Сэрца на далонi, частка 1
Адзiнокая дача - гэта вялiкая i крыху нязграбная будынiна з рознымi па форме верандамi, з мансардай толькi ў адной палавiне - збудавана на мяжы лесу i лугу, пад дубамi. Шыковiч выхваляўся, што месца выбраў ён, забываючыся, што Яраш ведаў гэтую мясцiну яшчэ з партызанскiх часоў. Шыковiч стаў на пальчыкi, пацягнуўся, падняўшы рукi, глыбока ўдыхнуў паветра. Яму хацелася сказаць каторы раз: "Эх, якi маляўнiчы куток! Рыўера! Ухвалi мой густ ты, эскулап!" Але на гэты раз ён знайшоў iншую форму: - Здаецца, што тут нават паветра больш, чым дзе... Якое неба! А? - Больш кiслароду. - Для мяне - паветра, для цябе - кiсларод. Гэта ж табе не кiслародная палатка. Мне здорава спiцца тут, - Шыковiч весела засмяяўся. - У цябе вострае вока. Я такi праўда задрамаў над сваiм артыкулам. - А мы ўсю ранiцу хадзiлi на пальчыках. Кiрыла творыць, - iранiчна пасмiхнуўся Яраш. - Гэта ты хадзiў на пальчыках, хлус няшчасны? Свiстаў, як Салавей-разбойнiк. Ты пiсаў калi-небудзь публiцыстычныя артыкулы? - Не, дзякуй Богу. - То-та. Гэта пакута. Асаблiва на заказаную тэму. Скажы, у цябе было, калi ты хочаш зрабiць лепш, адчуваеш, што можаш зрабiць, а не выходзiць? Атрымлiваецца нейкая жвачка. Нудная жвачка. - Калi пiсаў дысертацыю, было. У рабоце - не. Жвачка ў нашай рабоце баранi божа! Шыковiч на нейкi момант сур"ёзна задумаўся. - Я разумею. Вiдаць, чым больш адказнасцi, тым работа цiкавей. - Хiба ты пiшаш без адказнасцi? - Чорт яго ведае. Часам мне здаецца, з малой адказнасцю. - I раптам крыкнуў: - Бачыш? - Што? - Вясёлка! Маленькая вясёлка каля дуба. Вiдаць, Наташа пырскае пад берагам. Iх не вiдаць, а вясёлка ззяе. Хораша! Цi не пайсцi i нам пакупацца? I сам сабе рашуча адказаў: - Не! Трэба дапiсаць гэты злашчасны артыкул. Жывiцкi спусцiць з мяне тры скуры, калi заўтра не здам. Аднак замест таго каб пайсцi працаваць, Шыковiч адышоў ад парэнчаў i павалiўся ў шэзлонг, з асалодай пацягнуўся, выставiўшы з-пад пiжамных штаноў валасатыя ногi. Заплюшчыў вочы i сказаў: - Трэба пiсаць. А то ж мае быць яшчэ выпiўка. Я запрасiў у госцi Гукана. Яраш зарагатаў. Сябра паглядзеў на яго з няўцямным здзiўленнем. - Я толькi што чуў, як Валя скардзiлася, што няма нiводнага дня, каб ты не запрасiў гасцей. - А-а. - Ты ставiш жонку ў цяжкае становiшча. Запрасiў - i маўчыш. - Маўчу. Бо, па-першае, люблю экспромты. А па-другое, маю правiла: лепш выслухаць жончыну мараль пазней, чым раней. Няхай думае, што чалавек заглянуў выпадкова, i ўсё абыдзецца цiха. - На д"ябла табе Гукан? - Навошта мне Гукан? - Шыковiч прыўзняўся на руках, з натугай выбраўся з глыбокага шэзлонга, чартыхнуўся, падышоў да Яраша, якi спакойна сядзеў на парэнчах i глядзеў на бор. - Даўно не гутарыў з iм душэўна. Год шэсць ужо. Цiкава, ведаеш... Як ён змянiўся? У якi бок? Адбылiся такiя падзеi! Пераварот у мазгах, у сэрцах. А як ён? Ён, брат, з цвердалобых. Цiкава, як ён ставiцца да сваёй кнiгi. Да нашай кнiгi, якую мы разам пiсалi. Ён - аўтар, я - лiтапрацоўшчык. Я, напрыклад, многага не пашкадаваў перакрэслiць з таго, што пiсаў тады. I гэтую кнiжачку мне хочацца ператрэсцi грунтоўна. Але трэба ведаць, як глядзiць ён, аўтар. Калi трымаецца тых жа поглядаў на падполле - да лiха! Я, апрацоўшчык, разграмлю яго. - Ого! - iранiчна выгукнуў Яраш, не адрываючы позiрку ад верхавiн сосен. А цi не будзе гэта смеласцю п"янага зайца, Кiрыла? Ад пiжамы Шыковiча адляцеў гузiк i пакацiўся па падлозе. Расхiнуўшы пiжаму, заклаўшы пад яе, за спiну, рукi, ваяўнiча выставiўшы пукаты жывот, Шыковiч змерваў магутную постаць сябра знiшчальным позiркам.