Сэрца на далонi, частка 1
Унiзе гэтай пажаўцелай пакамечанай паперкi рукой Варавы напiсаны спачатку лiчбы: "34, 14, 82, 08, 37, 21, 42-17, 9, 81, 93. Доктар перадаў: шаснаццаць чалавек вывезены за горад у сераду. Сустракайце ў лесе каля Карнееўкi, суправаджае Насця. Разведчыкаў расстралялi. Вечная слава вам, дарагiя мае хлопчыкi!" Шыковiч убачыў па лiтарах, як задрыжала рука мужнага, энергiчнага, вынаходлiвага чалавека - Варавы, калi ён пiсаў гэтыя апошнiя словы, што вынiклi не з кода, а вырвалiся з сэрца: "Вечная слава вам, дарагiя мае хлопчыкi!" Такой была барацьба, пра якую мы пачынаем забываць! Асцярожнасць, хiтрыя коды, ключы да якiх наўрад хто знойдзе цяпер... I ўсё адно правалы, смерцi. Вораг быў таксама хiтры i каварны. Але нiшто не магло зламаць такiх, як Варава, як Маруся. Загiнулi разведчыкi - на iх месца пайшлi Маруся i Насця! "Абавязкова напiшу пра iх", - вырашыў Шыковiч, седзячы ў задуме над гэтым дакументам. Але хто яны, гэтыя дзяўчаты? Жывыя цi загiнулi? I хто такi Доктар? Адно чапляецца за другое. Але няма нi пачатку, нi канца. Трэба шукаць! Аднак дакументы далi ў гэтым сэнсе нямнога. Яшчэ адна запiска Варавы: "Сяргей! Скажы Камарэнку, гэтаму чортаваму эскулапу, што, калi ён не аддасць Люцiкаву частку тых нямецкiх лякарстваў, якiя прыслаў "Хiрург", я яго расстраляю за невыкананне загаду. Жыла ён, iндывiдуалiст, сукiн сын!" Лякарствы, якiя прыслаў "Хiрург"... Не Доктар, а "Хiрург". Але словы "доктар" Варава двойчы напiсаў без двукосся, а "хiрург" узяў у двукоссе. А калi меркаваць па ўсiм iншым, камiсар атрада быў акуратны i даволi пiсьменны чалавек. Дык як гэта зразумець, чаму ён па-рознаму пiсаў падпольныя клiчкi? Вельмi можа быць, што маецца на ўвазе адзiн i той жа чалавек. Але Доктар гэта для яго, Варавы, для Марусi, для вузкага кола тых, хто ведаў асабiста i трымаў сувязь з падпольшчыкам. "Хiрург" - для ўсiх другiх, напрыклад для лекара атрада Камарэнкi. Лякарствы мог прыслаць, безумоўна, толькi лекар цi аптэкар. Ад доўгага чытання i напружаных думак у Шыковiча забалела галава. Не, даволi дакументаў! Гэта не яго стыхiя. Трэба шукаць жывых чапаеўцаў, яны скажуць больш. Ён выпiсаў з дакументаў дзесяткi прозвiшчаў. Дзе гэтыя людзi? Варава загiнуў у вераснi сорак другога... Красянкоў, камандзiр атрада, быў адклiканы ў Маскву. У папцы ёсць радыёграма Цэнтральнага партызанскага штаба. Дзе ён цяпер? Другiх чапаеўцаў ён, Шыковiч, не ведае. Як не ведае! А Гукан? Праўда, Сямён Парфёнавiч прыйшоў туды значна пазней, у пачатку сорак трэцяга, калi ўжо была сфармавана брыгада. Але камiсар мусiць ведаць пра тыя сувязi, якiя наладжвалiся атрадамi, што склалi брыгаду! Чаму ж Гукан нiчога не расказаў яму, калi яны працавалi разам, нi пра Доктара, нi пра "Хiрурга", нi пра Марусю? I нiчога не напiсаў у сваёй кнiзе. Малазначныя факты? Можа, толькi яму, Шыковiчу, чалавеку з фантазiяй, яны здаюцца цяпер незвычайнымi. А можа, тады, дзесяць год назад, не пра ўсё можна было пiсаць? Ва ўсякiм разе, як бы там нi было, а трэба пачынаць з Гукана. Пагутарыць шчыра, па-сяброўску. Выказаць свае сумненнi i здагадкi. Папрасiць парады. Урэшце, ён разумны чалавек i сам, напэўна, добра разумее, што ў кнiзе яго многа недакладнасцей, прабелаў i што любая добрасумленная праца цяпер, пасля XX з"езда партыi, больш аб"ектыўна асвятлiць той цi iншы бок усенароднай барацьбы з фашызмам. Будучы чалавекам нецярплiвым, Шыковiч адразу ж з архiва накiраваўся ў гарсавет. У прыёмнай Гукана, як заўсёды, было многа людзей. Гарадскiя работнiкi. Усе па неадкладных справах. Большасць Шыковiча ведалi, прывiталiся ветлiва, але кожны ў душы стаiў незадавальненне яго прыходам: пiсьменнiк, якi дапамог Гукану напiсаць кнiжку, работнiк рэдакцыi, ён меў маральнае права пайсцi без чаргi. Яны не пярэчылi супраць гэтага яго права, але нiкому не хацелася сядзець у прыёмнай. Шыковiч i меўся з ходу праскочыць у кабiнет, але новая сакратарка затрымала яго: