Сэрца на далонi, частка 1

Нырнуў паплавок адной з вуд. Гукан спрытна скочыў да вудзiльна i выкiнуў срэбна-белую плотку... Яраш зняў яе з кручка. Кiдаючы ў вядзерца, спытаў: - Гумай не пахне? - Не. Праверана. - То, можа, час ужо варыць юшку? - прапанаваў Шыковiч. - Ты бачыў, як бярэцца? Павудзiм, доктар? - звярнуўся Гукан да Яраша, мабыць, адчуўшы ў iм аднадумца, недарма кажуць: "Рыбак рыбака бачыць здаляка". - Безумоўна, павудзiм! - падтрымаў Яраш. Скiнуўшы тапкi, падкасаўшы штаны, ён пайшоў цераз ручай. - Я далей. Гукан ацанiў яго рыбацкую далiкатнасць. Паглядзеў услед, сказаў: - Зайздрошчу гэтаму чалавеку. Волат. - Уздыхнуў: - Няроўна дзелiць мацi-прырода. - Ды i няроўна, каб ёй пуста было, - згадзiўся Кiрыла, разматваючы леску. Ён прымасцiўся тут жа, крокаў за дзесяць ад Гукана, хоць таму гэта не вельмi спадабалася. Сеў на абрыве, звесiў ногi да вады, насадзiў чарвяка, папляваў на яго, нацягнуў леску, сагнуўшы вудзiльна, i адпусцiў: кручок i груз паляцелi далёка ў раку, але плынь хутка знесла паплавок да берага. А Гуканавы паплаўкi, наадварот, цягне на сярэдзiну. Нечаканыя павароты робiць плынь! Шыковiч прасачыў, як праплыў кусцiк травы, паразважаў у думках над тайнамi ракi, зразумеў урэшце, чаму Гукан заняў гэтае месца: злiваюцца два струменi ракi i ручая, рыба любiць такiя куткi. Яго месца - ужо не тое. Але не стаў шукаць другога. Тут хораша сядзець на мяккай траве. Вада блiзка, хоць апускай у яе прахалоду ногi. Дзiўнае журчанне. Кiрыла ўпершыню чуе такое. Быццам вада бяжыць па звонкай металiчнай трубе. Чаму гэта? Адкуль? Струмень б"е ў бераг? Але бераг тут мяккi. Ён услухаўся, угледзеўся. Ды думкi расплываюцца, нельга засяродзiцца. Наплывае ўсё адразу. Ластаўкi чэрцяць крыламi ваду. Лятаюць каля самых ног. Можа, гняздо ў абрыве? Пахнуць травы. Ластаўкi не парушаюць спакой, а водар ап"яняе. Асiльвае стома. Хочацца спаць. Чырвоны паплавок лёгка гойдаецца, але не нырае. А ў Гукана нырае. Той раз-пораз падсякае. I ўжо колькi разоў у паветры мiльгалi рыбкi, трапяталiся ў траве. "Драбязу бярэ. Можна i з вудай браканьерыць. Трэба сказаць яму". Але не сказаў, паленаваўся. Хацелася павалiцца ў траву i глядзець у неба, дзе гусцеюць перыстыя аблокi. Сонца яшчэ прабiвае iх, але расплылося, як... яйка на скавародцы. Чужы стары вобраз. Лiха з iмi, з гэтымi вобразамi. Зноў дасцiпныя крытыкi будуць лавiць у яго блохi. Алах з iмi! Не кожны пiша метафарамi. Цяжка чмякнула нешта ў траве збоку. - Глядзi! - Гукан трымаў у руцэ вялiкага акуня, i твар яго ззяў ад шчасця. Шыковiч засмяяўся. Успомнiлася французская кiнакамедыя, эпiзод, дзе ў спаборнiцтве рыбаловаў рыба бралася толькi на кручок браканьера - героя фiльма. Кiрылу заўсёды смяшыла наiўнасць, хлуслiвасць i радасць рыбакоў i паляўнiчых. Паважаныя сур"ёзныя людзi, узяўшы вуду i стрэльбу, ператвараюцца ў дзяцей i мюнхгаўзенаў. Мiж тым Гукан дастаў з кiшэнi прыладу накшталт маленькага пiсталета, выцягнуў з дула стужку рулеткi i змераў даўжыню акуня. А пасля гэтай жа прыладай зважыў рыбiну. Кiрыла глядзеў на яго ўжо без iронii, без смеху, а з нейкiм нават захапленнем: "Ух, чорт! Вось гэта акуратнасць!" Твар Гуканаў, якi быў расплыўся ад усмешкi, зноў выцягнуўся, калi ён сказаў: - Восемсот грамаў. Думаў, больш будзе. Але ўвогуле яго, вiдаць, задаволiла рыбацкая ўдача. Ён раптам сеў пад вярбой. Дзiўна сеў, высока, на ўзровень падбародка, падняўшы вострыя каленi. На правае калена палажыў вудзiльна. Шыковiч убачыў, што вакол паплаўка ходзяць акунькi, i залюбаваўся iх гульнёй.