Сэрца на далонi, частка 1
Павел спытаў, чаму я не прыйшоў учора. Я расказаў пра "велiкадушнасць" Лотке. Павел усмiхнуўся, здалося мне, крыху зняважлiва. "Асцярожны ты хлопец. Доўга жыць будзеш..." Закрануты, я ўспыхнуў, пачаў апраўдвацца: "Ты сам вучыў нас... Не думай, што я спалохаўся". Ён ласкава абняў мяне за плечы. Мы стаялi ў зацянёным пакоi, акно якога выходзiла ў сад. Вялiкi куст бэзу, яшчэ зялёны i густы, засланяў гэтае акно. Помню, што дзень быў хмурны i ветраны. Наступала восень. Павел сказаў: "Дзiвак. Хто можа падумаць, што ты баязлiвец! Ты правiльна зрабiў. Тым, што не прыйшоў, ты насцярожыў нас. Мы своечасова разышлiся. Была аблава. У горадзе пачалiся арышты. Трэба быць, як нiколi, пiльным". Тады я расказаў пра краўца. Павел нахмурыўся. "А вось гэта горш, - сказаў ён. - Калi твая здагадка пацвердзiцца, прыйдзецца спусцiцца табе з пажарнай каланчы. Шкада. Зручнае месца. Хораша вiдна, дзе трэба палiць. Краўца праверым. Я сёння ж дам заданне хлопцам. Сам нiчога не рабi. Вадзi яго за нос. Табе ёсць iншае заданне. Ваенны савет вынес прысуд Лучынскаму, начальнiку гарадской палiцыi, здраднiку Радзiмы. - Ён адступiў у глыб пакоя, да ложка, i з гневам дадаў: - Пёс гэты вельмi актыўны. Залiшне здагадваецца пра тое, да чаго гестапа не дапяла б. Падумай, як гэта зрабiць найлепшым чынам". Пра дзейнасць Лучынскага я сам збiраў звесткi. П"яныя палiцаi расказвалi пра садызм свайго начальнiка. I я люта ненавiдзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруцiлiся магчымыя варыянты аперацыi, планы яе - як, дзе... Я глядзеў у акно i думаў. I раптам: "Антон". Прызнаюся, я ўздрыгнуў, бо даўно ўжо не чуў свайго сапраўднага iмя. Павел сядзеў на нiзкiм табурэцiку i, схiлiўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкi на падкладцы капелюша. "Масква, - сказаў ён, ласкава пагладзiўшы пабляклы велюр. - Аня купляла". I ўздыхнуў. Я падумаў, што мне здалося, што ён паклiкаў. Але праз момант, не ўзнiмаючы галавы, ён паўтарыў: "Антон! Калi здарыцца што са мной i Кацяй, не пакiнь Тарасiка. Прытулi". У мяне перахапiла дыханне i голас. Пакуль я сабраўся з думкамi, каб нешта адказаць, Павел падняўся i працягнуў руку: "Бывай. У мяне многа спраў сёння. Выпрацуеш план - звяжыся са мной. Падвернецца пад руку - дзейнiчай самастойна. Але без рызыкi. I напэўна!" Я так i не паспеў нiчога сказаць яму наконт сына. Мабыць, углыбiўшыся ва ўспамiны, Яраш змоўк. Кiрыла падняўся, сабраў галавешкi i кiнуў iх у жар. Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяцiў схiленую доктараву постаць. Шыковiчу закарцела здагадацца, чаму раптам Антону сярод ночы захацелася так падрабязна расказаць пра сваё падполле. Звычайна, калi яго прасiлi, ён расказваў неахвотна i скупа. Нават пасля таго, калi ён, Шыковiч, зацiкавiўся падполлем i пачаў збiраць матэрыял, сябра яго нi разу яшчэ не расшчодрыўся на такi вось расказ. Так зрэдку кiдаў некалькi мазкоў, эпiзодаў, дэталей, i то часцей дзецям - Вiцю, Iры, Славiку - з педагагiчнай мэтай: вось так iшло змаганне за жыццё, якое вы маеце. Шыковiч, як губка, упiтваў гэтыя эпiзоды, дэталi. Ён знарок не патрабаваў спецыяльнага расказу, каб не збiцца на бiяграфiю толькi аднаго чалавека. Чэрпаў матэрыял з iншых крынiц, а Яраша як бы трымаў у рэзерве. Ён пачаў збiраць матэрыял для аповесцi, але хутка пераканаўся, што пра падполле iх горада трэба сказаць нейкае новае слова ў нарысавым жанры. Таму ў апошнi час больш цiкавiўся дакументамi. Яму крыху не падабалася, што Яраш выбраў для расказу такi час i месца, калi нiчога нельга занатаваць. А на сваю памяць у сорак пяць год ён не вельмi ўжо спадзяваўся.