Сэрца на далонi, частка 1
Галiна Адамаўна, якая адчула гэтую змену ў настроi сяброўкi, з дакорам сказала Тарасу: - Нядобра так... Трэба разумець, што мацi чуць такое балюча. Ты мог бы i памаўчаць. - Ды нельга маўчаць, Галiна Адамаўна! - запярэчыў Тарас. - Каб вы ведалi, як ён паводзiў сябе i якую лухту гарадзiў. Ва ўсiм расчараваўся, усё яму абрыдла, усё не падабаецца. А мы будзем глядзець i маўчаць? У нас часта так робяць. Ад бацькоў хаваць, ад грамадскасцi... Пакуль чалавек не апынецца ў балоце. Тады будзем ахаць. Не. Я знарок. Яшчэ Кiрылу Васiльевiчу скажу. Няхай ён пацiкавiцца, чым там камсамол займаецца на студыi. - А сам пiў з iм, - усё яшчэ хмурылася Наташа. - Не сунь носа ў мужчынскiя справы! - асек яе Вiця. - Фу, мужчыны! - зняважлiва фыркнула дзяўчынка i паскакала на адной назе да ручая. - Пiў я дарэмна, - разважлiва згадзiўся Тарас, звяртаючыся да Галiны Адамаўны. - Але каб вы бачылi, як ён умее заказваць. Сцiва Аблонскi! Калi ён схлусiў, што ў яго нi капейкi грошай, баюся, што налiжацца. I, чаго добрага, накуралесiць. Выпiўшы з Тарасам дзве трэцi ад заказаных трохсот грамаў, Славiк хадзiў i шукаў, за чый кошт пажывiцца яшчэ. I знайшоў у парку. Адзiн графаман страшэнна хацеў надрукавацца ў газеце. Ведаючы, што лёс яго вершаў залежыць ад кансультацыi Шыковiча, ён настойлiва шукаў сцежку да яго "чэрствага сэрца". Падвярнуўся сын Шыковiча. Што ж, можна паспрабаваць зрабiць i такi ход, тым больш што хлапчына працуе на тэлестудыi: там таксама можа спатрэбiцца пратэкцыя. Працу сваю малады Шыковiч любiў. Але пасля таго як высмеяў сваё асiстэнцтва перад Тарасам, пасада сапраўды здалася яму мiзэрнай i смешнай. Падвыпiўшы, ён вырашыў на работу не iсцi. Адбудзецца перадача i без яго. Пасля шчодрага пачастунку графамана ў Славiка пачало дваiцца ў вачах. Насупраць сядзелi два "вялiкiя паэты". Падавалi дзве "каралевы" з каронамi на галаве. А мiма адкрытай пляцоўкi летняга рэстарана хадзiла то двое, то цэлы атрад дружыннiкаў. Славiк баяўся дружыннiкаў больш, чым мiлiцыi. Прыйшло ў галаву, што яны пiльнуюць яго. Таму ў хвiлiну прасвятлення ён уцёк ад "вялiкага паэта", якi ўвесь вечар чытаў вершы. Нырнуў у кусты, выйшаў цераз глухiя вароты з парку i з найлепшым намерам - пiльнаваць кватэру, каб не залезлi зладзеi, - iшоў дадому. Але, на няшчасце, кватэра яго была побач з гатэлем. У гэты абласны горад не так часта заязджаюць замежныя турысты. Але ў той летнi вечар спынiлiся праездам з поўдня ў Ленiнград ангельскiя студэнты. На дзвюх вялiкiх старамодных машынах. Машыны сабралi цэлы натоўп зявак. Славiк, безумоўна, адразу далучыўся да iх. П"янаму, калi ён даведаўся, што гэта ангельскiя студэнты, страшэнна захацелася абмеркаваць з iмi некаторыя мiжнародныя праблемы. Пайшоў шукаць гасцей. Яны вячэралi ў рэстаране. Славiка не пусцiлi туды. Гэта яшчэ больш распалiла, раззлавала яго, умацавала рашучасць дабрацца да турыстаў любым чынам. Ён пралез у рэстаран праз кухню, ведаў усе хады i выхады - жыў побач, часам, па даручэнню мацi, купляў абеды на дом. Ён шумна прывiтаў ангельцаў. Тыя ўзрадавалiся выпадку пазнаёмiцца з савецкiм юнаком i запрасiлi яго к сталу. Але ангельскую мову Славiк вучыў абы выцягнуць на тройку. Ды i тое, што вывучыў, за год забыўся. Вымаўленне ў яго было жахлiвае. Запас слоў бедны. Ды яшчэ да таго ж ап"яненне. Хацеў сказаць адно, а выходзiла зусiм другое, супрацьлеглае. Пры ўсёй сваёй стрыманасцi i паважнасцi ангельцы не вытрымалi. Моладзь ёсць моладзь. Спачатку - ветлiвы смех, потым - выбухi рогату. Гэты рогат абразiў Славiка. Ён хоча пагутарыць зусiм сур"ёзна, даведацца, напрыклад, што яны думаюць пра вайну i мiр, а яны - вось як, рагочуць... Чакайце ж! I Славiк перайшоў на родную мову: