Сэрца на далонi, частка 1
- Майзiс папрасiў мяне пракансультаваць хворую. Мiтральны стэноз. Сама хворая прасiла. Я прыйшоў у палату... I раптам хворая шэпча: "Вiктар". Маю падпольную клiчку. Уяўляеш? Не, ты падумай толькi. Васемнаццаць год я лiчыў чалавека мёртвым. I вось... Яна не ўсё расказала мне... Але я здагадваюся, што яна перажыла. Чатыры гады, як яна ў нашым горадзе... i пазбягала сустракацца. Дачка доктара Савiча. Гэтым сказана шмат што. Але чаму дачка павiнна адказваць за бацьку, калi нават той i сапраўды быў ворагам? Я перавёў яе ў нашу клiнiку. Гэта заняло час. Яна чула пра мае аперацыi i просiць аперыраваць яе. Буду аперыраваць! Здаецца, супрацьпаказанняў няма. Трэццяя стадыя па Бакулеву. Галiна з палёгкай уздыхнула. У яе была дзiўная рыса, выпрацаваная ўласнымi адчуваннямi лекара. Нiколi яна не раўнавала мужа да яго пацыентак. Многiя з тых, каго ён лячыў, аперыраваў, запрашалi яго пасля ў госцi, i яна смела адпускала яго аднаго. Пацыенткi ў яе вачах пераставалi быць жанчынамi небяспечнымi. А таму мужава паведамленне аб тым, што Савiч цяжкахворая i ён будзе яе аперыраваць, адразу супакоiла Галiну Адамаўну. Яна нават страцiла цiкавасць да падзеi, якая яўна ўсхвалявала Антона. Цяпер яна адчула сваю вiну перад iм, i ёй хацелася хутчэй загладзiць яе. Яна цiха паклiкала, перапынiўшы яго расказ: - Хадзi сюды, Антон. Ён змоўк, пастаяў звiлiну каля стала, як бы раздумваючы - iсцi цi не iсцi. Наблiзiўся нерашуча. Яна пацягнула яго за руку, пасадзiла на тахту, прыпала да рукi вуснамi. - Даруй мне, Антоша. Я дурная. Слабая i дурная жанчына. Яго заўсёды кранала, калi Галiна вось так прасiла прабачэння, ён губляўся, як юнак перад чужой жанчынай, i не ведаў, што адказваць. - Нiчога, нiчога. Добра. Я не злуюся. Чаго не бывае ў жыццi. Я ведаю тваю недарэчную рэўнасць. - Ты слаўны, разумны. Я люблю цябе. - I я люблю цябе. - Ён пацалаваў яе мокрую, салёную шчаку, вочы, вусны. Яна абвiла яго шыю гарачымi рукамi i ап"янiла знаёмай цеплынёй, пахам рэчкi, водарам лугу. - Чакай, я раздзенуся. Антон умiг скiнуў свой лёгкi касцюм i, кладучыся, пацалаваў жончыны каленi. У Галiны прыгожыя ногi, i ён любiў iх цалаваць... Пасля такой нервовай успышкi, прымiрэння i блiзасцi Галiна засынала адразу i спала моцна. Яраш у тую ноч не мог заснуць. Перад вачамi стаяла Зося. Якiя толькi думкi, уяўленнi не лезлi ў галаву. Урэшце ён не вытрымаў: цiха падняўся i, захапiўшы касцюм, выйшаў на двор. Ноч стаяла цiхая, бязросная i духмяная. Адспявалi ўжо салаўi. Не прачнулiся яшчэ раннiя птушкi. Было гадзiны дзве. Лес навокал здаваўся высачэзнай крапасной сцяной, якая абкружала гэты маленькi свет з адзiным домам, у верхнiм акне якога гарэла святло. З гэтай крэпасцi вялi ў прастор толькi адны вароты на луг: прасвет памiж дубамi i вольхамi, што раслi ўздоўж ручая. Але сёння i гэтыя вароты былi зачынены: над лугам неба цёмнае, яно злiлося з зямлёй, кустамi i дрэвамi. Адзiнокiя цьмяныя зоркi вiселi над лесам, як далёкiя сiгнальныя лiхтары вялiкага свету. За старыцай "драў дранку" дзяркач. Жалобна крыкнула нейкая птушка, можа, трапiла ў зубы драпежнiку. Недзе далёка закугакала сава. Ярашу яе крык здаўся плачам дзiцяцi, якое заблудзiлася ў начным лесе. Ён таксама адчуў адзiноту i смутак. Захацелася да святла, да людзей - у вялiкi свет. Прымiрэнне з жонкай раней заўсёды прыносiла радасць i заспакаенне. Ад сённяшняга прымiрэння застаўся на душы непрыемны асадак. Яна робiць трагедыю з таго, што ён затрымаўся на нейкiя дзве-тры гадзiны. Смешна!.. Калi жыве яшчэ ў памяцi вялiкая трагедыя вайны... Калi трагiчны лёс асобных людзей, што пачаўся тады, прадаўжаецца сёння... Праз два-тры тыднi ён ускрые грудную клетку, дабярэцца да сэрца жанчыны, спакутаванай i мужнай. Па-сапраўднаму мужнай. Хто ведае, чым скончыцца гэтая аперацыя...