Сэрца на далонi, частка 1
- Не трэба, Маша. Мы з вамi добрыя сябры. Мы застанемся сябрамi, праўда? Яна ўсмiхнулася з удзячнасцю, прыгнулася, каб вызвалiць плячо з-пад яго рукi, i пайшла да дзвярэй. Яраш сеў i запалiў другую папяросу. Хвiлiн праз колькi Маша з"явiлася ў дзвярах i звычайным голасам напомнiла: - У чатыры ў вас кансультацыя ў трэцяй бальнiцы. Яна была не толькi лепшай аперацыйнай сястрой, але i яго добраахвотным сакратаром - заўсёды ўсё помнiла. - Дзякуй, Маша. - Ён уздыхнуў i зноў чамусьцi паўтарыў: - Стамiўся я сёння. Яраш не любiў трэцяй бальнiцы з-за галоўнага лекара яе Тамары Гаецкай. Да вайны яны разам вучылiся ў медвучылiшчы. Разам паступалi ў iнстытут. I ўжо тады Тамара заляцалася да яго. Але вайна iх разлучыла. Тамара паспела эвакуiравацца, скончыла iнстытут, была на фронце. Вярнулася ў родны горад i адразу заняла кiруючую пасаду ў аддзеле аховы здароўя. Лекар яна была бяздарны, але арганiзатар неблагi, а галоўнае, мела вялiкую прабiўную сiлу да ўсiх дайсцi, усё дастаць, знайсцi... Яраша яна таксама адразу знайшла. I вельмi хацела прыгрэць, прысвоiць. Але ён быў непахiсны i цвёрды. Што яна нi рабiла, на якiя хiтрыкi нi iшла, ён толькi ў адным не вытрымаў - разы два прыняў яе матэрыяльную дапамогу. Яму было дужа цяжка, пакуль канчаў iнстытут, бо малы Тарас хоць i знаходзiўся ў цёткi Любы, але быў яго сынам, i ён лiчыў сваiм абавязкам штомесячна высылаць на ўтрыманне хлопца. Тамара гэта ведала i ўмела памагчы тактоўна i хiтра. А калi ён ажанiўся з Галiнай, Тамара проста ашалела. Можна сказаць, што яна паставiла сабе за жыццёвую мэту: спакусiць яго, зрабiць палюбоўнiкам. I вось ужо пятнаццаць год дамагаецца гэтай мэты, не грэбуючы нiчым. Сама даўно ўжо замужам, мае сына i ўсё адно нiяк не ўтаймуецца. Прыстае нахабна, цынiчна - на людзях, на нарадах, сходах. Заляцаецца ў прысутнасцi Галiны i свайго мужа. Гэтыя яе заляцаннi, званкi на дом, запрашэннi давялi Галiну да хваробы, бо рэўнасць яе набыла паталагiчны характар, стала псiхозам. Антону, гордаму волату, колькi разоў прыходзiлася ўнiжана пераконваць жонку, што ён нiколi нават не дакрануўся да гэтай жанчыны, акрамя звычайнага прывiтальнага поцiску рукi - як з усiмi людзьмi. Галiна люта, не па-чалавечаму ненавiдзела Гаецкую. Неяк, калi яны добра пасябравалi, Яраш паскардзiўся Шыковiчам, як адна дурнiца атручвае яму жыццё i сямейнае шчасце. Кiрыла сказаў тады не то жартам, не то сур"ёзна: - А ведаеш, я на тваiм месцы паказаў бы ёй сваю мужчынскую сiлу. I, запэўняю цябе, яна адразу б сцiхла. Зрабiла б гэта глыбокай тайнай. Беспамылковы псiхалагiчны ход. Яраша ўразiла, што Кiрыла мог сказаць так пры жонцы. Што было б, каб ён сказаў гэта пры Галiне! А Валя засмяялася, ляпнула мужа далоняй па лысiне i сказала: - Каб яна была ў цябе, гэтая сiла. Галiна ў сваю чаргу скардзiлася Валi, i разумная, аб"ектыўная настаўнiца больш паверыла ёй - такая ўжо жаночая псiхалогiя. ...Яраш не даехаў да бальнiцы. Ён рабiў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную i цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапiць у хiрургiчны. Так ён пазбягаў сустрэчы з Тамарай Аляксандраўнай, якая яўна падпiльноўвала яго са свайго кабiнета. Праўда, яна часта з"яўлялася ў аддзяленне, але там, пры хворых, мусiла паводзiць сябе стрымана i карэктна. Ярашу былi агiдныя ўласныя манеўры. Ён даўно адмовiўся б ад кансультацый у гэтай бальнiцы, але аддзяленнем тут загадваў здольны малады хiрург Майзiс. Яраш любiў гэтага хлопца i не мог адмовiць яму ў дапамозе. Увогуле, ён стараўся зрабiць усё, каб яго малодшыя калегi як мага менш рабiлi памылак.