Глыбокая плынь, частка 2

— Уставай, Барада, прыехалі, — ён сказаў гэта на чыстай рускай мове.Нечаканых гасцей абяззброілі, машыну ўрачыста прыкацілі ў лагер.Спачатку, вядома, не верылі таму, што расказвалі аб сабе палонныя. Але таго, што быў у форме афіцэра, нечакана пазнала партызанка Рыта Пясоцкая.— Ды гэта ж аспірант філалагічнага факультэта нашага універсітэта. Я яго тры гады ведаю, яшчэ калі ён студэнтам быў. Прозвішча яго Буйскі. Вось гад! Значыцца, ён шпіёнам быў.— Нікім ён не быў, грамадзяначка. Быў ён добрым савецкім чалавекам і да смерці будзе ім, — з крыўдаю за таварыша адказаў другі, як пасля выяснілася, шофер таксі Пятро Майбарада. Паглядзеўшы дакументы, якія яны прывезлі з сабой, Прыборны і Лясніцкі паверылі хлопцам, іх расказу.Андрэй Буйскі добра ведаў нямецкую мову. I гэта стала яго зброяй. А фантазёр Майбарада — лепшым памочнікам. Пераапранаючыся ў форму салдата ці афіцэра, Буйскі прыставаў да нямецкіх часцей, краў зброю, рабіў дыверсіі і бясследна знікаў. У апошні раз ён у форме афіцэра фельдсувязі з"явіўся ў нямецкую станцыйную камендатуру, застаўся там нанач, увечары добра выпіў з камевдантам, а ўначы прыдушыў ап"янеўшага фашыста і, забраўшы ўсе дакументы, выехаў на яго машыне. Майбарада чакаў яго ў дамоўленым месцы. У той час яны ўжо ведалі, што ў бліжэйшых лясах дзейнічае вялікі партызанскі атрад, і вырашылі знайсці яго. Яны шукалі партызан два дні, ездзячы па лесе, ажно пакуль не спалілі ўвесь бензін і партызаны самі не знайшлі іх.У атрадзе сябры зрабіліся разведчыкамі. Праўда, Лясніцкі не даваў Андрэю ходу: не дазваляў хадзіць на разведку, на дыверсіі ў нямецкай форме, хоць Прыборны — прыхільнік усяго незвычайнага, прыгодніцкага — быў за такі метад.— Не, гэта нам спатрэбіцца для больш важней справы, — гаварыў камісар.Такой першай важнай справай з"явілася надзвычайная камандзіроўка Андрэя Буйскага ў Маскву.I вось цяпер усе з нецярпеннем чакалі яго звароту. Але, мабыць, больш за ўсіх думаў аб ім, турбаваўся Прыборны. Ён хваляваўся не толькі як камандзір, што даваў задание і для якога вельмі важна было, каб такое задание паспяхова выканалася, бо сувязь з Масквой патрэбна, як паветра і хлеб, але яшчэ неяк і па-іншаму, мажліва, як хвалюецца бацька за сына. Прыборнаму крыху не шанцавала ў сямейным жыцці: было ў яго шэсць дачок і ніводнага сына. I ён увесь час, і асабліва ў апошнія гады, адносіўся з наибольшей павагай да хлапцоў і зайздросціў бацькам, у якіх былі сыны. А тэты Андрэй дык асабліва неяк запаў яму ў душу.«Ах, Андрэй! Дзе ты, сыне, зараз? ЦІ хутка мы ўбачымся?»Ён падняўся з-за стала, прайшоў па зямлянцы. Зноў пад масніцамі заплюхала вада. «Ліха на яе! Адкуль толькі яна бярэцца? I месца ж, здаецца, высокае. Трэба будзе канаву выкапаць, як Карп вакол сваей зямлянкі».У дзверы пастукалі. Зайшоў Майбарада і ўрачыста паведаміў:— Таварыш камандзір! На гарызонце — камісар і разведчыкі.Прыборны хутка накінуў на плечы кажух і шпарка выйшаў з зямлянкі. Насустрач яму ішоў Лясніцкі. Яны абняліся і моцна пацалаваліся. Потым камандзір паціснуў руку кожнаму разведчыку. Усе яны былі такія змораныя, што ледзь трымаліся на нагах. А Люба адразу села на зямлю, прытуліўшыся плячамі да тоўстай сасны, і заплюшчыла вочы.Лясніцкі пастроіў разведчыкаў і падзякаваў ім за паспяховае выкананне задания.— Служым Савецкаму Саюзу! — нястройна, але цвёрда, як сапраўдныя салдаты, адказалі змораныя партызаны. Зайшоўшы ў зямлянку, Лясніцкі хутка спытаў: