Сэрца на далонi, частка 1
Яраш засмяяўся: - У цябе авантурны характар, Кiрыла. Абедалi разам, за агульным сталом, як рабiлi часта, на верандзе ў Ярашаў, бо ў такi час дня там быў цень. Толькi Iра за стол не прыйшла. - Яна перакусiла, - адказала Валянцiна Андрэеўна на мужава запытанне. Кiрыла абурыўся. Яго злавала стаўленне дачкi да iх калектыву. Ён знарок будаваў дачу разам з Ярашам, каб лягчэй было змагацца "з сямейным эгаiзмам", а галоўнае - з iндывiдуалiзмам дзяцей. Праявы такога iндывiдуалiзму насцярожваюць, хоць выяўляецца ён у дачкi i сына супрацьлегла, па-рознаму. - Гэтая твая неарганiзаванасць кормiць iх эгаiзм, - папракнуў Шыковiч жонку. - Але, ты яго падаграваеш! Што iм да другiх, да парадку! Парадак - гэта для бацькоў. А для iх - анархiя. Захацела - паела, i бывайце здаровы. Нiякiх турбот. Мама нагатавала, мама i талеркi памые... Галiна Адамаўна не баялася дрэннага ўплыву дзяцей Шыковiчаў, старэйшых па ўзросту, на яе Вiктара i Наташу. Але не любiла, калi пры малых залiшне многа гаварылi пра эгаiзм i ўвогуле пра выхаванне. Ёй заўсёды не падабалiся па сутнасцi сваёй правiльныя, глыбакадумныя разважаннi Шыковiча ў прысутнасцi дзяцей. Яна лiчыла, што выхаванне - такi хiтры механiзм, якi павiнен быць заўсёды схаваны i разам з тым нi на мiг не спыняцца, не грымець, не ляскаць, не дымiць, не чадзiць, але працаваць безадказна. Яна сказала, як бы мiж iншым, раскладаючы вiдэльцы i нажы: - А ты паказвай прыклад. I быццам кальнула Кiрылу вiдэльцам у бок. Ён з грукатам ад"ехаў на крэсле ад стала, усхапiўся. - Не, ты слухай... Выходзiць, ва ўсiм вiнаваты я! У чым, хацеў бы я, каб мне растлумачылi. Што я - труцень, лежабок, спекулянт, злодзей? Чорт вазьмi! Я працую дзень i ноч. Сумленна, шчыра. Не крыўлю душою. Не краду. Што можа ўкрасцi пiсьменнiк? Рэдка нават падхалiмнiчаю. - Але - бывае? - з iронiяй спытаў Яраш, адкаркоўваючы бутэльку вiна. - Часцей перад жонкай. - А як жа... Нешта я не адчуваю, - адгукнулася Валянцiна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з пакоя, дзе працiрала кiлiшкi. - Не, без жартаў... "Паказвай прыклад". У чым, дарагая Галiна Адамаўна? Хто скажа, што я даю благiя прыклады? Што ўрэшце галоўнае ў фармаваннi чалавека? Праца. Я працую. I ты працуеш! - крыкнуў ён жонцы. - Дык чаму нашы дзецi не навучылiся працаваць? Чаму растуць эгаiстамi? Вось што мяне хвалюе... - Твае дзецi не горшыя за iншых, - сказала гэта Валянцiна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з"явiўшыся на парозе з кiлiшкамi i шклянкамi ў руках. - Не горшыя... Супакоiла. Вось так заўсёды сваёй неразумнай любоўю ты разбураеш тое, што я ствараю. - Няпраўда. Пры дзецях я нiколi не пярэчу. Але ты часцей гаворыш гэта мне, чым iм. - Словы нiчога не значаць, - зноў жа нiбы так сабе, мiж iншым, кiнула Галiна Адамаўна. Шыковiч узмахнуў рукамi, як ястраб крыламi. - Вось табе, калi ласка! А я, дурань, усё жыццё верыў у вялiкую сiлу слова. Жыў за слова, кармiў дзяцей... Наўрад цi чула Галiна Адамаўна, яна пайшла на кухню па стравы. Кiрылу даўно ўжо злаваў гэты яе спакой. Ён добра ведаў, што яна зусiм не такая спакойная, што яна ў дзесяць разоў больш нервовая, чым яго жонка. Неўраўнаважаная, раўнiвая... А вось у размове з iм, асаблiва калi размова пераходзiць у спрэчку, трымаецца заўсёды як каралева: з вышынi кiдае бясспрэчныя iсцiны. Яна пайшла - i Кiрылу расхацелася шумець i спрачацца. Цяпер толькi ён прыкмецiў, якi доўгi, нязграбны Вiктар. Кожны раз, калi пры iм дарослыя пачыналi гаварыць пра выхаванне дзяцей, ён саромеўся, чырванеў, губляўся, быццам размовы такiя абражалi хлопца. Наадварот, Наташа слухала iх, разявiўшы рот. I цяпер яна сядзела на ўсходцах ганка, глядзела ў кнiжку, а вухам лавiла кожнае слова дарослых. Ёй вельмi хацелася, каб выказаўся яе тата. Яна была ўлюбёна ў свайго бацьку. Але яго, здаецца, цiкавiў адзiн стол: як заўсёды, ён наводзiў на iм парадак i прыгажосць. Нi мама, нi цётка Валя не ўмеюць гэта рабiць лепш за яго.