Сэрца на далонi, частка 1
- Чаму ржаце, як шатландскiя жарабцы? Чэрцi рыжыя! Шпiёнiць прыехалi? Куды атамную бомбу скiнуць? Дык мы на вас дзесяць скiнем! I ад вашага задрыпанага вострава не застанецца мокрага месца! Па-ангельску ангельцы не разумелi, па-расейску зразумелi. Усхапiлiся ўсе адразу. Не столькi ад абурэння, колькi ад нечаканасцi, ад боязi скандалу. Абурылiся наведвальнiкi. Усхадзiлася ўся прыслуга рэстарана. Ветлiва, пад ручкi, вывелi Славiка з гатэля i перадалi дружыннiкам. Тыя не былi такiмi ветлiвымi i, калi Славiк пачаў куралесiць, далi кухталёў. Прачнуўся хлопец у працвярэзнiку. Балела галава i ўсё цела. Прыгадаў, што натварыў, i адразу ўявiў мацi, як яна будзе перажываць. I хацелася яму... не, не памерцi, а збегчы на край свету. Але яго нiкуды не пусцiлi. Павялi ў народны суд. Вось тут Славiку хацелася памерцi. Суддзя - iх знаёмая, Зоя Цiмафееўна. Жылi ў адным доме. У госцi прыходзiла, у лес разам ездзiлi. Славiк глядзеў на яе з надзеяй, з маленнем: злiтуйся, усё жыццё буду дзякаваць. Але поўная, з шырокiм добрым тварам жанчына толькi на нейкi момант глыбока задумалася. А потым без лiшнiх роспытаў i натацый прачытала прыгавор: дзесяць сутак. Гукану далажыў пра выпадак з Шыковiчам-малодшым начальнiк мiлiцыi. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цiкавасцi. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькi нi валiцца на яго палыселую галаву, усiм трэба займацца. Спытаў фiласофскi разважлiва: - Скажы мне, Сiзоненка, хто вiнаваты, што растуць вось такiя?.. Падпалкоўнiк чвэрць стагоддзя праслужыў у мiлiцыi i навучыўся з незвычайнай пранiклiвасцю адгадваць, якi адказ патрэбны начальству ў той цi iншы момант. Толькi з Гуканам у яго гэта не выходзiла. Гукана немагчыма было раскусiць. Пры суровасцi на твары ён нечакана выяўляўся добрым i ласкавым, калi пачынаў нешта вырашаць. I наадварот, пры знешняй весялосцi i ветлiвасцi аказваўся дужа круты. Сiзоненка ўспомнiў, што сустрэў яго старшыня жартам. Але ад мiлiцэйскiх спраў твар яго ўсё больш i больш выцягваўся, некуды ў падброўе схавалiся зеленаватыя вочы. Спытаў ён, не ўзнiмаючы галавы ад папер. Таму Сiзоненка пачаў манеўраваць: - Усе патроху. - Хто? - Школа. Камсамол. Мы. - Хто "мы"? - Мiлiцыя, я маю на ўвазе. Не праводзiм прафiлактычных мер... Лiберальнiчаем. - А бацькi? - Гукан узняў галаву. Сiзоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусiм просты адказ. - Бацькi - гэта само сабой... У першую чаргу, безумоўна, бацькi. - Правiльна. У першую чаргу, - згадзiўся Гукан. I больш нi слова пра гэта. Былi другiя справы. Але калi начальнiк мiлiцыi пайшоў, Сямён Парфёнавiч падняўся з-за стала, на сярэдзiне кабiнета смачна пацягнуўся i бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамi. Ён нярэдка рабiў такую размiнку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой - тым хутчэй рухi. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькi гэты аднарукi "прынцыпал" на злосць яму, Гукану, шморгае лiсце. Цэлую галiну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварылiся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д"яблу лепш нiчога не казаць. Вось жа даў бог намеснiка. I за яго гарой Тарасаў. "Разумны ты чалавек, Сяргей Сяргеевiч, але не на тых людзей арыентуешся". Гукан падышоў да тэлефона i набраў нумар сакратара гаркома. - Адзiн? - Яны ўжо бачылiся сёння. - Калi я бываю адзiн. Асвета вось сядзiць. Думаем разам. Сядзiм i думаем. А работа стаiць, - як заўсёды, з гумарам адказаў Тарасаў. - Ты чуў, што натварыў сын Шыковiча? Чорт ведае што! Мiжнародны скандал.