Сэрца на далонi, частка 1
Па радыё абвясцiлi, што да адыходу хуткага цягнiка "Кiеў - Ленiнград" засталася адна хвiлiна. Пасажыры паспешлiва пакiдалi залу рэстарана. На пероне жаночы голас прасiў: "Бора, пiшы! Кожны дзень пiшы!" Другi, мужчынскi: "Мама, пацалуй Аньку за мяне!" Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокiмi вокнамi. У адным акне дзявочы твар, прыгожы i сумны. Тарасу стала шкада яе: "Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. I ў iм многа радасцi. Каб я мог падараваць табе радасць..." Вагон цiха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позiркам. Ён усмiхнуўся ёй i развiтальна памахаў рукой. Яму таксама зрабiлася трошкi сумна. Плылi вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй... А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнiк i фантазёр - уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калi нарэшце Славiк адарваў яго ад акна, Тарас убачыў, што на стале стаiць графiнчык з каньяком, гуркi, бутэлька нарзану. - Пра што задумаўся, маэстра? - Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такiя дзецi?.. - Дурныя, хочаш сказаць? I маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып"ем i паразважаем на гэтую тэму. Славiк звыкла прыгожым рухам налiў у чаркi, падсунуў Тарасу гуркi. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць. - Будзь здароў, камбрыгадзiр! - i, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой i смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзiла вельмi натуральна. Тарас выпiў паўчаркi, разрэзаў гурок тупым нажом, пасыпаў солi па-дамашняму, грунтоўна. I, аднак, сам адчуваў сваю нязграбнасць у параўнаннi са Славiкам. Рукi, такiя хуткiя i ўмелыя на зборцы машын, тут як бы выйшлi з-пад улады. Гэта трохi выбiвала з каляiны. Глушыла дасцiпнасць у адказах на лёгкую балбатню Славiка. А той зноў налiў сабе да ўзроўню - колькi засталося ў Тараса, але не выпiў. Зацiснуў чарку ў далонi, нахiлiўся над сталом. Шчокi яго заружавелiся, вочы сталi маслянiстыя i больш шырокiя, а то ён усё прыжмурваў iх. Голас панiзiў да шэпту: - А ты лiчыш, мае бацькi разумныя? А я думаю, каб гэта было так, яны сумелi б выхаваць мяне iнакш. Думаеш, лёгка мне, што я боўтаюся цяпер?.. Тараса здзiвiла i насцярожыла такая нечаканая самакрытычнасць. Шчыра гэта цi зноў пазёрства? - Сын журналiста, пiсьменнiка. Паважанага ў горадзе чалавека. Хоць кiм паважанага? Чуў у чарзе? Ведаюць Яраша, i нiхто не ведае Шыковiча. Хто чытае сумныя фельетоны i нарысы! Але я рос пад бацькавай славай, як пад парасонам. Бохан прыходзiў у школу, выступаў - вучнi раўлi ад захаплення. А я задзiраў нос: нi ў каго няма такога таты!.. Усё мне было дазволена. Тут ужо мацi старалася што ёсць сiлы, каб я купаўся, як той сыр у масле. А потым раптам ажылi бацылы прынцыповасцi. У першую чаргу - у бохана. - Пасаромейся! - не вытрымаў Тарас. - Дзе ты выкапаў такое дзiкае слова? Славiк усмiхнуўся, пакруцiў галавой: - Маралiсты вы ўсе, - i выплеснуў у рот каньяк. - Ну, у таты, у папы. У радзiцеля. Як хочаш... дык вось... Другiя плявалi на прынцыповасць, на мараль i паўладкоўвалi свае чады ў iнстытут. А мой: "Пойдзеш на завод". Не хачу на завод. Хачу на тэлестудыю. Буду рыхтавацца ў кiнаiнстытут. Тут, безумоўна, мама на дапамогу: "Можа, у хлопчыка талент". I бацька адступае. Перад талентам. I лёгка ўладжвае хлопчыка на тэлестудыю. I вось ён асiстэнт аператара. Як гучыць! А-а? У непiсьменных дурнiц галава пачынае кружыцца, калi пачуюць такую прафесiю. А асiстэнт перастаўляе лямпы, чысцiць камеры... Пiльнуе бацькаву кватэру... I харчуецца ў сталоўцы. На большае не хапае... А бацька не дае. Усё тыя ж бацылы прынцыповасцi... А сябра камбрыгады Ганчароў называе гэта праявай вялiкага розуму.