Сэрца на далонi, частка 1
- Даўно я з табой не выпiвала. Вып"ем хоць вады. Запрасiў бы на дачу. Кажуць, жывеш, як на небе. - У госцi запрашаюць сяброў сям"i. - А хiба я не сябра твой? Лепшага ў цябе няма. Непрыкметна яна апынулася зусiм блiзка ад яго. - Не прытварайся, Тамара, мы не маленькiя. Ты добра ведаеш, як цябе "любiць" Галiна. А мне спакой жонкi даражэй за ўсё. - Яна робiцца мяшчанкай, твая Галiна. - Дзiўна мяняўся колер яе вачэй у залежнасцi ад настрою, як у кошкi, у той мiг яны сыпанулi нейкiя шэрыя iскры. - Чорт яго ведае, цяжка сказаць, у чым яно праяўляецца ў наш час, мяшчанства. Яна падплыла так блiзка, што Яраш, здавалася, адчуў гарачыню яе паружавелага твару i ўбачыў, што вочы яе сталi маслянiстыя. Ён адступiў у кут памiж сталом i сцяной. Яна горача дыхала яму ў твар. - Чаму ты пазбягаеш мяне? Я люблю цябе. - Я гэта чуў, Тамара. Многа разоў. Пусцi. - Люблю i жадаю... Пацалуй мяне. Адзiн раз. Шкада табе? Жанчына трацiла ўсякую прыстойнасць. Нiколi яшчэ пры ўсёй сваёй нахабнасцi ёй не ўдавалася паставiць Яраша ў такое недарэчнае становiшча. Загнаны ў кут, прыцiснуты да сцяны, ён не ведаў, што рабiць, як вызвалiцца. Пiхнуць яе? Паслаць да д"ябла? I раптам... дзве дэталi кiнулiся ў вочы: занавескi, што закрывалi толькi нiжнюю палавiну акна, i тое, што яна, мабыць, забыўшыся, усё яшчэ трымае шклянку з вадой у руцэ. Яраш нечакана падхапiў яе пад пахi, рыўком падняў высока ўгору i... паставiў на пiсьмовы стол. Няхай хто-небудзь з персаналу ўбачыць праз акно свайго галоўнага лекара на стале са шклянкай, напоўненай невядомай вiшнёвай вадкасцю! Тамара Аляксандраўна ўсяго чакала ад гэтага чалавека - абразлiвых слоў, пагрозы, нават штуршка... Але такога ўчынку не чакала. Разгубiлася. На нейкi мiг белай статуяй застыла на стале. Яраш паспеў адысцi да дзвярэй i ўзяць капялюш. Нарэшце яна саскочыла на падлогу, гопнула, аж забрынчалi шыбы. Засмяялася: - А ты робiшся жартаўнiком. Прагрэс! Твар яе гарэў. Але ўсё адно яна пайшла следам за iм. У калiдоры ён пачуў ззаду стук яе абцасаў i ўзлаваўся. Разбэшчаная баба! Як можна такому чалавеку даручыць кiраваць бальнiцай? Ён не выйшаў адразу на двор, а знарок пайшоў у тэрапеўтычнае аддзяленне. У доўгiм паўцёмным калiдоры на ложках ляжалi хворыя. У той бальнiцы, дзе Яраш загадваў аддзяленнем, такой з"явы даўно ўжо не было: хворыя ў калiдорах не ляжалi, усё навокал ззяла чысцiнёй. Таму выгляд гэтай бальнiцы яго заўсёды раздражняў, аб непарадках тут пiсаў ён у сваёй запiсцы выканкому гарсавета. Але ў злосцi, у гневе ён быў такi ж нястрыманы, як Гаецкая ў страсцi. Не зважаючы на хворых, на персанал, ён загрымеў на ўвесь корпус: - Калi тут нарэшце будзе падобна на бальнiцу? Што гэта такое? Тамара Аляксандраўна дагнала яго, сцiснула локаць: - Антон! - Клiнiка! Памыйная яма, а не клiнiка! - не сцiхаў ён. Тады i яна загаварыла ўголас, хiтра адводзячы ўдар: - Нам не даюць столькi грошай, колькi вам, прафесар. Пахадайнiчайце за нас. Вы старшыня камiсii гарсавета. - На халадзiльнiк у цябе знайшлiся грошы! Але калiдор скончыўся, i яны выйшлi на двор. Пад яркiм сонцам, дзе навокал усё ззяла i зелянела, гнеў Яраша растаў. Ён глянуў на сваю спакуснiцу i ўбачыў, што яна, зажмурыўшыся ад сонца, усмiхаецца па-ранейшаму ласкава, закахана. "Чортава баба! З яе што з гуся вада. Чым жа цябе дапячы?" I раптам успомнiў... Сказаў спакойна, з усмешкай, быццам мiж iншым, мiрна iдучы побач з ёй па асфальтавай дарожцы: - У рэдакцыю прыйшло пiсьмо... Мне Шыковiч расказаў. Распiсваюць добрыя людзi, як ты выкарыстоўваеш санiтарную машыну. На Ўкраiну - па вiшнi, з ранiцы - на рынак, увечары - у лес. А лекары неадкладнай ходзяць пехатой. Я кажу яму: калi пра Гаецкую, то можна пiсаць без праверкi. Усё правiльна, ручаюся галавой. Цяпер я падкiну яму факт з халадзiльнiкам... Сенсацыйны фельетон будзе!