Сэрца на далонi, частка 1
Адначасова Кiрыла прыгадаў сённяшнюю размову з сябрам, яго словы пра тое, што цi варта варушыць мёртвых i падзеi даўно мiнулых дзён. Нават Яраш, нястрымны i нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць! Што гэта - старасць? Дача, галубы, рыба... А можа, сапраўды, гэта не тое, самае галоўнае, што патрэбна цяпер народу? У Шыковiча нярэдка ўзнiкалi такiя сумненнi ў актуальнасцi сваiх творчых задум. Гэта цяжкiя сумненнi, яны часта выклiкалi дэпрэсiю, абыякавасць, застой. Кiрыла баяўся iх. Таму яму больш не хацелася нi "мацаць" Гукана, нi ўвогуле прадаўжаць размову пра гэта. Трэба пераключыцца на штось iншае! Яму пашанцавала: нырнуў паплавок, ён падсек i выкiнуў нiштаватага язя. Яго ўдача падагрэла рыбацкi азарт Гукана, бо язя той не ўзяў нiводнага. Сямён Парфёнавiч сеў блiжэй i пачаў расказваць пра звычаi рыб. Расказваў падрабязна, хоць вельмi манатонна. Кiрыла маўчаў. Глядзеў, як гойдаецца паплавок, слухаў журчанне вады, крыкi ластавак. Мацней пахла дажджом. Усё гэта супакоiла i зноў расслабiла мозг, цела. Рака закалыхвала... Раптам Гукан пачуў, як збоку ад яго штось цяжкае плюхнула ў ваду. Падумаў, абвалiўся бераг. Глянуў - няма Шыковiча. Мiма яго вуд плыў па рацэ саламяны капялюш. Сямён Парфёнавiч спалохана падскочыў. Але тут жа, пад абрывам, вынырнула галава... - За вудзiльна! Хапайся за вудзiльна! - закрычаў Гукан. Шыковiч схапiўся за вудзiльна i, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей - у мора. - Што здарылася? - Задрамаў, - адказаў Шыковiч, круцячы галавою, каб вылiць ваду з вушэй. - Задрамаў? - Гукан так зарагатаў, што ластаўкi спалохана кiнулiся за раку, далей ад такога грому. Шыковiчу нiколi не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы i ўсмешкi старшыня так рагатаў. Ён нiяк не мог супакоiцца, выцiраў слёзы, гладзiў худы жывот i зноў залiваўся. Яго рогат устрывожыў Яраша. Той кiнуў вуды i вылез з лазняку, каб паглядзець, што здарылася. Звычайна Гукан прыходзiў у выканком за паўгадзiны, а то i больш да пачатку работы. Гэта было зручна. Па-першае, дысцыплiнавала падначаленых, хоць, калi сакратарка паспрабавала прыходзiць раней за яго, ён забаранiў ёй рабiць гэта. Яна павiнна з"яўляцца без пяцi дзевяць, не раней i не пазней. Гукан любiў парадак i ўмеў яго падтрымлiваць. Па-другое, такiм чынам яму ўдавалася абмiнуць большасць кватэрных прасiцеляў, якiя падпiльноўвалi штодня. Нарэшце, у пустым, добра праветраным кабiнеце, у вокны якога лезлi галiны каштанаў, хораша думалася i была магчымасць найлепшым чынам спланаваць свой рабочы дзень. Гукан умеў гэта рабiць, не як другiя кiраўнiкi, i меў волю выконваць такiя аднадзённыя планы. У панядзелак Сямён Парфёнавiч заспаў. Гэта яго злавала i смяшыла, калi ён таропка iшоў па абмытых дажджом вулiцах. Такога з iм не здаралася ўжо год дваццаць - каб ён праспаў. Без будзiльнiка, без старонняй дапамогi ён мог дакладна ў назначаны час усхапiцца на ногi. А тут раптам праспаў да палавiны дзевятай. Вiнаваты ўчарашнi адпачынак. "А ўрэшце, гэта няблага, што арганiзм яшчэ здольны атрымлiваць такую зарадку i гэтак выключацца", - разважаў ён iдучы. Успамiнаў учарашнi дзень. Многа было прыемнага. Асаблiва рыбалка. Рэдка каму шанцуе так. I дождж, якi захапiў iх на лузе. А потым, як ён гатаваў разам з дзвюма далiкатнымi ўважлiвымi жанчынамi юшку, пакуль гаспадары ездзiлi ў вёску ў краму, i рагатаў, расказваючы iм, як звалiўся ў раку Кiрыла Шыковiч. Жанчыны таксама смяялiся, хоць Ярашава жонка сказала, што Кiрыла мог зрабiць гэта знарок - для смеху.