Сэрца на далонi, частка 1
- Прывет, Кухараў. Ты ўсё-такi вырашыў патурбаваць Сямёна Парфёнавiча? Ах, моладзь, моладзь! - I правiльна зрабiў, што патурбаваў. Цiкавы праект, - сказаў Гукан. Гамбiцкi пiльна паглядзеў на старшыню: сур"ёзна ён кажа, шчыра цi з iронiяй, з падэсцю? - Цiкавы. Але не нашы ўплывы, Сямён Парфёнавiч. Не наш стыль, форма. Заходнiя. - А што, па-вашаму, на Захадзе ў архiтэктуры няма нiчога цiкавага? спытаў Кухараў. - Не. Чаму? Ёсць арыгiнальныя рашэннi. Вельмi своеасаблiвыя. Але ў нас не тыя задачы, дарагi мой калега, разумееце? - А па-мойму, галоўная задача, каб было прыгожа, менш каштавала i людзям было зручна жыць. А вы проста кансерватар! Шызы шар Гамбiцкага пачырванеў, загарэлiся маленькiя вушы, як два пялёсткi. Гукан засмяяўся. - О! А вы малады, ды раннi. Зубасты. Гэта добра, - i раптам на твар яго як бы ўпаў цень i замарозiў рысы. - Але паважайце нас, старых. Мы з Фелiксам Янавiчам узарвалi заводы ў сорак першым. Мы збудавалi горад нанова. Хiба кепска збудавалi? Гамбiцкi, сентыментальны чалавек, непрыкметна прамакнуў насоўкай вочы i надзеў акуляры. - Увогуле - нiчога. - Увогуле! Вы чулi? Увогуле! - плаксiва выкрыкнуў архiтэктар. - Добра збудавалi! - сурова i рашуча сказаў Гукан. - Добра, - з ледзь прыкметнай усмешкай згадзiўся Кухараў. - Я паважаю старэйшых. Яны вучаць мяне. Але, Фелiкс Янавiч... вы кажаце: другiя задачы. На Захадзе - Чэхаславакiя i ГДР з iх высокай будаўнiчай культурай. Хiба ў iх не тыя ж самыя задачы? - Вось гэта правiльна! - З Гуканавага твару, надзвычай багатага на пералiвы ценяў i святла, напалавiну сышоў цень - з верхняй часткi, з вачэй. У кабiнет увайшоў Кушнер, чалавек з маладжавым прыемным тварам, з пустым правым рукавом. Падаў усiм левую руку i без лiшнiх слоў пачаў разглядаць праект, пераходзячы ад аднаго лiста да другога. - Ну як, будаўнiк? - спытаў Гукан, назiраючы за намеснiкам з хiтрай усмешкай. - Лiха яго ведае! Для мяне гэта цёмны лес. Я пакуль на натуры не пабачу, не магу зразумець, дзе добра, а дзе дрэнна, - шчыра i проста прызнаўся Кушнер. Гамбiцкi хмыкнуў. Гукан пакiваў галавой. Яго даўно перастала ўжо здзiўляць шчырасць намеснiка, яго незвычайная самакрытычнасць. Пра сябе i пра другiх ён гаварыў толькi праўду, якой бы яна нi была. Чаго не разумеў, не ведаў, не саромеўся прызнацца нi начальству, нi падначаленым. За гэта яго i паважалi i не любiлi. - А мне гэтая планiроўка падабаецца. - Гукан пастукаў пальцамi па першым аркушы. - Разгледзь, Гамбiцкi, там са сваiмi... Сур"ёзна. Па дэталях... Памажыце таварышу... Кухараву. - Калi Гамбiцкаму не падабаецца, ён пахавае без доўгiх надмагiльных прамоў, - кiнуў Кушнер. - Iван Фёдаравiч! - пакрыўдзiўся архiтэктар. - А мы вынесем усе праекты на выканком, у тым лiку i гэты... Абмяркуем з удзелам грамадскасцi. Выселкi павiнны быць прыгажэйшым раёнам! - заключыў Гукан. У Кухарава пры гэтых словах блiснулi вочы, i ён горача падзякаваў старшынi гарсавета. Яму, магчыма, больш, чым каму другому, хацелася, каб Выселкi сталi прыгажэйшым раёнам. Калi, скруцiўшы чарцяжы, Кухараў выйшаў, Гукан кiўнуў услед: - Бачылi, якая моладзь расце. - Прабiўная, - адказаў Гамбiцкi. - Адукаваная, - уздыхнуў Кушнер. Гукан пайшоў за свой стол, сеў у крэсла, перагарнуў паперы, выбiраючы, якой заняцца ў першую чаргу. Спытаў: - Як выхадны правялi? - Ездзiў дзяцей праведаць у лагер. Сустрэў хлопцаў з завода. Ехалi назад заехалi ў чайную ў Вярбовiчах. I, канешне, выпiлi. Ды што пiлi! Пiва i нейкае пладовае вiно. Пойла. Хто ў нас толькi выпускае такую дрэнь? Бр-р, брыдота! Лепш ужо гарэлку пiць, - смешна зморшчыўся Кушнер; нават свае чалавечыя слабасцi ён нiколi не хаваў, расказваў пра iх проста i шчыра.