Глыбокая плынь, частка 2
Яго хітрасць перамагла яшчэ раз.У той час, калі яго паплечнікаў, як дурных бараноў, павялі пад кулі, ён, Мацей Кулеш, зрабіўся сувязным — сваім чалавекам у партызан. Спрытна!Мацей Кулеш ад радасці бязлітасна біў каня рукаяткай пісталета і бязгучна спяваў.Але паведаміўшы здзіўленай Любе ўсё, што загадаў яму Майбарада, і аддаўшы па яе патрабаванню каня, Кулеш з усяе сілы кінуўся бегчы назад. Сем кіламетраў ён прабег за паўгадзіны і, знясілены, упаў на парозе кабінета Візэнера.— Пан камендант! Ратуйце, ратуйце атрад, — у роспачы прашаптаў ён і расказаў аб забойстве Гопкеля, аб парашутыстах і Майбарадзе, але не зусім так, як было ў сапраўднасці.— Ну, вось і вёў ён нас, нібыта па вашаму загаду, лавіць іх, парашутыстаў. I завёў у такі гушчар, што ў мяне валасы дыбам сталі. Тут я і адчуў нядобрае... Адстаў, непрыкметна злез з каня і ўцёк... Да вас прыбег... Не, не, пан камендант, клянуся вам... я не хлушу. Можа, я памыліўся, але... Клянуся! — закрычаў ён, убачыўшы, што Візэнер уздрыгнуў, цяжка падняўся і накіраваўся да яго.Але Візэнер не крануў яго.Ён падышоў да акна і доўга моўчкі глядзеў на далёкі лес.Кулеш супакоіўся, пасмялеў і прашаптаў:— Трэба паслаць салдат, пан камендант.Візэнер павярнуўся, твар яго быў жудасны: скрыўлены, зубы сціснутыя, у вачах — нейкія шалёныя іскры. Кулеш спалохана адхіснуўся.— Шпэт, нар! — крыкнуў ён і, сеўшы на канапу, сціснуў далонямі скроні, зашыпеў: — Шмах, шмах!.....Сапраўды было позна.Праз паўтары гадзіны бяссэнсавага блукання па лесе Майбарада вывеў атрад у прыдняпроўскія лугі, прывёў да Белай затокі. Затока гэтая — вузкі рачны рукаў — утварыла з ракою паўвостраў накшталт выцягнутай падковы. На пясчаным паўвостраве гэтым расла густая лаза.— Напоім коней! — сказаў Майбарада і завёў атрад у падкову.А як толькі бандыты, узрадаваныя тым, што нарэшце вырваліся з лесу, спешыліся, пачалі размінаць ногі, паіць коней і піць самі, ззаду, з лазы, нечаканым смяротным ураганам наляцелі на іх коннікі Жаўны.Бліснулі пад чэрвеньскім сонцам вясёлымі зайчыкамі шаблі.Секлі бязлітасна.Шводзін з трыццаці сямі бандытаў не ўправіўся нават кінуць гранату ці стрэліць. Некалькі чалавек скочылі ў Днепр. Іх расстралялі з вінтовак. Праз пяць хвілін усё было скончана. Фёдар Жаўна выцер шаблю аб грыву каня.— Цэ вам за пакуты люду нашага, за кроў, яку вы пралілы, за слёзы, за зганьбу імя майго. Зямля вам колам і адвічна пракляцце! А тобі, братку, шчырае дзякуй, — звярнуўся ён да Майбарады і паціснуў яму руку.Дачакаўшыся на ўзлессі ночы, Мікалай Маеўскі паўзком прабраўся да хаты цёткі Сцепаніды.Старая сустрэла яго, як роднага сына, са слязамі радасці, паверыла без усякіх пароляў і адразу ж пачала карміць і расказваць аб яго родных. Ён слухаў радасна і прагна, смачна едучы халодную бульбу з кіслым малаком.Апоўначы Сцепаніда кудысьці схадзіла і прывяла Насцю Зайчук, якая, убачыўшы Мікалая, спачатку разгубілася, а потым зарадавалася і абняла яго, проста і шчыра.Сцепаніда глядзела на іх з замілаваннем.— Ну, цяпер зразумела, для чаго табе загадалі ўвесь час быць пры мне? Вось... весці яго трэба на Ласіны.— Вы адны, Мікалай Карпавіч? — спытала Насця.— Не. 3 адным таварышам. 3 Буйскім. Ведаеце?— 3 Андрэем! — Насця ажно захлынулася. — Дзе ж ён?Мікалай, ні аб чым не здагадваючыся, коратка расказаў, як ён разлучыўся з Буйскім. Гадзіны ў дзве яны выйшлі.Быў канец чэрвеня, і былі самыя кароткія і прыгожыя летнія ночы. Ужо ў дзве гадзіны неба на паўночным усходзе святлела і срэбная паласа паўзла на ўсход і паступова пашыралася, ружавела. Ажываў лес. Першым затрапятала чуткае лісце асіны. Але маўчалі яшчэ паважныя дубы. Змоўкла хвоя. Улетку, у бязветраны час, хвоя гамоніць уначы і стаіць нерухома ў гарачы дзень.