Сэрца на далонi, частка 1
"Я хачу ненавiдзець iх, як вы. Хачу i не магу. Грот добры чалавек. Культурны, ветлiвы". Яна меркавала аб фашыстах па адным нямецкiм лекары. "Для таго каб ненавiдзець iх так, трэба ўбачыць тое, што бачыў я!" - i горача пачаў расказваць ёй пра расстрэл ваеннапалонных у кар"ерах цагельнага завода, пра катаваннi нашых людзей у сутарэннях гестапа, пра жудасцi жыдоўскага гета, пра зверскае забойства дзевяцiгадовага хлопчыка, майго суседа, вiна якога заключалася ў тым, што, гуляючы на вулiцы, ён напiсаў на снезе слова "Гiтлер"... I пра барацьбу, якую вялi армiя, народ, партызаны. Пра падполле ў горадзе. Пра Паўла. Як крычаў ён да людзей апошнiя словы перад карай. Не, яна жыла не так ужо iзалявана. Многiя факты даходзiлi да яе. Але паводзiны бацькi, якога яна любiла i з маленства верыла кожнаму слову яго i ўчынку... А потым гэты Грот. Ён хiтра капаў на дзявочы розум. Быццам асуджаў жорсткасцi ўлад. Але тут жа апраўдваў iх тым, што нiбыта з нашага боку вайна вядзецца антыгуманна, у парушэнне ўсiх канвенцый. Факты фанатычнага забойства нямецкiх салдат i чыноўнiкаў вымушаюць улады да такой жорсткасцi. Вайна ёсць вайна. А вось каб наш народ скарыўся, яны, немцы, рабiлi б толькi адно: неслi б сваю высокую культуру. Ён многа i часта казаў ёй пра вялiкую культурную мiсiю нямецкай нацыi. Паслухаўшы Зосю, я зразумеў, што не такi ўжо ён бяскрыўдны, хiрург Грот. Шмат у чым ён страшнейшы за тых, што страляюць i вешаюць. Рознiца хiба ў тым, што ён проста разумнейшы за iх. Юная чыстая душа рвалася да змагання, а яе хiтра скоўвалi ланцугамi хлуслiвых слоў i перакананняў. Ператваралi ў чысценькую культурную кухарку. Хацелi, каб у будучым яна ведала толькi тры "К": кiрхен, кюхе, кiндэр. Яны даручылi ёй усю гаспадарку, каб у яе не заставалася часу на што другое. У доме мог быць дзяншчык, работнiца. Не, яна гаспадарыла адна. Грот i бацька памагалi ёй. Ну, Грота я разумеў. За год пабачыў усялякiх фашыстаў. Але Савiч... той Савiч, якi ўсё жыццё смела змагаўся з эпiдэмiямi... Навошта яму завязваць вочы ўласнай дачцэ? Добра, што яна вось такая выйшла з савецкага жыцця, са школы. Без бунту, без шуму, аднак iрвала ўсе iх путы. "Якая была б падпольшчыца!" - падумаў я, калi яна мiж iншым расказала пра трусоў i фармалiн. Мы з ёй гутарылi гадзiны дзве. Потым яна спахапiлася: "Ой, трэба ж абед гатаваць!" Савiч i Грот з"яўлялiся на абед роўна ў гадзiну дня. З нямецкай дакладнасцю. Пасля абеду мы гутарылi зноў. Шэптам, безумоўна. Яна нахiлялася да мяне, i я адчуваў яе гарачае дыханне. I мне было хораша... На трэцi дзень ранiцай мяне наведаў сам гаспадар. - Савiч? - зноў перапытаў здзiўлены Шыковiч. - Савiч. Ён з"явiўся нечакана. I не праз люк. Вiдаць, яму цяжка было падымацца па крутой лесвiцы. А адтуль, з пакояў Грота. Я пачуў чужыя крокi i схапiўся за пiсталет. Ён прадугледзеў гэта. Сказаў з-за вугла: "Не ўздумайце страляць. У мяне мiрны намер". Я схаваў пiсталет пад коўдру, але не выпускаў з рукi. Савiч наблiзiўся. Сiвы, ссутулены, стары. Зусiм сiвы. З белай-белай галавой. У часе акупацыi я стараўся не трапiць яму на вочы, каб ён не пазнаў свайго былога студэнта. Зрэдку бачыў здалёк. Як ён змянiўся! Куды дзеўся той стройны рухавы жыццярадасны мужчына, якога мы любiлi ў тэхнiкуме, нягледзячы на яго патрабавальнасць. "Навошта такому старому працаваць у немцаў, ды яшчэ ўзначальваць аддзел аховы здароўя? Чыё здароўе ён ахоўвае? Сваё ўласнае не мог захаваць", - саркастычна падумаў я.