Глыбокая плынь, частка 2

Камсамольская арганізацыя аднавіла сваю работу толькі ў красавіку, пасля таго як вёску наведаў Яўген Лубян. Тады ў гэтай жа ёўні ён сабраў першы сход. Было абмеркавана адно пытанне: задачы камсамольцаў у барацьбе супроць фашысцкіх акупантаў.3 той дажджлівай красавіцкай ночы прайшло толькі паўтара месяца, а ў арганізацыі шмат што зроблена. Гэта былі ўжо не тыя юнакі, якія разгубіліся ад нечаканасці навалы ў першыя дні акупацыі, а адважныя, падрыхтаваныя змагары, гатовыя па першаму ж закліку ўзяць зброю і далучыцца да тых, што былі ўжо ў лесе. Яны і зброю падрыхтавалі сабе: знайшлі пяць вінтовак і ўкралі ў немцаў два аўтаматы і скрыню гранат.Хлопцы ўсё больш смялелі і ўжо проста, як старому сябру, пачалі расказваць Лясніцкаму ўсе вясковыя навіны, зусім не падазраючы, што для камісара гэта былі амаль што самыя каштоўныя звесткі аб ворагах і сябрах.Але час ішоў. Набліжалася раніца. Лясніцкі дастаў гадзіннік, глянуў на яго. I камсамольцы адразу зразумелі і змоўклі. За іх усіх сказаў сакратар арганізацыі Іван Сумак:— Адным словам, таварыш Лясніцкі, усе мы гатовы зараз жа ў атрад.Лясніцкі зірнуў на Тацяну, якая моўчкі сядзела на саломе, усміхнуўся.— Не, сябры мае, — ціха загаварыў ён. — Сёння мы разам не пойдзем, але не больш як праз тыдзень частка вас павінна стаць байцамі нашых атрадаў. Я гавару «частка», бо ўсім ісці нельга. Трэба, каб арганізацыя існавала, дзейнічала ў вёсцы, папаўняла свае рады. Вось калі вы зноў вырасцеце хоць бы да такой колькасці, тады вы зможаце зноў даць нам папаўненне. Але тыя, што застануцца ў вёсцы, таксама будуць нашымі байцамі. Работы для іх хопіць. I не менш важнай. Партызанскае камандаванне, падпольны райком спадзяюцца на вас, — Лясніцкі на момант змоўк, абвёў усіх пільным позіркам, — і таму дае вам самыя адказныя заданні. Вы ўжо мелі некалькі такіх заданняў. Зараз я стаўлю перад вамі больш складанае. — Ён панізіў голас: — Ваш стараста — здраднік. Суровая рука народа павінна караць такіх мярзотнікаў, каб яны не паганілі нашу зямлю. Усім ім ужо вынесены прысуд народа. Вам трэба выканаць гэты прысуд.Камсамольцы пераглянуліся паміж сабой.