Сэрца на далонi, частка 1
З акна паддашка высунулася лабастая галава з лысiнамi-затокамi, што глыбока ўрэзалiся ў доўгiя, крыху кучаравыя i моцна ўскудлачаныя белыя валасы. - Што ў вас за гармiдар такi? -хмура спытаў Шыковiч, блiснуўшы залатым зубам. - Не даяце чалавеку папрацаваць спакойна. - Ты, Кiрыла, як Наташка, - засмяялася Валянцiна Андрэеўна. -Усю ранiцу я хадзiла на пальчыках. Не можам жа мы хадзiць так цэлы дзень. - Сёння нядзеля, Кiрыла Васiльевiч. Трэба адпачываць, - сказала Галiна Адамаўна. Яраш хiтра сажмурыўся: - Нешта ў цябе вочы заспаныя. Няўжо ад працы? Галава Шыковiча схавалася. Яраш i жанчыны засмяялiся. Але праз момант Шыковiч з"явiўся на балконе ў зялёна-карычневай паласатай пiжаме. Пужнуў галубоў: - Кыш, чэрцi! Ужо напэцкалi, - i да Яраша: - Я табе дам - "вочы заспаныя". Эскулап ты беспардонны! Гэта ж не твая работа! Выразаў сляпую кiшку, i больш нiякага клопату, iдзi ганяй галубоў. - Няшчаснае чалавецтва! Як яно збяднее, калi не пачытае твайго артыкула. Цi, можа, свет перавернецца дагары нагамi? - Цяпер яны доўга будуць шпiляць адзiн аднаго. Хадзем купацца, Галя. - Наташка, купацца хочаш? Дзяўчынка выглянула з акна, крыкнула: - Чаго хачу - таго хачу! Тут жаданнi нашы, мамачка, заўсёды супадаюць. Яна выскачыла праз тое ж адчыненае акно з ручнiком i кнiгай у руках. У кустах бухнуў стрэл. Коршак спакойна праплыў над сядзiбай. Усе правялi яго вачамi. Яраш пашкадаваў: - Прамазаў Вiктар. - Насыпце яму солi на хвост, - хмыкнуў Шыковiч з вышынi. - Я цябе, малавера пузатага, зараз скiну з тваёй галубятнi! Адыходзячы, жанчыны пачулi, як пад цяжкiмi крокамi Яраша застагналi новыя ўсходцы, што вялi на гарышча, дзе Шыковiч абсталяваў сабе кабiнет. Потым, азiрнуўшыся, яны ўбачылi, што кароткi Шыковiч дрыгае ў паветры нагамi, падняты дужым Ярашам. - Пусцi, чорт! Косцi паломiш. Во лапы! Клешчы! Табе не хiрургам трэба быць, а кавалём. Першы раз у жыццi бачу такога лекара... Адчапiся! Задыхаўшыся, Шыковiч выслiзнуў з Ярашавых рук i адкацiўся на другi бок балкона. - Валя прасiла штодзень размiнаць цябе. Глядзi, у цябе адразу знiк заспаны выгляд. - Валя выдумае! А сама лянуецца зарадку рабiць. Я хоць шторанiцы паўгадзiны... нагамi дрыгаю... - Вось iменна, дрыгаеш. Мала карысцi ад тваёй зарадкi. Яраш наблiзiўся i стаў поплеч, ён быў вышэйшы на цэлую галаву. У горадзе, калi яны гулялi разам, на iх з усмешкамi азiралiся, а сябры жартавалi з iх i расказвалi анекдоты. Але гэта не шкодзiла iх дружбе. Хвiлiну яны моўчкi глядзелi на луг, дзе памiж кустоў мiльгалi стракатыя халаты iх жонак i Наташы. Жанчыны iшлi да дубоў, за якiмi iскрылася тысячамi сонцаў даўгаватае люстра вады. Гэта старыца ракi. Самой ракi не вiдаць, у незапомныя часы яна адступiла ад лесу на добры кiламетр. Вiдзён толькi чырвоны слуп лiхтара на беразе. Луг не роўны i не гладкi, ён перарэзаны старыцамi-раўчакамi, канавамi, берагi якiх зараслi лазняком, на ўзгорках стаяць дубы, у зарэчнай далечы сiнее лес, злева з-за хмызнякоў выглядаюць стрэхi хат. Але ўсё адно нiдзе, нават у самым шырокiм полi, няма такога адчування прасторы i неабсяжнасцi, як тут, асаблiва калi глядзець вось з такой вышынi. Дзiўна, што неба тут таксама здаецца вышэй, чым дзе ў iншым месцы. I бачыш усё адразу: зялёную зямлю i блакiтнае неба. I ваду. Няхай мала яе, але яна адлюстроўвае ўсё - неба i дубы. А павярнiся назад i ўбачыш яшчэ адно дзiва прыроды - лес. Цудоўны бор - сасна ў сасну - абступаў невялiкую абжытую паляну. Злева, блiжэй да ручая, што аддзяляў лес ад лугу, сосны саступалi месца дубам-асiлкам, якiх нямнога засталося ў нашых лясах. Каля самага бору тулiлiся старыя будынкi ляснiцтва кантора, хаты ляснiчага, леснiка, канюшня.