Глыбокая плынь, частка 2
Калі афіцэр выехаў, Койфер паклікаў да сябе Візэнера. Обер-лейтэнант толькі глянуў на свайго начальніка і, адразу зразумеўшы перамену, насцярожыўся, паправіў рэмень.Камендант даў яму прачытаць загад і сказаў:— Я даручаю арганізацыю ўсяго гэтага вам, пан обер-лейтэнант.Даручэнне Візэнеру спадабалася. У гэтай новай рабоце было многа цікавага, а самае галоўнае — было шырокае поле для самастойнай дзейнасці, для праяўлення ініцыятывы, што заўсёды любіў ён.Рэшту дня яны правялі за агульным стадом, распрацоўваючы дэталёва план выканання загаду.Закончилі работу добрым абедам з выпіўкай. Пілі за поспех.І"У Месячык заліваў матавым святлом бяскрайнюю прастору поля. Было так светла, што можна было нават легка чытаць, але ў гэтым святле гублялася адчуванне адлегласці: асобныя предметы аддаляліся, а другія, наадварот, набліжаліся, і ўсе расплываліся, як у тумане, і набывалі дзіўныя фантастычныя формы.Быў канец мая. Зямля дыхала цёплым парам. Травы разлівалі густы водар. А на іх і на рунь пасеваў падала раса, чыстая і бліскучая, як дыямент. Месячык выткаў па расе срэбныя сцежкі. I вось па такой сцежцы ішлі два чалавекі.Наперадзе — мужчына, апрануты ў звычайную сялянскую вопратку, а ззаду крокі на тры ад яго — жанчына ў цёмным плацці, шчыльна аблягаўшым яе стройную постаць. Ішлі яны хутка, але ногі іх стомлена чапляліся за траву. А на разорах жанчына некалькі разоў спатыкнулася. На шчасце, поле было чыстае і роўнае і нават, нягледзячы на такі позні час, не ўзаранае. Толькі дзе-нідзе трапляліся вузкія палоскі пасеянай ярыны. Раннія пасевы былі ўжо ў калена, і раса мачыла ногі. Тады мужчына спыніўся, павярнуўся да сваёй спадарожніцы і прапанаваў:— Давайце, Тацяна Карпаўна, разуемся. Так будзе лягчэй, а то я ледзь іду.Яна моўчкі нахілілася і звыклым рухам скінула туфлі, ударыла імі адзін аб адзін, каб адбіць наліпшую зямлю.— Вось і гатова, Павел Сцяпанавіч.Лясніцкі сеў на росную траву і, пакрэктваючы ад натугі, сцягнуў намокшыя боты. Пачаў расціраць сухім канцом анучы нацёртыя ногі.— Ішоў і ўвесь час аб зямлі думаў, палоскі лічыў. А сэрца крывёю аблівалася. Гэта зямля калгаса «Воля». Буйнейшы і багацейшы калгас. Два трактары цэлае лета працавалі на гэтым полі. У мінулым годзе тут лапінкі незасеянай зямлі нельга было знайсці, а зараз... Палоскі, нібы сто гадоў назад. Колькі трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, ураджайнасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем.Ён змоўк і доўга аб нечым думаў. Тацяне здалося, што камісар задрамаў, і яна нахілілася і паціху дакранулася рукою да яго пляча.— Павел Сцяпанавіч, нам трэба спяшацца.Ён хутка падхапіўся і шпарка рушыў наперад. Тацяна ледзь паспявала за ім. Яны прайшлі поле, перасеклі дарогу і ўвайшлі ў малады хвойнік. Густое, насычанае водарам расцвіўшай хвоі, паветра ўдарыла ім у твар, на міг захлынула грудзі. А потым яны пачалі дыхаць павольна і глыбока, і адразу прыемная стома разлілася па ўсяму целу, аслаблі мускулы; самі зліпаліся павекі. Тацяна намачыла ў расе руку і працёрла вочы. Лясніцкі спыніўся, па маленькаму ручному компасу праверыў напрамак.— Не заблудзіцца б нам у гэтым гушчары, — ціха сказаў ён.Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшы і гусцейшы. Іголкі балюча калолі рукі, твар, і яны вымушаны былі ісці, нізка схіліўшыся. Нарэшце яны выбіліся на вузкую лясную дарожку і па ёй хутка выйшлі зноў на поле.