Сэрца на далонi, частка 1
- Каб я цябе менш ведаў, я даў бы табе па мордзе за такiя словы! У розных ролях мне давялося быць, але ў ролi п"янага зайца я нiколi не быў! I не буду! Май на ўвазе! Цяпер, калi я ведаю ў дзесяць разоў больш, чым дзесяць год назад, калi пiсалася кнiга, мяне абурае тая ацэнка, якую дае падполлю Гукан. Ты глядзi, што выходзiць. Выходзiць, што да яго, Гуканавага, прыходу ў горад партыйнага падполля не было... Нiякай арганiзацыi... Ён не ўспамiнае нават людзей, якiя загiнулi. I якiя жывуць... Цябе... Твар у Яраша змянiўся: знiклi складкi iранiчнай усмешкi каля рота, спакой, задаволенасць, з"явiлiся спахмурнеласць i пакута, быццам чалавеку штосьцi забалела раптам. Ён цiха сказаў: - Мая роля ў падполлi другарадная. А што да iншых... Калi забылiся тады, то цi варта варушыць гэта цяпер? Праз семнаццаць год! Варушыць мёртвых? Калi Шыковiч, увогуле спакойны чалавек, абураўся, ён пачынаў махаць рукамi i крычаць. - Антон! Мне сорамна чуць гэта ад цябе! Такiя мёртвыя не памiраюць! Яны павiнны жыць, стаяць у адным страi з намi! I змагацца! Не было герояў безыменных!.. Гэта сказаў чалавек, якi сам аддаў жыццё. Ты забыўся? - Шыковiч iрвануўся ў адчыненыя дзверы i праз момант вярнуўся з кнiжкай у руках. Вось... "Цярплiва збiрайце сведчаннi аб тых, хто загiнуў за сябе i за вас..." Фучык! За сябе i за нас! А ты - "не трэба варушыць мёртвых". Камусьцi, мабыць, хочацца, каб мёртвыя маўчалi. Але ты... Навошта табе? - Я не люблю ўспамiнаць сваю падпольную дзейнасць, ты ведаеш. На маю долю выпадала самае цяжкае. Яраш адвярнуўся, упёрся рукамi ў парэнчы так, што пабялелi костачкi пальцаў, i глядзеў на луг. Пад дубамi, па беразе старыцы хадзiла жанчына ў купальным касцюме. "Валя цi Галя?" - падумаў ён, стараючыся пазнаць. I адчуў нейкi дзiўны прылiў вялiкай любвi i замiлаванасцi да жонкi, да дзяцей, да сям"i Шыковiча - да ўсiх добрых людзей i да гэтай цудоўнай прыроды, да зямлi i да неба. Да ўсяго на свеце. Чалавек ён быў сентыментальны, i ад гэтай замiлаванасцi вочы яго сталi вiльготныя. Каб схаваць сваю слабасць, не паварочваючыся, сказаў сурова: - А папрокаў такiх мне не кiдай! Я тых людзей не забываю. Шыковiч узяў яго за плячо i прымусiў павярнуцца. - Не забываеш? - спытаў мякка i раптам груба адштурхнуў ад сябе i зноў закрычаў: - А што ты зрабiў, каб подзвiг iх стаў вядомы?! Каб расказаць пра iх Вiктару, Iрыне, Наташы? Новаму пакаленню? - Не кожны ўмее расказваць. - Ты ўмееш! Але табе перашкаджае твая хiрургiя. - Ну-у, ведаеш... - У цябе гуманная прафесiя. Ты збаўляеш людзей ад пакут. I табе здаецца, што гэтым ты ўзводзiш помнiк сваiм сябрам. - Але. Няхай гэта банальна, па-газетнаму... Але ўрэшце нашы добрыя справы... Сапраўды, толькi яны могуць стаць помнiкам. - Добрыя справы часам рухаюцца нашым эгаiзмам i самалюбствам. Я хацеў хутчэй закончыць аповесць i адмахваўся нават ад таго, каб напiсаць фельетон у газету i памагчы людзям... А ў цябе адна дысертацыя, цяпер - другая... Аперацыi... Справы добрыя ўсе... I ты выдумаў сабе фiласофiю... За яе лёгка схавацца. Працуеш ты - дай бог кожнаму. Але падумай, як было б крыўдна i несправядлiва, каб, напрыклад, гiсторыя абароны Брэсцкай крэпасцi так i засталася пахаванай пад яе руiнамi... Шыковiч неяк дзiўна, бокам, адкацiўся да дзвярэй, стаў у iх вузкiм праёме, упёршыся локцямi ў вушакi. Ён гарэў жаданнем паспрачацца. I не дзеля таго, каб нешта даказаць свайму апаненту, а хутчэй, каб зарадзiць, распалiць самога сябе. Ён чакаў, што адкажа Яраш. Але Яраш адчуваў праўду ў яго словах, хоць з нечым i не згаджаўся. Ды гэтае "нешта" нялёгка было яму адразу выказаць, бо ўвогуле ён не любiў i не ўмеў спрачацца.