Глыбокая плынь, частка 2
Лясніцкі падняў галаву.— Разумееш — чаму? Тактыка няправільная... Тактычная памылка. Нельга падрыўнікоў пасылаць адных. Іх трэба прыкрываць, абараняць... А мы ўсё на «ўра» прывыклі. Усё на паніку спадзяваліся. Смаленай савы не бачылі... Дык вось яна! Калі ласка.Лясніцкі маўчаў. Гэта была самая цяжкая страта за ўвесь час дзейнасці атрада і вельмі балюча ўразіла яго. Кальнула ў сэрца. Перад вачыма ўсплыў вобраз забітай Тані Грэбневай.«Памылка... Тактычная... А хто даваў нам права рабіць такія памылкі? Тут — памылка. Жаўну дрэнна ведаем — памылка. Памылка за памылкай», — у глыбіні Дуты расла злосць і на сябе, і на Прыборнага. Каб стрымацца, ён сеў, але пальцы нервова забарабанілі аб скрынку радыёстанцыі.— Партыя пакінула нас не для таго, каб мы рабілі памылкі.Прыборны здзіўлена паглядзеў на яго.— На вайне не бывае без памылак. Лясніцкі змаўчаў, а потым спытаў:— Цяжка ранены Гнядкоў і Маеўскі?— Не цяжка, але са строю выйшлі. Месяц пракачаюцца... Маеўскі — у галаву асколкам міны, Гнядкоў — куляю ў руку. — Прыборны ўсміхнуўся. — Сёння ўжо на іх Алена скардзілася. Супакою не даюць. I ў шпіталі майструюць свае міны. Чаго добрага, узарвуць яшчэ.Лясніцкі памякчэў, пачуўшы гэта, і ўжо разважліва сказаў:— Добра, Сяргей. Тактычную, як ты называет яе, памылку мы выправім. Падрыўнікоў будзем прыкрываць. А вось як нам народ наш прыкрыць? Жанчын, дзяцей? — голас яго задрыжаў. — Вось што...Прыборны не зразумеў і перабіў яго:— Пачакай... Я не ўсе яшчэ няшчасці паведаміў табе... Засталося галоўнае і самае агіднае. Проста язык не варочаецца сказаць гэта. На вось, чытай, — ён падаў камісару аркуш паперы. — Данясенне разведчыкаў. — I, стукнуўшы кулакамі па стаде, моцна вылаяўся: — Блюдаліз нямецкі!Радыст прачнуўся, падняў галаву і здзіўлена глядзеў на іх.Лясніцкі прачытаў данясенне. У ім паведамлялася, што бандыцкі атрад пад камандаю нейкага Жаўны ў вёсцы Любаўцы расстраляў адзінаццаць чалавек, у другой вёсцы скасіў кулямётам статак кароў і спаліў паўвёскі.Скончыўшы чытаць, камісар падняў галаву і ціха прадоўжыў паведамленне:— У Межах яны па-бандыцку забілі восем чалавек і ўчынілі гвалты, — ён асабліва націснуў на «яны». — I ў ліку іншых забіта Таня Грэбнева. Але я... — ён хутка падняўся і стаў насупраць Прыборнага, — я не веру, што гэта Жаўна... Жаўна тут ні пры чым. Дарэмна ты абураешся. Гэта работа немцаў. Заўваж, усё робіцца пад маркаю прымусовай мабілізацыі ў партызанскія атрады. Чытаецца загад ад твайго і майго імя. Яны хочуць зганьбіць нас у вачах народа, падарваць наш аўтарытэт. Тупагаловыя дурніі Яны не могуць зразумець, што партызаны і народ — гэта адно цэлае. А Лясніцкі і Прыборны — гэта прадстаўнікі бальшавіцкай партыі, а ў партыю наш народ ніколі ўжо не згубіць веры. Вось ужо сапраўды, хто топіцца, той хапаецца за саломінку. Мізэрная саломка гэты іх атрад. Дарэмныя патугі... Прыборны перабіў яго:— Усё гэта я разумею. Але чаму ты ўпэўнены, што яны не скарысталі Жаўну?Лясніцкі дакорліва паківаў галавой.— Дрэнна ты, Сяргей, ведаеш сваіх камандзіраў. Прыборны пачырванеў.— Ты мяне не папракай. Ты ведаеш не лепей. Ведаеш ты, што тры дні назад атрад Жаўны быў у раёне Лоева, а мы з табой і дагэтуль нічога не ведаем, што ён вярнуўся. Раз, — ён загнуў адзін палец. — Другое. Усе мы не раз чулі, што Жаўна — абкружэнец, кадравы камандзір, а ў сапраўднасці — буфетчык. А-а? Гэта ты чуў? Два...