Глыбокая плынь, частка 2

Гопкель быў немец-каланіст з Украіны, даўнішні агент нямецкай разведкі. Але год шэсць назад савецкая контрразведка нарвала ўсе ніткі яго сувязей, арыштавала ўсіх, хто ведаў яго і каго ён ведаў. Спалоханы, маральна раздаўлены, ён прытаіўся і з жудасцю чакаў арышту. Яму пашанцавала. Але затое нямецкае камандаванне не магло дараваць яму пяцігадовай бяздзейнасці. Доўга ён выслугоўваўся, стараўся, выконваючы самую чорную работу, самыя брудныя заданні. Нарэшце назначэнне яго камандзірам «Кугеля» дало яму мажлівасці канчаткова апраўдаць сябе, даказаць начальству, што ён варты большага, чым яны думаюць аб ім.У мінулую ноч Візэнер пазваніў яму па тэлефоне, паведаміў, што ў лугах партызаны кладуць агні — відаць па ўсяму, што чакаюць самалёта, — і загадаў раскласці такія ж агні на прыгарскім полі. Самалёт сапраўды кружыўся над лесам. Трэба думаць, што ён скінуў парашутыстаў.Раніцою яны пачалі пошукі іх.I вось зусім выпадкова і зусім нечакана, вяртаючыся са штаба Візэнера ў лагер, ён сустрэў гэтае сваё шчасце, сваю кар"еру — парашутыста.Гопкель адразу зразумеў, што гэта іменна ён, і пачаў хітрыць, іграць ролю партызанскага камандзіра. Для яго было зусім бяссэнсавым забіць парашутыста. Не хацелася і браць яго гвалтоўна. Ён у сто разоў лепей за любога Візэнера ведаў характер людзей, якім даюць такія адказныя заданні. Недарма ж ён вывучаў іх на працягу чвэрці стагоддзя. Ён добра ведаў, што звычайным гестапаўскім спосабам у такога чалавека нічога не выпытаеш.Але першая яго хітрасць не ўдалася. Парашутыст аказаўся значна разумнейшым і больш спрактыкаваным, чым думаў Гопкель. Ён схаваўся за дуб І напружена думаў.За другім дубам стаялі двое, Пятро Майбарада і Мацей Кулеш.Калі Маеўскі на момант высунуўся, Кулеш нахіліўся і таямніча прашаптаў:— А я ведаю яго. Майбарада насцярожыўся.— Ён з нашае вёскі. Маеўскі яго прозвішча. Яго бацька і сястра двух паліцаяў зімой укакошылі і да партызан уцяклі. Чуў мо? А ён — інжынер. Да вайны, казалі, дзесь на Урале працаваў.— Ну і што з гэтага? — сурова спытаў Майбарада. За чатыры дні ён страшэнна ўзненавідзеў гэтага чалавека, які заўсёды з"яўляўся перад ім у самыя адказныя і крытычныя хвіліны са сваёю ліслівай і агіднай усмешкай. Нават і тут стаў за адно дрэва, за спіну, і брыдка дыхае ў патыліцу. Ажио непрыемныя нервовыя дрыжыкі беглі па целу ад гэтага дыхания. Майбарада хацеў было ўжо піхнуць яго ад сябе, пад кулі незнаёмца. Але тое, што Кулеш сказаў, стрымала яго. Ён ураз забыў на яго брыдкае дыхание. Было не да гэтага — у душы ў хлопца паднялася бура.«Брат Тацяны... Сын Карпа Маеўскага. Тацяна расказвала аб ім. Як жа ён трапіў сюды? Няўжо сапраўды з начнога самалёта? Ну, лжэш Ганс Гопкель! Пакуль я тут жывы, твае хітрыкі будуць дарэмныя».— Слухайце, таварыш! — крыкнуў у гэты момант Гопкель. — Пароль нам яшчэ не прынеслі. Але перадалі, што вы спусціліся ў нашым раёне. Мой атрад за паўкіламетра адгэтуль. Тут — партызанская зона. I ўзяць вас мы возьмем, жывога ці мёртвага, будзьце ўпэўнены. Нас чацвёра тут. А праз дзве хвіліны пасля нашых першых стрэлаў будзе паўсотня коннікаў. Давайце лепей па-мірнаму.Маеўскі маўчаў.— Даю вам мінуту на разважанне. Гляджу на гадзіннік.Але раптам загаварыў Майбарада:— Мікалай Карпавіч? Кінь сапраўды ламацца! Сваіх не пазнаеш, ці што? Вось твой аднавясковец Мацей Кулеш, — і ён выштурхнуў Куляша з-за дуба, потым выйшаў сам. — А вось я, твой стары сябра. Пазнаў? Чорт цябе вазьмі. На адной парце сядзелі, а ты ўжо забыў. Заганарыўся, ліха на цябе!