Сэрца на далонi, частка 1
Так i здарылася. - Што ў вас там яшчэ? - буркнуў загадчык архiва, зачыняючы шуфляду на ключ. - Мiна Азаравiч, скажыце, калi ласка, якая ў вас сiстэма падбору дакументаў? Вось на гэтым некалькi нумароў. А цi не сказана дзе-небудзь у вопiсу, хто пiсаў гэты дакумент? Чаму ён трапiў у гэтую папку, а не ў якую-небудзь другую? Сыраквашка ўзяў папку, прачытаў напiсанае i лёгка свiснуў, ён адразу зразумеў, чаму Шыковiча зацiкавiла гэтая маленькая паперка. - Тут яна, брат, ляжала першапачаткова, тут мы яе i пакiнулi. А хто яе пiсаў - гэта трэба ўстанавiць. - Як? - Самы просты спосаб - па почырку. Шукай гэты ж почырк. Шыковiч спусцiўся ў сховiшча i перагартаў усе дакументы брыгады перапiсаныя ад рукi зводкi Саўiнфармбюро, загады, рапарты, радыёграмы, данясеннi сувязных, "баявыя лiсткi", пiсьмы, нават iнтымныя. Такога почырку больш не сустрэлася. Ён пакiнуў архiў расчараваны. А калi прыйшоў сёння ранiцай, Сыраквашка сустрэў яго ў скверыку. У старога быў таямнiча-задаволены выгляд. Але сказаў ён толькi ў сваiм кабiнеце: - А ў мяне для вас ёсць падаруначак, Кiрыла Васiльевiч. Я, здаецца, устанавiў, хто пiсаў той дакуменцiк. Пракоп Варава, першы камiсар атрада iмя Чапаева. Шыковiч зразумеў, што заразiў загадчыка архiва сваiмi пошукамi, што Сыраквашка стаў яго лепшым памочнiкам. Нялёгка было ў сотнi папак адшукаць другую паперку, напiсаную тым жа почыркам. Мабыць, да позняй ночы сядзеў чалавек у сховiшчы, слепячы пры электрасвятле стомленыя слабыя вочы. Але калi Шыковiч горача падзякаваў яму, Мiна Азаравiч збянтэжыўся, як дзяўчына. - Што вы, Кiрыла Васiльевiч! Мой абавязак. Агульная справа. Вам трэба дзякаваць, што ўзялiся за такую працу. "Дзiўнае пакаленне! - падумаў Шыковiч, любуючыся на старога камунiста. Якая адданасць справе! Я ўчора ўвечары купаўся, лавiў рыбу, а ён вось сядзеў, шукаў..." - i яму нават зрабiлася нiякавата. Вараву Шыковiч помнiў па кнiзе Гукана. Там яму адводзiлася некалькi старонак як аднаму з арганiзатараў партызанскага атрада iмя Чапаева, якi потым вырас у праслаўленую брыгаду. Гэта быў цiкавы чалавек. Дырэктар кандытарскай фабрыкi, ён яшчэ да акупацыi мясцовасцi пайшоў у лес, стварыў атрад. Камандаванне атрадам Варава пасля перадаў маёру-акружэнцу, а сам застаўся камiсарам. Дык вунь з кiм звязаны гэты таямнiчы Доктар! Чапаеўцы базiравалiся няблiзка, кiламетраў за семдзесят ад горада, у Клiмаўскiм лесе. У розныя бакi i па розных лiнiях iшлi сувязi падпольшчыкаў з партызанамi. Шыковiч з нецярплiвасцю чалавека, якi вось-вось дасягне мэты, пачаў праглядаць дакументы гэтай брыгады. Чытаў, захапляўся: якая крынiца сюжэтаў! Якiя характары вырысоўваюцца з гэтых скупых звестак аб людзях! Але дзiўна пра сувязi з людзьмi горада часта ўспамiналася, аднак нiводнага канкрэтнага дакумента няма, не называецца нiводнае сапраўднае iмя. Пра Доктара даследчык знайшоў яшчэ адзiн толькi ўспамiн. Цiкавы i арыгiнальны. У расшыфраванай запiсцы ўсё той жа сувязной Марусi. Яе рукой было напiсана: "Добры дзень, цётка Параска! Паведамляю, што яйкi твае 43 штукi, 4 кг парэчкi, 1 кг масла, 2 лiтры смятаны я прадала. Узяла 180 марак, на нашы грошы гэта 1800 рублёў. Купiла 7 кавалкаў мыла i 3 катушкi нiтак. Бульбу 12 кг аддала дзядзьку Карнею, ён паабяцаў пашыць табе сак. Кланяецца ён усiм нашым нiзка, а таксама цётка Наста. Яна хворая, у яе грыжа. Будуць рабiць аперацыю. Дзядзька прыедзе на тым тыднi, у сераду. Мяне з работы не адпускаюць да 24. Цалую. Твая пляменнiца Маруся".