Сэрца на далонi, частка 1

Тарасаву за дзве гадзiны працы ўжо трэцi чалавек расказваў пра гэты выпадак. Скажы, калi ласка, якая падзея дня! I вось тут, у званку Гукана, ён адчуў некаторае нездаровае смакаванне факта. Зразумеў, каб гэта быў любы малады шалапут, наўрад цi надавалi б гэтаму столькi ўвагi. Але сын Шыковiча... Таму сакратар адказаў зноў-такi з гумарам: - Мiжнародны, кажаш? Няўжо можа быць разрыў дыпламатычных адносiн? Гукан асекся. Непрыязна падумаў: "На жартачкi збiвае. Выгарадзiць хоча". - Ты не жартуй. Факт непрыемны. - А я што кажу, радасны? - Пагражаць атамнай бомбай гасцям! Што яны падумаюць пра нас? - Калi ворагi, дык яны даўно ўжо думаюць... А калi сябры, то адзiн дурань... - Не. Па закону аб забароне прапаганды вайны трэба сукiнага сына судзiць... - Вось як! - Тарасаў як бы здзiвiўся. - Думаю, нiкога яшчэ не судзiлi па гэтаму закону. Не будзем i мы шукаць у сябе падпальшчыкаў вайны. Згодзен? Гукан сам зразумеў, што сказаў глупства. Але гэтая манера сакратара, гэты яго няўлоўны гумар - "Згодзен?" - не першы раз ужо выводзiлi Сямёна Парфёнавiча з сябе. На дзесяць год малодшы, а размаўляе з iм, старым чалавекам, вопытным работнiкам, як з малым. - Хопiць гэтаму "падпальшчыку" дзесяць сутак. Няхай падмяце дарожкi ў парку. А то яны засмечаны ў цябе. Брыдка хадзiць. "У мяне. Усё ў мяне. А ў цябе што?" - зноў раздражнёна падумаў Гукан i выказаў сваю думку больш катэгарычна: - Няма адказнасцi ў бацькоў... - Вось гэта правiльна! - адгукнуўся ў слухаўку Тарасаў. - Бацькi ў нас выхаваннем займаюцца мала. - Шыковiч прэтэндуе на ролю выхавацеля мас, а ўласнага сына распусцiў. Мнагавата мае грошай. Машына. Дача... А вось гэта Тарасаву не падабалася. Безумоўна, бацька адказвае. Але калi з асобных фактаў пачыналi выводзiць тэорыю, што, маўляў, усе пачварныя з"явы толькi ў асяроддзi дзяцей забяспечаных бацькоў, што ва ўсiм вiнаваты дабрабыт, - гэта абурала Сяргея Сяргеевiча. Выходзiць, толькi ў беднасцi i жабрацтве можна правiльна выхоўваць. Глупства! - Шыковiч палучае ў рэдакцыi столькi ж, колькi ўсе. Па штатнаму распiсанню, - холадна адказаў сакратар. Гукан змаўчаў. Успомнiў, як аднойчы ў прыватнай гутарцы Тарасаў сказаў усё з той жа сваёй хiтрынкай: "Ты ж не адмаўляешся ад ганарару за сваю кнiгу, хоць пiсаў яе не ты?" Цяпер Сямён Парфёнавiч падумаў: "Ясна. Стаiць за Шыковiча. Як я не ведаў дагэтуль, што яны так спаяны". Паспрабаваў змякчыць, каб Тарасаў не падумаў, што ён хоча ўтапiць свайго сааўтара: - Хоць, безумоўна, за такiмi шалапутамi хiба ўсочыш. Добра, што мае ў вайну выраслi. У эвакуацыi. Уведалi i цану хлебу i цану капейкi. Тарасаў весела крыкнуў у слухаўку: - Нешта ты, Сямён Парфёнавiч, хiстаешся сёння. То валiш усё на бацькоў, то зусiм здымаеш з iх вiну. Не, бацькоў мы паслухаем. Я ўжо сказаў: сабраць па гораду ўсе падобныя факты паводзiн дзяцей камунiстаў. I ўсiх бацькоў на адно з чарговых бюро гаркома. У мяне - людзi. Вось i зразумей яго, гэтага Тарасава! А бацькi яшчэ нiчога не ведалi. Валянцiна Андрэеўна засталася на дачы, а Кiрыла з самай ранiцы забраўся ў партархiў. Пасля Ярашавага расказу жаданне заняцца падполлем, разабрацца ва ўсiм аб"ектыўна i напiсаць дакументальную кнiгу пабольшала. Быў ён часам ленаватым, часам рабiў з халадком, асаблiва ў журналiстыцы. Але ўжо калi загараўся тэмай, то працаваў як апантаны, па шаснаццаць гадзiн у дзень. "Працую, як Бальзак", - жартаўлiва хвалiўся ён у такiя моманты блiзкiм. Так ён працаваў апошнi тыдзень. З ранiцы - у архiве, у другой палавiне дня - у рэдакцыi, увечары - дома, прыводзiў у парадак тое, што ўдалося здабыць у архiве. А матэрыялаў там было - непачаты край. Найцiкавейшых дакументаў. За шаснаццаць год яны не ўсе нават сiстэматызаваны. Штат архiва невялiкi, а дакументаў - вагон. Начальнiк - стары камунiст Сыраквашка Мiна Азаравiч, у мiнулым дырэктар музея - больш цiкавiўся архiвамi грамадзянскай вайны, калi ён сам быў малады i партызанiў на Палессi. Пiсаў нейкiя ўспамiны. Айчынная вайна ад яго была далей. Па рашэнню абкома ён разам з экспанатамi музея эвакуiраваўся ў самым пачатку яе. Лёс занёс яго ажно ў Новасiбiрск, дзе яму даручылi ахову эвакуiраваных з Ленiнграда партыйных дакументаў.