Глыбокая плынь, частка 2
— Вось табе і на! — здзівіўся камісар. — А што ж бы вы хацелі рабіць у нас?Яна на хвіліну сумелася, апусціла вочы, а потым паглядзела на Лясніцкага, перавяла позірк на Прыборнага і смела папрасіла:— Перавядзіце мяне ў разведчыкі, Павел Сцяпанавіч! Мне сорамна... Люба малодшая, і вы ўзялі яе. Зразумейце, што я хачу змагацца актыўна. Я маю права на гэта...Камісар і камандзір пераглянуліся.— Я больш, чым хто другі, бачыла вайну... — голас яе задрыжаў, заружавеліся шчокі. — I нянавісці ў мяне...Лясніцкі перабіў яе.— Пачакай, Тацяна, — ён не заўважыў, што першы раз звярнуўся да яе так проста, як да ўсіх у атрадзе. — Стаць разведчыцай ты зможаш у любы момант, калі гэта спатрэбіцца. А вось з санітарамі ў нас цяжка. Алена не можа справіцца адна. Яна сама выбрала вас з Лідай і, канечне, не памылілася. Мы з камандзірам падтрымалі яе выбар. А з Любы санітар быў бы дрэнны. Занадта ў яе запалу многа, — ён ветліва ўсміхнуўся. — Санітары нам трэба выдатныя. Жыццё нашых людзей нам даражэй за ўсё. I добры шпіталь у нашых умовах — вялікая справа.Тацяна адчула пераканаўчую сілу яго простых, скупых доказаў. Мажліва, што сіла гэтая была не столькі ў словах, колькі ў ясным позірку яго карых вачэй, у цёплай, шчырай усмешцы. Усё гэта ўраз развеяла яе загадзя падрыхтаваную прамову, якую яна рыхтавала шмат дзён, каб пры зручным выпадку давесці камісару і камандзіру, што яе месца не ў шпіталі, а ў групе разведчыкаў. I вось ён, гэты выпадак, але ад яе доказаў нічога не засталося. Усе яны раптам зрабіліся наіўнымі і смешнымі перад простымі і лагічнымі словамі камісара.Яна зразумела гэта, але жаданне стаць разведчыцай не пагасла, а нават чамусьці стала яшчэ мацнейшым, і яна паспрабавала пярэчыць:— Але ж калі няма схільнасці да чаго... Прыборны глыбока ўздыхнуў.— Эх, дачка! У нас не было схільнасці ваяваць. Наліха нам трэба была гэтая вайна! Жылі, працавалі, будаваліся, багацелі з кожным годам... Але калі на нас напалі, калі нам на шыю ярмо ўздумалі надзець, — ён узрушана падняўся з-за стала, — мы ўсе сталі салдатамі. I схільнасць у нас адна цяпер — разбіць ворага. Вось як! А ты — схільнасць. Якая там схільнасць! — яго твар асвяціўся бацькоўскай усмешкай.Тацяна адчула сябе ніякавата. Урэшце, сапраўды просьба яе наіўная. Не да твару ёй, настаўніцы, сталай дзяўчыне, адмаўляцца ў атрадзе ад даручанай работы. Што было б, каб усе пажадалі рабіць толькі тое, што ім хочацца. Анархія была б.Лясніцкі правёў яе захопленым позіркам і павярнуўся да Прыборнага:— Бачыў, як людзі рвуцца ў бой? Якая ў іх нянавісць? А колькі іх на нашай зямліі Колькі такіх сем"яў, як Маеўскія. Наша справа падняць іх, ускалыхнуць, арганізаваць на барацьбу...Але Прыборны перабіў яго:— Што ты мяне агітуеш усё, Павел. Пачынайка ты лепей расказваць аб галоўным... Што там было?Лясніцкі змоўк, паглядзеў на сябра, потым хутка скончыў есці кашу, выцер ручніком губы, рукі і адказаў:— Было там, Сяргей, пасяджэнне падпольнага абкома. I абмеркавалі адно пытанне: аб разгортванні масавага партызанскага руху. Час прыйшоў, Сяргей, — вочы яго загарэліся. — Пара паднімаць увесь народ. Народ гатовы да барацьбы. Не здзіўляйся: нас крытыкавалі. Па-першае, за слабую палітычную работу з насельніцтвам, а па-другое, за дрэннае кіраўніцтва астатнімі атрадамі на тэрыторыі раёна. Добра, канечне, што мы выпеставалі свой атрад, зрабілі яго высокакваліфікаванай баявой адзінкай, што ў нас і разведка цудоўная, і снайперы, і кулямётчыкі. Але ўсё гэта адзінкі, а трэба масавасць, трэба, каб удзельнічаў увесь народ і ўдзельнічаў арганізавана. Каб ніякіх «дзікіх атрадаў». Райком павінен кіраваць кожнай групай. Узнімалі пытанне аб стварэнні партызанскіх брыгад і злучэнНяў. Нам і сапраўды сорамна, што да гэтага часу мы не аднавілі нават выпуск раённай газеты. Шрыфт у нас ёсць, ды і ў атрадзе Кандыбы маюцца шрифты дзвюх раённых друкарань. Трэба будзе неадкладна пачаць. Абком зацвердзіў новы склад бюро нашага райкома. Сакратаром падпольнага райкома камсамола зацвердзіў Лубяна. Добра будзе?