Глыбокая плынь, частка 2
— Хадзем наведаем Буйскага. Мне трэба пагутарыць з ім.— Да яго нельга заходзіць, калі ён працуе, — адказала Тацяна.— Вось яшчэ дзікунства! Да чалавека нельга зайсці. Выдумалі.— Павел Сцяпанавіч загадаў.— Я не чула, калі ён загадваў, значыцца, мне можна. Але адна я саромеюся. А мне вельмі трэба. Хадзем... Зрабі гэта для мяне, Таня. Я вельмі прашу цябе, — і яна ласкава абняла сяброўку. Тацяна заглянула ёй у вочы і не змагла адмовіцца: у прыгожых Насціных вачах гарэлі дзіўныя агеньчыкі.У Тацяны зарадзілася туманная здагадка. На іх стук Андрэй ветліва адказаў:— Калі ласка.Але ўбачыўшы нечаканых гасцей, ён здзіўлена бліснуў акулярамі і спяшліва сабраў са стала нейкія паперы, паклаў іх у скрынку.Яны першы раз убачылі яго ў акул ярах, і Насці стала сорамна за словы, якія яна сказала Майбарадзе. Яна пачырванела, разгубілася, але не зводзіла з Андрэя вачэй. Ён злавіў яе пільны позірк, зняў акуляры і сказаў, нібы апраўдваючыся:— Не магу ўжо доўга чытаць без іх. Развіваецца блізарукасць... Але... сядайце... Будзьце гасцямі.— Мы перашкодзілі вам, Андрэй? — спытала Тацяна.— Калі гаварыць шчыра, так.— Дык мы пойдзем.Насця кінула на сяброўку гнеўны позірк.— О не! Што вы! Пасядзіце. Пагутарым. Мы цяпер вельмі рэдка бачымся. Але... сядайце на ложак альбо на кнігі. Табурэтка ў мяне адна.Яны селі на ложак і здзіўлена аглянуліся. Іх здзівіла колькасць кніг. Нідзе ва ўсёй брыгадзе не бачылі яны столькі кніг, як у гэтай маленькай зямлянцы. Палова кніг была на нямецкай мове.Насця з цяжкасцю прачытала некалькі загалоўкаў і зморшчылася.— I вы чытаеце ўсю гэтую поскудзь? Андрэй уздыхнуў.— Часам бывае брыдка, але толькі ад такой в ось поскудзі, як вы сказалі, — ён стукнуў рукой па тоўстай кнізе ў чорнай вокладцы. — А наогул я люблю чытаць. Такая ўжо мая прафесія — мець справу з кнігамі ўсіх часоў і народаў. 3 маленства ў мяне была схільнасць да моў. Мяне цікавіла слова, гук. У малодшых класах я марыў вывучыць мовы ўсіх народаў зямлі. Пазней, канечне, я зразумеў, што гэта немагчыма, але ўсё ж я зрабіў мэтай свайго жыцця вывучэнне мовы. Я рыхтаваўся стаць вучоным-моваведам. — Андрэй на момант задумаўся, твар яго асвяціўся добрай усмешкай, ён задуменна паўтарыў: — Вучоны-мовавед, — і схамянуўся, зноў звярнуўся да дзяўчат: — Гэта вельмі цікава — мова народа. Звычайныя людзі думаюць, што гэта проста, а на самай справе вельмі складана. Мова народа — жыццё ва ўсіх праявах яго. I ведаеце, вельмі горка, што ў наш век жывуць варвары, якія ставяць сваей мэтай знішчыць народы, знішчыць мовы. Тупагаловыя дзікуны! Яны не разумеюць, што няма той сілы, якая знішчыла б народ. Да гэтага часу яны дамагліся толькі аднаго: спаганілі сваю ўласную мову, цудоўную нямецкую мову, на якой тварылі Гётэ і Гейнэ, Маркс і Тэльман. Ведаеце, я пішу работу «Фашызм і дэградацыя нямецкай мовы». Цікавая работа. Я пачаў яе яшчэ ў Маскве, калі ўпершыню пазнаёміўся з іх літаратурай. Часам працягваю і тут. Але вельмі рэдка. Толькі ў хвіліны творчага натхнення. А колькі такіх хвілін у мяне бывае? Дзве ў месяц, як гаворыць Майбарада. Ды я і не шкадую, што не магу пісаць зараз. Напішу пасля вайны.Насця з такім замілаваннем і захапленнем глядзела на яго, што Тацяна ўраз усё зразумела і, напоўніўшыся мацярынскай пяшчотай да сяброўкі, сціснула яе руку і прашаптала на вуха:— Дурніца.Тая ўраз успыхнула, як кветка маку. У гэты момант Андрэй паглядзеў на іх, спыніў позірк на Насці і здзіўлена ўзмахнуў брывамі.