Глыбокая плынь, частка 2
Адусюль яму ветліва адказвалі прыкладна так, як сказалі ў ваенкамаце. Ён не здаваўся, і ў рэшце рэшт лёд крануўся... У лютым яго выклікалі ў Маскву, у ЦК, пагутарылі і накіравалі ў спецыяльную школу.Тры месяцы вучыўся ён там, старанна і цярпліва, натхнёны ўпэўненасцю, што з школы толькі адзін шлях — на захад, праз лінію фронту, у тыл ворага. I вось гэты доўгачаканы час прыйшоў.Пяць дзён назад курсанта Маеўскага выклікалі ў Цэнтральны штаб. Прыняў намеснік начальніка штаба і адразу ж пазнаёміў з маладым чалавекам у цывільным адзенні, які сядзеў у кабінеце ў мяккім крэсле і чытаў часопіс.— Знаёмцеся... Андрэй Буйскі... Разведчык партызанскага атрада «Днепр», якім камандуе Прыборны. Ведаеце Сяргея Фядотавіча Прыборнага? — генерал хітра прыжмурыўся.— Старшыню райвыканкома? — здзівіўся Мікалай, узрадаваны раптоўнай здагадкай. — Як жа не ведаць? Ды ён працаваў старшынёй яшчэ ў той час, калі я вучыўся ў сярэдняй школе._ Вось і цудоўна... Старыя знаёмыя. Паляціце зтаварышам Буйскім у свой раён, у брыгаду Прыборнага. Ім зараз вельмі неабходны падрыхтаваныя людзі. Здзіўляецеся, чаму брыгада? Таму ім і людзі патрэбны, што ствараюцца брыгады. Партызанскія брыгады...У той жа дзень ён перасяліўся з школы ў гасцініцу, дзе жыў Буйскі. Партызан з першага ж дня падабаўся Маеўскаму сваёй эрудыцыяй вучонага і дапытлівасцю разведчыка. Але сысціся з ім бліжэй, пасябраваць Мікалай не ўправіўся. Буйскі ўхадзіў раніцою і вяртаўся позна ўвечары, часта моцна змораны. Куды ён уходзіць і што робіць — Мікалай не пытаў, бо адчуваў, што гэта з"яўляецца тайнай разведчыка. За пяць дзён ён даведаўся толькі, што Буйскі знаходзіцца ў Маскве прыкладна такі ж час, як і ён, Маеўскі, што ён выдатна валодае нямецкай мовай і што іменна гэтая акалічнасць дапамагла яму прабрацца ў Маскву і наогул робіць з яго разведчыка вышэйшага класа. Але ён не ведаў, што ўсе гэтыя тры месяцы, да апошняга дня, Буйскі таксама, як і ён, а можа, нават і больш напружана, вучыўся і што зараз ён вяртаецца назад, у нямецкі тыл, разведчыкам буйнога маштабу, разведчыкам з надзвычайнымі заданнямі....Пілот даў сігнал падрыхтавацца. Мікалай схамянуўся. Так хутка? Ён нахіліўся, засвяціў кішанёвы ліхтарык, паглядзеў на гадзіннік. Ляцелі дзве гадзіны.Буйскі падняўся, адшукаў яго руку, крыкнуў:— Да сустрэчы на зямлі!Але ў гэты момант пілот падаў новы сігнал. Буйскі схапіў навушнікі шлемафона:— На зямлі два ўмоўныя сігналы. Што будзем рабіць?Андрэй паведаміў гэта Маеўскаму і, секунду памаўчаўшы, крыкнуў адначасова і яму і пілоту:— Скакаць паміж двума агнямі! Мясцовасць абодва ведаем, — і скочыў першы.Мікалай выкінуўся спакойна, выконваючы ўсе правілы, якім вучылі яго ў школе і ў час практычных палётаў.Самалёт зрабіў над імі круг, развітальна міргнуў сігнальнымі агнямі і, набіраючы вышыню (гэта было чутна па шуму матораў), паляцеў назад.Зямля была чорная і няўтульная. I на момант зрабілася страшна апускацца ў гэтую чарнату. А тут яшчэ агні. Яны гарэлі з двух бакоў. Безумоўна, каля адных агнёў — вораг. Але каля якіх?Мікалай адчуў, што хвалюецца.Прызямліўся ён удала — на невялічкую лясную паляну. Праўда, парашут зачапіўся за голле, і яго разы два стукнула аб сасну, але ў той жа час гэта змякчыла ўдар аб зямлю. Не марудзячы ні хвіліны, ён абрэзаў стропы і адскочыў убок. Прыслухаўся. Навокал было ціха, толькі шумелі дрэвы, нібы шапталіся тысячы людзей, і шэпт гэты зліваўся ў адзін аднастайны магутны шум. Па гэтаму шуму ён зразумеў, што знаходзіцца ў гушчы вялікага хваёвага бору.