтага словамі. Тацяне было шкада бацькі. Яна ведала: за ўсё свае жыццё ён знарок не пакрыўдзіў ніводнага чалавека. Тым больш цяжкім для яго было пакрыўдзіць блізкага чалавека. 3 Палагеяй ён нядрэнна жыў. Яна прыйшла тады, калі родныя дзеці пакінулі яго аднаго, разляцеліся з бацькоўскага кубла ва ўсе бакі. Дык ці мела яна права, знайшоўшы прытулак ад навалы ў бацькавым доме, выганяць гэтую жанчыну?«Не, маю права, — упэўнена адказала Тацяна на свае думкі. — Толькі зрабіла я гэта неразумна і не ў той час. I бацьку балюча...» Яна ведала: ён пойдзе прасіць Палагею вярнуцца. Ён зробіць гэта не для сябе, а каб не нашкодзіць справе. Ей было сорамна перад бацькам. Але адначасова з гэтым пачуццём было і другое: задавальненне ад таго, што ў доме няма чужога чалавека, што цяпер яны ўсе свае, усе з аднымі думкамі, з аднымі поглядамі, імкненнямі і смела маглі гаварыць, раіцца аб усім, што хвалюе іх. Ды і бацька хутка супакоіўся. Не тое было ў галаве, не аб тым думалася. Наступала ноч. Першая ноч пасля жудаснага забойства. Невядома, што можа здарыцца і ў гэтую ноч, цяпер усяго трэба чакаць, да ўсяго рыхтавацца. У старога разбалелася спіна так, што цяжка было адарвацца ад цёплай печы, падняцца. Але ён перамог сваю слабасць і сеў.