Глыбокая плынь, частка 2

Так пражылі паўтара года. Потым раз"ехаліся, яна _ у Мінск, ён — у Ленінград. Чатыры гады жылі пісьмамі і чаканнем летніх канікул, радасных сустрэч у Арэхаўцы. Апошнія канікулы былі самымі шчаслівымі, светлымі днямі жыцця. Але ёй трэба было яшчэ год вучыцца, а Мікалая накіравалі некуды на Урал. Яна доўга чакала яго першага пісьма з новага месца, а калі атрымала, яно здалося ёй не такім, як усе папярэднія, напісаныя ім за чатыры гады, — не такім цёплым і ласкавым. Яна не зразумела яго захапленне дзівоснай прыродай Урала, начлегамі ў лясных гушчарах, паляваннем. У другім пісьме ён цёпла напісаў аб дзяўчыне-геолагу з іх партыі і тут жа паскардзіўся, што ледзь-ледзь успамінае яе, Аленін, твар, голас, рухі. Яна наказала гэтае пісьмо сваім лепшым сяброўкам, і яны зрабілі страшны для яе вывад. Яна была гордая і ўсё затаіла ў сабе. Вырашыла прадаўжаць перапіску да сустрэчы. Але не змагла. Спачатку мімаволі, а потым знарок яна пачала пісаць яму суха і каротка — каб ён зразумеў яе роспач, боль сэрца. Але ён не разумеў ці не хацеў зразумець. Пакрыўджаная і абражаная, яна не адказала на адно з яго пісьмаў, якое здалося ёй асабліва абыякавым. Потым — на другое... Перапіска спынілася. Тры гады яны не бачыліся. I вось зараз лес звёў іх зноў. Яны павінны сустрэцца. Як?Па зямлянцы праляцела Люба.— Дзе Алена?.. Што ж гэта ты стаіш тут у кутку? Не чуеш, ці што? Мікалай Маеўскі прыйшоў. Гэта ж ён прыляцеў з Андрэем. Мне яшчэ ўчора Пецька сказаў, але Павел Сцяпанавіч загадаў маўчаць. Хадзем жа хутчэй! А то ў зямлянцы ж тут нічагусенькі не відно, — і з вясёлым смехам яна схапіла разгубленую Алену за руку і амаль сілком выцягнула на двор.Алена схамянулася, спакойным рухам паправіла скамечаны халат, ціха прывіталася, нібы не бачыліся яны ўсяго некалькі дзён:— Добрай раніцы, Мікалай Карпавіч. I вы да нас? Ён не здзівіўся, калі ўбачыў Таню, Любу, бо ведаў,што яны тут — аб іх расказвалі і Сцепаніда, і Насця. Аб Алене ж ніхто нічога не сказаў, і сустрэча з ёй не менш збянтэжыла і яго.«Дык вось тут што», — успомніў ён словы Майбарады і працягнуў ёй руку.— Добрай раніцы, Лена, — і раптам нечакана для самога сябе, а яшчэ больш для яе, абняў і пацалаваў у вусны.Яна вызвалілася з яго абдымкаў. Пачырванела, хаваючы збянтэжанасць, жартліва сказала:— Хопіць жа вам частаваць яго аднымі пацалункамі, — і пайшла назад у зямлянку.Неўзабаве яны ўсе сядзелі за сталом у засені згорбленага дуба-волата.На стале было ўсё лепшае, што знайшлі на харчовым складзе: сала, цыбуля, банка рыбных кансерваў і нават чорная, пузатая, з срэбнай галоўкай бутэлька «Савецкага шампанскага».Вакол, пад дрэвамі, стаялі партызаны, пераважна моладзь.Мікалай аглянуўся і здзівіўся: якой мірнай, прыгожай і радаснай выглядзіць гэтая сустрэча. Усе навокал смяяліся: і тонкія праменні сонца, што прабіваліся праз лісце дуба і скакалі вясёлымі зайчыкамі, і дрэвы, і людзі. I зусім не хацелася верыць, што яшчэ ўчора раніцою ён так блізка зірнуў у твар смерці, а ўсе гэтыя дзяўчаты і юнакі штодня сустракаюцца з ёю і штохвіліны гатовы аддаць сваё жыццё за тое, каб другія такія мелі мажлівасць сустракацца так у любы час і ў любым месцы, а не хаваліся ў гушчарах лясоў.Ён успомніў, што амаль гэтак жа сустракаліся яны ў Арэхаўцы ў іх садзе, калі ён прыязджаў на канікулы. Вось так сядзела Таня, так гучна смяялася, тады яшчэ дзяўчынка, Люба і задумліва ўсміхалася Лена. Над сталом, прывабленыя пахам мёду, звінелі пчолы. I проста на стол падалі з яблыні залатыя даспелыя яблыкі.