Сэрца на далонi, частка 1
За тыя днi я стаў другiм чалавекам. За тыя два тыднi. З дня арышту Паўла прайшло роўна два тыднi. Калi чакаеш нечага незвычайнага, жывеш у напружанасцi, запамiнаецца кожны дзень. Гэта адбылося васемнаццатага верасня. Я змянiўся з начнога дзяжурства на каланчы. Ноч i ранiца былi ясныя i халодныя. Па-асенняму. Помню, я моцна акалеў. Нiколi не быў прыхiльнiкам выпiўкi, але ў тую ранiцу мне хацелася хутчэй сагрэць душу i цела. Ведаючы, што ласкавая гаспадыня з-пад зямлi дабудзе для мяне чарку, а цёплая пасцеля само сабой чакае, я спяшаўся дадому. Але пры выхадзе з пажарнай мяне затрымалi гестапаўцы. Не, не арыштавалi. А ветлiва папрасiлi вярнуцца назад. Яны ўмелi быць ветлiвымi ў такiя моманты, гэтыя звяры. У людзей, якiя iшлi на работу, яны правяралi дакументы, але дазвалялi прайсцi. Чаму не выпускалi нас? Мы населi на Хiндэля (ён, як заўсёды, з"явiўся на службу раней за ўсiх), няхай пойдзе высветлiць. Стары немец вярнуўся спалоханы, усхваляваны i на наша запытанне адказаў крыкам i лаянкай: "Той, хто хоча ўсё ведаць, нядоўга жыве ў наш час..." Невядома, ад чаго ён нас перасцерагаў. Чаму не сказаў праўду? Гестапа не рабiла сакрэту. Наадварот, як мы зразумелi пасля, яны хацелi, каб сабралася больш людзей. Вiдаць, не спадзявалiся на добраахвотны збор. Ты помнiш, да вайны пажарная была на плошчы. Не толькi з каланчы, але i з вокнаў другога паверха, дзе змяшчалася дзяжурка, плошча была як на далонi. I мы ўбачылi... Я першы ўбачыў... Прыйшлi грузавiкi, доўгiя, як лесавозы. I салдаты-сапёры пачалi згружаць... Я не адразу зразумеў, што гэта. Нехта iншы з пажарнiкаў глянуў у акно i ахнуў: "Шыбенiцы!" Але, гэта былi шыбенiцы. З нямецкай акуратнасцю зробленыя недзе ў майстэрнi, трывалыя, нават пафарбаваныя ў нейкi брудна-шэры колер. Масавая вытворчасць! Салдаты хутка i ўмела ламалi брук i закапвалi iх у зямлю. У адзiн рад - ад увахода ў парк да царквы. На адной адлегласцi. Рабiлi яны хутка i спрытна, можна было падумаць, што гэта iх штодзённая работа. Я зразумеў... здагадка гэтая абпалiла мозг. Павесяць падпольшчыкаў... Маiх таварышаў, кiраўнiкоў... Магчыма, Паўла. Што я мог зрабiць, каб ратаваць iх? Яраш змоўк. Астывала вогнiшча. Шыковiч часта i шумна дыхаў. Праз тоўстыя камлi дубоў пачаў прасвечвацца белы луг. Сонна адгукалiся першыя птушкi. Дзесьцi далёка-далёка за ракой спявалi пеўнi. - Я не ўмею i не люблю расказваць пра гэта. У мяне няма слоў. Яны здаюцца мне абразлiвымi, звычайныя словы. Я не маю права расказваць спакойна. Але, бачыш, расказваю. Прайшлi гады... Я добра ведаю фiзiялогiю, вучэнне Паўлава... Але калi адзiн хворы неяк пачаў даказваць мне, што мозг можа згарэць ад думак, я паверыў яму. Бо помню, як стаяў тыя дзве гадзiны, учапiўшыся рукамi ў падаконнiк. Каб прысутнiчаў Лотке, я, безумоўна, выдаў бы сябе. Як толькi не згарэў мой мозг ад тысячы планаў выратавання асуджаных! Яны мянялiся з маланкавай хуткасцю. Першыя здавалiся рэальнымi. Я памiраў, але выратоўваў таварышаў. Але па меры таго як разгортвалiся падзеi на плошчы, я бачыў, пераконваўся: памру - i нiчога не зраблю. О, яны ўмелi застрахаваць сябе ад любых нечаканасцей у часе пакарання нашых людзей! Машына iх дзейнiчала безадказна. Шыбенiц паставiлi чатырнаццаць. Калi сапёры скончылi сваю працу, у кузаў машыны забраўся тоўсты фашыст у форме жандармерыi. Грузавiк цiха i плаўна падыходзiў да шыбенiцы, вельмi дакладна спыняўся, i кат замацоўваў вяроўку. Петлi былi загадзя завязаны з двух бакоў. Ён хутка накiдваў малую пятлю на перакладзiну i, каб зацiснуць i... праверыць трываласць, хапаўся за вялiкую пятлю рукамi i павiсаў над кузавам. Усе рухi ката былi разлiчаныя, дакладныя, нiводнага лiшняга, як на канвеернай лiнii. I гэта было жудасна.