Сэрца на далонi, частка 1
Яна спынiлася. Ён па iнерцыi зрабiў крокi два i павярнуўся. Яна застыла ў дзiўна нязграбнай позе, нахiлiўшыся набок, бо трапiла адной нагой у канаўку для сцёку вады. Твар яе, што хвiлiну назад палаў, пабялеў, ноздры непрыгожа раздулiся. Яраш адчуў, што ў iм загучала вясёлая лёгкая музыка. Нарэшце ён знайшоў, чым дапячы ёй. Яна адказала пагрозлiва, холадна - нiколi яшчэ не гаварыла з iм такiм тонам: - З"явiцца фельетон, я табе да смерцi не дарую. - I, не развiтаўшыся, павярнулася i пайшла назад. Ярашу раптам захацелася гарэзлiва, па-хлапечы свiснуць ёй услед. Майзiс, маленькi, кучаравы, у вялiкiх чорных акулярах, сустрэўшы яго на ганку аддзялення, сказаў: - У вас сёння, калега, добры настрой. - А хiба вы бачылi калi-небудзь мяне ў дрэнным настроi? - Не. Але часам чалавек бывае залiшне задумлiвы. Ён уважлiвы ў працы, але не бачыць хараства вакол сябе. Яраш засмяяўся: - Майзiс, ведаеце што? Прыязджайце да мяне на дачу. Я пакажу вам такое хараство, якого вы, гараджанiн, зроду не бачылi. Але, пракансультаваўшы колькi хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. З iм рэдка гэта здаралася. - Вiдаць, зноў будзе навальнiца. Хочацца спаць, - сказаў ён Майзiсу, пазяхнуўшы, калi яны пераходзiлi з палаты ў палату. - Апошнi? - У мяне апошнi. Ды вельмi прасiла хворая з тэрапii, каб вы паглядзелi яе. Асабiста вас просiць, Антон Кузьмiч. Па-мойму, цiкавы выпадак. Мiтральны стэноз. Згодна аперыравацца. Яраш паглядзеў на гадзiннiк, уздыхнуў: - Ах, Майзiс, Майзiс, карыстаецеся вы маёй слабасцю. - Што зробiш, Антон Кузьмiч. Такая наша прафесiя. - Але, брат, прафесiя наша цяжкая. Нiчога не скажаш. Прыгадаўшы аддзяленне, куды яму належала iсцi, i галоўнага лекара, Яраш зноў адчуў злосць. Беспарадак, бруд не толькi ў бальнiцах, але i ў другiх месцах, яго, звычайна спакойнага, прыводзiлi ў лютасць. Можа, праз гэта пра яго хадзiлi легенды. Расказвалi, напрыклад, што ён пабiў лекара сельскай бальнiцы, якую правяраў, аддаў пад суд хiрурга, якi аперыраваў п"яны, што ён у часе сваiх аперацый мацюкаецца на асiстэнтаў i сясцёр. Усё гэта, безумоўна, выдумкi. Лекара ён завёз у райком, хiрургу толькi пагразiў судом, а мацюкнуўся адзiны раз на асiстэнта, якi зрабiў памылку. Гэтыя выдумкi таксама злавалi Яраша; ён бадай пакутаваў, калi бачыў, што маладыя лекары баяцца яго i праяўляюць залiшнюю пачцiвасць, быццам ён сапраўды сiвагаловы прафесар, сусветнае свяцiла. Па дарозе ў тэрапеўтычнае аддзяленне ён сказаў Майзiсу: - У Гаецкай у кабiнеце халадзiльнiк. А шторы? Бачыце якiя? Побач з такiм аддзяленнем! Майзiс падняў галаву, i з яго акуляраў выскачылi асляпляльныя зайчыкi. Усмешка варухнула тоўстыя вусны. - У нас яе завуць "царыца Тамара". - Бо вы бяззубыя тут, як малюскi. Прапясочылi б гэтую "царыцу" на партыйным сходзе. - Для гэтага патрэбна прынцыповасць доктара Яраша. - Не падхалiмнiчайце, Майзiс. Маладзенькая лекарка, якая вяла хворую, сустрэла iх у калiдоры i адразу разгубiлася - пачырванела, пачала заiкацца, называла Яраша "прафесарам". Ён не ўзлаваўся на гэтае дзяўчо. Але, баючыся, што ўсё разам - яе пачцiвасць, выгляд аддзялення, успамiн пра Тамару - можа даць недзе гнеўную ўспышку, Яраш нахмурыўся, апусцiў галаву, выключыў увагу (ён умеў гэта рабiць), каб менш бачыць i чуць. Яны ўвайшлi ў палату, дзе стаяла штук сем ложкаў, памiж iмi было цесна праходзiць. Як нi хацеў Яраш, усё адно ўбачыў усё адразу: ложкi, сцены, пацямнелыя ад старасцi залатаныя навалачкi, прасцiны, ручнiкi, абшарпаныя тумбачкi i хворых - хто як глядзiць на яго: з цiкавасцю, абыякава цi хоча папрасiць: "Доктар, паглядзiце i мяне".