Сэрца на далонi, частка 1
Кадры мянялiся... Грузавiкi з сапёрамi адышлi. На нейкi момант плошча апусцела. А потым з вулiцы, якая называлася пры iх Паркавай, выехаў узвод матацыклiстаў. Яны разгарнулiся за шыбенiцамi i накiравалi кулямёты на парк, на царкву i на Савецкую вулiцу. Праз хвiлiну па Гандлёвай прайшлi два бронетранспарцёры. Яны сталi ў супрацьлеглых баках плошчы, i iх буйнакалiберныя кулямёты пагражалi руiнам цэнтра горада i нашай пажарнай. Кулямётчык глядзеў на мяне. Я бачыў яго вочы, маладыя, насцярожаныя, пiльныя. Прагрукатала па бруку зондэркаманда. Карнiкi ўтварылi першы ланцуг вакол шыбенiц. Воддаль, таксама ланцугом, стала палiцыя ўнутранага парадку - "бобiкi". Яны ж выконвалi другую ганебную мiсiю: зганялi народ. Праўда, першыя з"явiлiся добраахвотнiкi, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамi. Яны прыходзiлi па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзiн аднаму, цiснулiся блiжэй да палiцыi, але стаялi асобнымi кучкамi. Потым палiцаi прыгналi рабочых станкабудаўнiчага завода i друкарнi. Рабочыя адразу злiлiся ў адну групу. Сталi яны каля самай пажарнай сцяны, наблiзiўшыся да бронетранспарцёра. Палiцыя адцiснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднiм ходам блiжэй да шыбенiц, i кулямёт, якi глядзеў на мяне, быў скiраваны на рабочых. Жанчынам, якiх палiцаi прыгналi з другога боку, не дазволiлi злiцца з рабочымi. Iх паставiлi асобна. Сабралi чалавек пяцьсот. Здаецца, дурны i подлы Гвоздзiк крыкнуў у дзяжурцы: "Хлопцы! Лезем на каланчу! Камунiстаў будуць вешаць". "Але, на каланчу! Адтуль вiдней", - падумаў я, не ведаючы, якi чарговы план з"явiцца там, у вышынi. Усе мае планы рушылiся. Што можна зрабiць аднаму супраць матацыклiстаў, бронетранспарцёраў, сотнi гестапаўцаў? Але я ўсё яшчэ спадзяваўся, што з"явiцца нейкi асаблiвы план. Каб там, на каланчы, стаяў кулямёт, як на вышцы каля палiцэйскай управы! А то ў мяне не было нават пiсталета. Каля лесвiцы мяне затрымаў Хiндэль. "На каланчы гестапа", - цiха сказаў ён i, узяўшы за локаць, павёў у свой кабiнет. Мы сталi ўдвух, беларус i немец, каля адчыненага акна i моўчкi глядзелi на плошчу, на злавесныя шыбенiцы, на якiх вецер гойдаў вяроўкi, на гестапаўцаў i на натоўп. Што адчуваў Хiндэль у той час? I ўвогуле, што за чалавек ён быў? Прыехала "высокае начальства" - фельдкамендант Шмiт, начальнiк СД штурмбанфюрэр Бругер, афiцэры гестапа i СС. Следам за iмi лакеi - бургамiстр Цiшчанка, начальнiк палiцыi Лучынскi, iншыя здраднiкi. Я шмат каго з iх добра ведаў. У мае падпольныя абавязкi ўваходзiла вывучэнне ворагаў. I вось... Недзе ўнiзе на Савецкай непрыемна зараўла сiрэна. Два вялiкiя чорныя фургоны, за iмi грузавiк з эсэсаўцамi хутка выехалi на плошчу i, крута павярнуўшыся, спынiлiся каля першай шыбенiцы. Гестапаўцы саскочылi з машыны, адчынiлi дзверы фургонаў, па двое залезлi ўсяродак i пачалi выкiдваць асуджаных. Так выштурхоўвалi спакутаваных людзей, што колькi чалавек не ўтрымалiся на нагах i ўпалi на брук. Хiндэль прашаптаў па-нямецку: "Нельга бiць асуджаных. Сволачы!" Здалёк яны былi падобны адзiн на аднаго, нашы таварышы. Асаблiва мужчыны. З чорнымi ад катаванняў тварамi, ускудлачанымi валасамi, у падраных сарочках, са звязанымi за спiной рукамi, босыя... Але ўсё адно я адразу пазнаў Паўла. Ён выскачыў з фургона не першы. Але адразу прайшоў наперад i стаў побач з чалавекам з белай галавой. Гэтага чалавека я таксама пазнаў. Разы два сустракаў у Паўла. З тых, каго я ведаў, ён быў, бадай што, самы старэйшы, выглядаў за паўсотню год. Але, знаёмячыся, назваў сябе, як юнак, сур"ёзна, без усмешкi: "Саша". Так да яго звяртаўся i Павел. У часе сустрэч чалавек гэты больш маўчаў i слухаў, што казалi другiя. Але па тым, як ён слухаў, я адразу зразумеў, што гэта адзiн з кiраўнiкоў падполля. Калi пасля я запытаў у Паўла, хто такi Саша, той адказаў з хiтрай усмешкай: