Глыбокая плынь, частка 2

Нібы ў тумане, Лясніцкі перайшоў хату, нахіліўся і моўчкі пацалаваў нябожчыцу ў белы халодны лоб. Тады Уліта, галосячы, звярнулася да яго:— А ці бачыш ты, Паўлік, што зрабілі з тваёй разведчыцай? А зрабілі ж гэта твае хлопцы. А чаму ж ты іх не стрымліваў? Чаму ты не сачыў за імі? А ці ж ведалі яны, на каго падымалі руку?Не адразу сэнс гэтых слоў-галашэнняў дайшоў да затуманенай нечаканым горам свядомасці камісара брыгады, а калі дайшоў, дык ён уздрыгнуў усім целам, яму здалося, што нешта цяжкае нечакана ўдарыла па галаве.«Што яна гаворыць?.. Мае хлопцы... нашы партизаны забілі Таню Грэбневу? Завошта? Што за недарэчнасць!» — ледзь не крыкнуў ён, але своечасова схамянуўся, кіўком галавы паклікаў адну старую жанчыну ісці за ім, выйшаў з хаты і, цяжка дыхаючы, сеў на ўсходцах ганка.Тацяна, у якой цяжкае рыдание горкім камяком захраснула ў горле, выйшла таксама і механічна, не разумеючы таго, што робіць, села побач. Ён паглядзеў на яе і ціха сказаў:— Вось якія справы, Танюша. Жанчына выйшла праз хвіліну.— Што здарылася, цётка Параска? — амаль шэптам спытаў Лясніцкі.Старая цяжка ўздыхнула.— Э-эх, не пытайся, Паўлік. I сама не ведаю. О-хо-хо. Гора наша, гора, — яна пакачала галавой, выцерла рогам хусткі вочы. — Учора пад вечар прыехаў у вёску атрад... Жаўна нейкі...— Жаўна? — здзівіўся Лясніцкі. — Ну-ну?_ Ну... прыехалі, сабралі ўсю вёску на плошчу, перад сельсаветам... I чытае загад, нібыта табою, Павел, падпісаны. Загадваеш ты мабілізаваць усіх маладых хлопцаў у партызаны, а тых, хто не хоча ісці, схаваецца, запісваць у дэзертыры, здраднікі і расстрэльваць на месцы... Вось так... О-хо-хо... Скончыў гэта ён чытаць, а Таня і крыкнула яму: «Няхай, — кажа, — той, хто падпісаў гэты загад, прыйдзе ды пагутарыць з намі». Тут яе першую і вывелі з натоўпу, каля сцяны паставілі. А потым пытаюць: «Хто жадае ў партызаны? Выходзь...» Маўчаць людзі. Бог ведае, хто яны такія, ці сапраўды партызаны, ці паліцэйскія. Ну, і маўчаць людзі. Тады яны падыходзяць да двух братоў Мартынавых, пытаюць: «Вы жадаеце?» А старэйшы, Васіль, раззлаваўся ды ў адказ: «Можа, — кажа, — і пойдзем, але не ў ваш атрад». Узялі іх, разам з Таняй паставілі. А потым так вось спыталі Дубадзеда Ігната хлапца і сына настаўніцы Веры Фёдараўны. Ну, і гэтыя не згадзіліся. Тады гэты... як яго?.. Жаўно гэты з кулямёта... О-хо-хо. Так усе яны, пяць саколікаў, і паваліліся, — старая выцерла слёзы, памаўчала. — Перад усім народам, каля сцяны сельсавета. Чуеш, Павел? Народ кінуўся — хто куды. А яны страляць уздагонку. Яшчэ трох забілі. Старую Шчурыху, дзяўчыну Сямёна Бараздзецкага і Веру Фёдараўну. Яна, бедная, да сына кінулася. О-хо-хо!.. Горушка наша, гора! Што робіцца не белым свеце? А што пасля рабілася? Гвалтавалі, рабавалі, білі і ламалі... Ды не верыць народ, што гэта ты загадаў, Павел. Госпадзі, як паверыць!.. Ці ж мы не ведаем цябе?Паліцаі гэта былі. А, Павел? Павел!Лясніцкі падняў галаву.— Так, гэта — паліцаі, — цвёрда сказаў ён І, падняўшыся, накіраваўся да каліткі. Старая дагнала яго, учапілася мазолістымі пальцамі ў рукаў кашулі.— Павел! Пакарай гэтага нягодніка. Знайдзі яго. За слёзы нашы, за кроў, за гора наша, — голас яе дрыжаў.Лясніцкі хутка павярнуўся, схапіў і сціснуў рукі старой жанчыны, у вачах у яго бліснулі слёзы.— Я... я клянуся... Хто б гэта ні быў — нашай кары яму не мінаваць, — ён павярнуўся, хутка выйшаў на вуліцу.Тацяна амаль бегла, каб не адстаць ад яго. Ён дзесьці пакінуў шапку і ішоў з непакрытаю галавою пасярод